Што трэба ведаць пры набыцці тавараў на інтэрнэт-пляцоўках, расказаў на прэс-канферэнцыі «Тэндэнцыі развіцця інтэрнэт-гандлю ў Беларусі. Абавязкі прадаўцоў і захаванне правоў пакупнікоў» у прэс-цэнтры БелТА намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Юрый Пыр’еў.
Асобна ён спыніўся на такім паняцці, як «пункт выдачы тавараў». «Многія спажыўцы, атрымліваючы тавар, лічаць, што яны ўзаемадзейнічаюць з прадаўцом. Але гэта не так. Уладальнікі пунктаў выдачы — не суб’ект гандлю, які рэалізуе тавар. Гэта элемент інфраструктуры — дастаўкі тавараў спажыўцам. Разам з тым для ўладальнікаў пунктаў выдачы вызначаны некаторыя абавязкі. Асноўныя патрабаванні замацаваны правіламі продажу тавараў пры ажыццяўленні дыстанцыйнага гандлю», — адзначыў Юрый Пыр’еў.
Актуальныя праблемы, якія фіксуе МАРГ у рабоце інтэрнэт-пляцовак, — прадастаўленне няпоўнай інфармацыі аб прадаўцу, тавары, недакладная візуальная інфармацыя аб тавары, адмова прадаўца ў задавальненні патрабаванняў спажыўца ў дачыненні да тавару з недахопамі, у далейшым гарантыйным рамонце, невыкананне тэрміну вяртання грашовых сродкаў, праверкі якасці, экспертызы, навязванне дадатковых тавараў і інш. Таксама часта пакупнікі сутыкаюцца з адсутнасцю зваротнай сувязі.
Як растлумачыў Юрый Пыр’еў, калі прадавец з Беларусі, то прэтэнзія накіроўваецца адразу яму. У выпадку, калі гандаль вядзецца з-за мяжы, то зваротная сувязь ідзе праз інтэрнэт-пляцоўку. «Уладальнікі абавязаны забяспечыць інфраструктуру для падачы зваротаў», — падкрэсліў Юрый Пыр’еў.
Дзяржаўная палітыка ў сферы абароны правоў спажыўцоў вызначана заканадаўствам. У тым ліку яна ўключае наяўнасць эфектыўных механізмаў рэгулявання спрэчак. Па абарону парушаных правоў спажывец можа звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы (адміністрацыя раёна горада, гаррайвыканкам), а таксама праз грамадскія аб’яднанні спажыўцоў, у судовым парадку.
«З павелічэннем як спажыўцоў на інтэрнэт-пляцоўках, так і інтэрнэт-магазінаў расце і колькасць зваротаў у гэтай сферы. Паводле аператыўнай інфармацыі МАРГ, у I квартале разгледжана 3376 зваротаў, у тым ліку 976 — па пытаннях работы інтэрнэт-магазінаў. Больш за ўсё — у Мінску», — адзначыў Юрый Пыр’еў.