Што трэба ўлічваць пры барацьбе за ўраджай? Чаму расце колькасць хвароб і шкоднікаў? Чым можна «прыправіць» глебу, каб павысіць яе ўрадлівасць? Па адказы на гэтыя пытанні звярнуліся ў Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Гэта вядучая навуковая арганізацыя, якая аб’яднала спецыялістаў у галіне батанікі, фізіялогіі, біяхіміі і экалогіі раслін. Сярод кірункаў работы ўстановы — ахова і эфектыўнае выкарыстанне біярэсурсаў, даследаванне фізіялагічных і біяхімічных механізмаў фарміравання прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін, распрацоўка адаптыўных метадаў земляробства.
Вучоныя інстытута займаюцца даследаваннем новых сродкаў абароны раслін і ўгнаенняў, пошукам спосабаў іх выкарыстання. Вельмі важна, каб дабаўкі не проста дазвалялі атрымаць лепшы ўраджай, але і былі бяспечнымі для чалавека, жывёл і мікраараганізмаў, якія жывуць у глебе. У наш час, калі мы трымаем курс на «зялёную эканоміку», гэта адна са стратэгічных задач.
Вучонымі інстытута разам з калегамі ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» распрацаваны бактэрызаваныя арганамінеральныя дабаўкі, якімі можна «прыпраўляць» глебу, субстраты і грунты пры ўкараненні чаранкоў, адаптацыі і акліматызацыі саджанцаў. Яны спатрэбяцца для аптымізацыі сілкавання агародных і пладова-ягадных культур, дэкаратыўных раслін, у тым ліку пакаёвых. Ацанілі эфектыўнасць дабавак і дачнікі. Яны выкарыстоўваюць іх на розных этапах. Дадаюць у грунты пры вырошчванні расады ўсіх відаў агароднінных, кветкавых і ягадных культур, у лункі пры перасадцы саджанцаў на пастаяннае месца ці ў якасці падкормкі раслін. На сёння вучоныя распрацавалі два віды дабавак — універсальную і кіслую, апошняя адаптавана пад культуры, якія любяць кіслыя глебы: буякі, рададэндраны, хвойнікі, азаліі.
Як патлумачыла намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі Жанна Калацкая, пры вырабе дабавак выкарыстоўваецца прыродны мінерал — трэпел, які здабываецца ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці.
Сёння агароднікі актыўна карыстаюцца такімі рэчывамі, як аграперліт, вермікуліт, цэаліт, дыятаміт, што дазваляюць палепшыць структуру глебы ці грунту для расады, зрабіць іх больш лёгкімі, да таго ж прыродныя мінералы могуць затрымліваць вільгаць і маюць у сваім складзе карысныя рэчывы. Айчынны прыродны мінерал трэпел таксама валодае сарбіцыйнымі і іонаабменнымі ўласцівасцямі. Яго ўнясенне дазваляе палепшыць водны і паветраны рэжымы ў глебе.
Трэпел адносіцца да вапнавага тыпу, мае крэмніевы, гліністы і карбанатны складнікі. Выкарыстанне яго ў якасці дабаўкі да глебы ці грунтоў дазваляе значна скараціць колькасць мінеральных угнаенняў, павысіць ураджаі дзякуючы каштоўным уласцівасцям мінералу. Павялічанае ўтрыманне кальцыю ў трэпеле садзейнічае нармалізацыі кіслотнасці глеб, актывізуе дзейнасць карысных мікраарганізмаў, паскарае фарміраванне каранёвай сістэмы раслін. Макра- і мікраэлементы, якія ён утрымлівае, неабходныя для рэгуляцыі росту і развіцця раслін, павелічэння колькасці сахароў і вітамінаў у пладах. Дабаўка садзейнічае большай устойлівасці раслін да стрэсаў (напрыклад, замаразкаў, засушлівых перыядаў). Трэпел — крыніца крэмнію, рэчыва, якое дазваляе падтрымліваць прыродную абарону раслін ад хвароб і шкодных насякомых.
