Top.Mail.Ru

Як «Бягомльскае» стала месцам аграінавацый

Сёння цяжка ўявіць, што шэсць гадоў таму ААТ «Бягомльскае» было неплацежаздольнай сельгасарганізацыяй Віцебскай вобласці, якая падлягае фінансаваму аздараўленню. Пасля таго як у 2019 годзе прадпрыемства ўвайшло ў склад групы Банка развіцця, тут пачаўся рэнесанс. Сумесныя намаганні новага ўласніка і калектыву прадпрыемства ў гэты перыяд адраджэння былі арыентаваны не толькі на выхад з крызісу, але і на далейшае планамернае развіццё і дасягненне максімальна эфектыўных вынікаў, расказалі ў прэс-службе банка.


Варта адзначыць, такая работа дала свой плён: «Бягомльскае» неаднаразова заносілася на раённую Дошку гонару. Усё малако, якое выпускаецца тут, — сорту «экстра», а сярэднясутачны надой на адну карову перавышае паказчык Віцебскай вобласці і краіны. Дарэчы, прадпрыемства таксама можа пахваліцца замацаваннем кадраў і канкурэнтнай аплатай працы.

Наладзіўшы ўсе базавыя вытворчыя працэсы, «Бягомльскае» пры падтрымцы банкаўскага холдынга стала інтэнсіўна развівацца. Летась завяршылі будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу, а ў лютым гэтага года ўкаранілі айчынныя лічбавыя тэхналогіі па кармленні буйной рагатай жывёлы.

— Цяпер дзякуючы таму, што бягомльскім рагулям рацыён складае камп’ютар, прадпрыемства фіксуе значны эканамічны эфект: за кошт аўтаматызацыі ўліку фактычнага расходу кармоў і павышэння дакладнасці дазавання кармавых кампанентаў знізіліся выдаткі на кармленне. І самае галоўнае — дзякуючы гэтым інавацыям павялічыліся ўдоі больш чым на 1 літр на карову, — патлумачылі ў Банку развіцця. — Такая эканамічная выгада ад укаранення новых тэхналогій дазволіць акупіць праект усяго за тры месяцы.

Паспяхова асвоіўшы лічбавае кармленне, калектыў «Бягомльскага» пачаў работу над укараненнем ІT-рашэнняў па аўтаматызацыі кіравання статкам і яго ўзнаўленнем. Адпаведны праграмны прадукт дазволіць павысіць нараджальнасць цялят на 70 %, а рост надояў — на 20 %. Плануюць таксама лічбавізаваць пасяўныя і ўборачныя працэсы — метады дакладнага земляробства знаходзяцца ў цэнтры ўвагі сельгаспрадпрыемства. Тут з упэўненасцю кажуць, што зусім хутка не трактарам будуць угнойваць зямлю, а аградронамі.

Усе гэтыя стваральныя ініцыятывы дазваляюць ААТ «Бягомльскае» паспяхова дасягаць мультыплікатыўнага эфекту: калі валавы прадукт расце ў значна большым памеры, чым першапачатковыя інвестыцыі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю