У школу — з радасцю!
Перад пачаткам новага навучальнага года ў нашы дні модна разважаць аб дзіцячым стрэсе. «Мы таксама хадзілі ў школу і ніякіх стрэсаў не адчувалі!» — скажа чытач. І не будзе мець рацыю, пераконваюць псіхолагі.
Нават для дарослага чалавека пераход на новае месца работы — стрэс, прыводзяць прыклад яны. Што ж казаць пра дзіця, для якога кожны навучальны год — гэта новая прыступка лесвіцы, на якую трэба падняцца.
Эфектыўнае пераадоленне псіхалагічнага напружання — важны этап сталення. Але ключавое слова тут — «эфектыўнае». Таму і старшакласніку, і — асабліва — першакласніку напярэдадні 1 верасня і ў першыя вераснёўскія дні неабходна падтрымка бацькоў.
«Стрэс першакласніка»
Гэта словазлучэнне ўжо стала ў дзіцячых псіхолагаў тэрмінам. Да першага званка засталіся лічаныя дні: што можна паспець зрабіць бацькам? Пагаварыць з сынам ці дачкой, рэкамендуе сямейны псіхолаг Алена Шаўчэнка.
— Стварыце адчуванне важнасці новага жыццёвага этапу. Не абяцайце, што школа будзе святам, а вучоба — лёгкай: цяжкасці непазбежныя, але разам вы з імі справіцеся.
На што звярнуць увагу
- Сустракайце першакласніка, што вярнуўся са школы, з пазітывам, цікаўцеся яго справамі ў школе, слухайце пра сяброў і настаўнікаў: паказвайце, што яго пачуцці важныя.
- Хваліце за поспехі, але не навязвайце дапамогу пры кожнай цяжкасці. Пры гэтым дайце зразумець, што вы заўсёды гатовыя яго падтрымаць.
- Не сварыцеся з-за памылак: яны — частка працэсу навучання. Хай дзіця вучыцца на сваіх промахах без страху асуджэння.
- Неабходны баланс нагрузак: ператамленне зніжае імунітэт і перашкаджае вучобе. Сачыце, каб у дзіцяці было дастаткова адпачынку.
Ужо не дзіцячы садок (яшчэ некалькі рэкамендацый)
Школа — гэта новы ўзровень патрабаванняў і абавязацельстваў, падкрэсліваюць псіхолагі. Так, у першакласнікаў адзнакі адсутнічаюць, але прысутнічае шкала самаацэнкі і ацэнкі педагога.
У адаптацыі да школы ёсць падабенства з перыядам прывыкання да дзіцячага садка: тыя ж пытанні прыняцця правіл і рэжыму дня, тыя ж частыя вірусныя інфекцыі (перыяд 6-7 гадоў, як і этап 2-3 гадоў, — крызісныя моманты сталення, якія суправаджаюцца пэўным зніжэннем імунітэту). Што ж рабіць?
✓ Разам з малым знайсці адказ на пытанне: «Навошта вучыцца ў школе?» Паразважайце пра тое, што школа — свет новых інтарэсаў, заняткаў, сяброў, яна дае магчымасць увасобіць у жыццё многае з мараў. Дапамажыце дзецям зразумець, як важна шукаць і знайсці сябе, сваё і сваіх у любым новым занятку і калектыве.
✓ Пасля школы дазвольце першакласніку пагуляць і пагарэзіць хоць бы гадзіну. Расслабіцца дапамагаюць гурткі і спартыўныя секцыі. Але іншы раз маме або тату лепш знайсці час пагуляць з дзіцем.
✓ Напоўніце жыццё першакласніка эмацыйна-насычанымі падзеямі. Гэта могуць быць паходы ў музей, кіно, тэатр, дзіцячы забаўляльны цэнтр у выхадныя, сумесныя творчыя майстар-класы або паездка на прыроду. Новы жыццёвы этап важна напоўніць станоўчымі эмоцыямі.
✓ Пазнаёмцеся з педагогам, якому давяраеце развіццё свайго дзіцяці на наступныя 4 гады. Погляды, каштоўнасці, жыццёвыя арыенціры першага настаўніка шмат у чым вызначаюць стаўленне нашых дзяцей да сябе, іншых, вопыту зносін і навучання. Бацькі павінны давяраць педагогу. Гэты давер транслюецца дзіцяці як упэўненасць, што ўсё складзецца найлепшым чынам.
Калі можна казаць аб паўнавартаснай адаптацыі першакласніка?