З трэпелу вучоныя робяць гранулы, элементы з якіх паступова ўжываюцца раслінамі. Так карысныя рэчывы не змываюцца дажджамі, не сыходзяць з грунтавымі водамі. Прыродны мінерал вучоныя пастараліся зрабіць яшчэ больш карысным для раслін — дадаць мініральныя солі і бактэрыі. «Нашы калегі з дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання „Хімічны сінтэз і біятэхналогіі“ знайшлі бактэрыі, якія добра прыжываюцца ў трэпеле, захоўваюцца там у выглядзе спор, а калі трапляюць у спрыяльныя глебавыя ўмовы (цяпло і вільгаць), пачынаюць працаваць на расліны», — расказала Жанна Калацкая.
Працуюць вучоныя і на імпартазамяшчэнне. Так, на аснове фітагармонаў прыроднага паходжання і бактэрый, якія выпрацоўваюць фізіялагічна актыўныя рэчывы, што маюць ростстымуляцыйнае дзеянне, імі быў створаны рэгулятар росту раслін. Прэпарат забяспечвае актыўны рост кветкавых культур, павышае працягласць іх квітнення. Ужо атрыманы даныя, што ён спрыяе паляпшэнню дэкаратыўнасці газона. Пашырэнне спектра прымянення гэтага прэпарату — наступная задача для даследаванняў. Вучоныя мяркуюць, што ён павінен спрацаваць і на агародных культурах.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Тры пытанні пра біяпрэпараты
• Чаму сёння раслінам неабходна дапамога?
— Мяняецца клімат, перамяшчаюцца кліматычнаыя зоны. Усё часцей мы бачым, што тэмпература ў Мінску летам ужо такая ж, як у Кіеве ў 1980-х гадах. Прычым у апошнія гады гэты працэс стаў больш інтэнсіўным. Надвор’е можа быць непрадказальным, колькасць ападкаў выпадае нераўнамерна, больш працяглымі становяцца засушлівыя перыяды.
• Напэўна, праблемы, з якімі сутыкаюцца агароднікі і садаводы, звязаны не толькі з пацяпленнем клімату? Сёння можна купіць саджанцы і насенне з розных краін свету. Ці не атрымліваем мы з «экзотыкай» новыя напасці?
— Так і ёсць, мы гэта ўбачылі падчас даследаванняў у некаторых пітомніках. На раслінах «едуць» шкоднікі, хваробы, небяспечныя бактэрыі. Напрыклад, так у нас з’явілася амерыканская мучністая раса і іншыя хваробы, якія ветрам і дажджом могуць разносіцца на вялікія тэрыторыі. Таму сёння вучоным трэба ўлічваць і такія пагрозы, працаваць на апераджэнне, знаходзіць новыя прэпараты для абароны раслін, умацавання іх імунітэту. Бактэрыі могуць не толькі абараняць расліны, але і дапамагаць дастаўляць «харчаванне». Напрыклад, ёсць азотфіксавальныя бактэрыі і рызасферныя (што жывуць у зоне каранёў) — яны і выпрацоўваюць азот. Фосфар і многія іншыя элементы становяцца даступнымі для раслін пасля таго, як з імі папрацавалі бактэрыі. Такія нябачныя памочнікі заўсёды жывуць у глебе, але сёння чалавек можа зрабіць так, каб іх было больш, альбо дадаць менавіта тых, якія маюць адпаведны эфект, так бы мовіць, забяспечваюць «кухню» для раслін.
• Ці праўда, што біялагічныя прэпараты часам больш эфектыўныя за хімію? Напрыклад, драпежныя бактэрыі, якія «палююць» на шкоднікаў.
— Біялагічныя прэпараты могуць мець пралангіраванае дзеянне. Напрыклад, бактэрыя можа «прыжыцца» на расліне, уступіць з ёй у эндафітныя адносіны і працяглы час яе абараняць. А хімічны прэпарат вы ўносіце разава і праз некаторы час на расліну могуць «прыляцець» новыя шкоднікі і хваробы.