За першыя 1-3 месяцы пасля пачатку вучобы дзіця павінна навучыцца адчуваць сябе камфортна ў школьным асяроддзі; праяўляць цікавасць да вучобы і зносін; выконваць рэжым дня; спраўляцца з хатнімі заданнямі без празмерных стрэсаў; сфармаваць пазітыўныя адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі, кажуць псіхолагі. Прыкметы паспяховай адаптацыі — калі дзіця прачынаецца з жаданнем ісці ў школу, не адчувае трывогі перад новым навучальным днём, праяўляе цікавасць да ўрокаў і ўдзельнічае ў класных мерапрыемствах. Першакласнік выконвае хатнія заданні з нязначнай дапамогай дарослых, самастойна збірае партфель, не скардзіцца на стомленасць і галаўныя болі.
Насцярожыцца варта, калі вы заўважаеце сум, агрэсію, пазбяганне размоў пра школу, дрэнны настрой ці праблемы са здароўем. У такіх выпадках важна звярнуцца па кансультацыю да школьнага псіхолага або настаўніка для высвятлення прычын і пошуку рашэнняў.
Цяжкасці сталення
Пераход з пачатковай школы ў сярэднюю таксама спалучаны са стрэсам. Ва ўзросце 10-11 гадоў у дзяцей адбываюцца фізіялагічныя і псіхалагічныя змены. Фарміруецца асоба, развіваецца крытычнае мысленне, з’яўляецца жаданне самастойнасці. Павялічваецца вучэбная нагрузка: уводзяцца новыя прадметы, а патрабаванні да самастойнай працы становяцца больш жорсткімі. Адбываюцца змены і ў сацыяльнай сферы: дзеці пачынаюць больш увагі надаваць сяброўству, могуць узнікаць канфлікты з аднакласнікамі або жаданне вылучыцца. Дзіця шукае адабрэння з боку дарослых і аднагодкаў. Часта ў пяцікласніка ўзнікае трывога, няўпэўненасць, страх не справіцца. Можа назірацца зніжэнне паспяховасці з-за недахопу матывацыі.
— Растлумачце дзіцяці: перамены — натуральны працэс росту, — раіць Алена Шаўчэнка. — І напярэдадні, і ў першыя навучальныя тыдні дазвольце сыну або дачцэ выказваць страхі і трывогі: калі дзіця іх «прагаворыць», гэта знізіць узровень трывожнасці.
➢ Важна дапамагчы арганізаваць навучальны працэс: распланаваць час для заняткаў, адпачынку, забаў.
➢ Развівайце навыкі самастойнасці. Але — асабліва ў першыя навучальныя тыдні — не перагружайце дзіця дадатковай адукацыяй (гурткамі і секцыямі).
➢ Асаблівая ўвага — сацыяльнай сферы: падтрымайце сяброўскія кантакты дзіцяці, дапамагайце вырашаць канфлікты мірным шляхам.
— І, вядома, я раіла б бацькам трымаць сувязь з класным настаўнікам і іншымі педагогамі, каб кантраляваць вучобу і паводзіны дзіцяці ў школе, — дадае спецыяліст.
Амаль дарослы
Пераход у старэйшую школу патрабуе ад бацькоў асаблівай увагі. Але калі для першакласніка стрэс звязаны са зменай дзейнасці, а для пяцікласніка — з вучэбнай нагрузкай, то старшакласнік жыве ў стане «ціску будучыні». Яго трывожаць ЦЭ, выбар прафесіі, неабходнасць адпавядаць чаканням навакольных і складаныя пытанні «Хто я?» і «Кім хачу стаць?»
— Дапамажыце разбіць глабальную мэту «знайсці сваё месца ў жыцці» на невялікія, зразумелыя крокі. Гэта зніжае паніку. Кантралюйце не вучобу, а рэсурсны стан: сон (не менш за 8,5 гадзіны), харчаванне і фізічную актыўнасць. Шукайце зоны яго поспеху: у тым ліку па-за межамі вучобы — напрыклад, хобі, дзе ён можа рэалізавацца і атрымаць прызнанне. Гэта лепшыя лекі ад трывогі, — кажа Алена Шаўчэнка.
Самая вялікая памылка бацькоў старшакласнікаў — трансляваць дзіцяці ўласную трывогу, падкрэслівае яна.
— Вы можаце хвалявацца, але ваша знешняя ўпэўненасць і спакой — яго асноўны рэсурс. І ніколі не дазваляйце дзецям думаць, што бацькоўская любоў залежыць ад іх паспяховасці і фінальных адзнак у атэстаце. У падлеткавым і юнацкім узросце асабліва важна ўпэўненасць: «Я магу памыляцца, але я не адзін».
Аляксандра Анцэлевіч
Фота з архіва БелТА