Тое, што прырода можа падкінуць нечаканыя і непрыемныя сюрпрызы, мы пераканаліся мінулай зімой. Але дарогі, ад стану якіх залежыць вельмі многае — ад бяспекі іх карыстальнікаў да стабільнай жыццядзейнасці эканомікі, — павінны функцыянаваць незалежна ад сезона і ў любое надвор'е. Дзякуючы таму, што дарожныя арганізацыі Беларусі кожны год рыхтуюцца да зімы з лета, закладваючы пры падрыхтоўцы матэрыялаў і тэхнікі ўсе магчымыя пагодныя рызыкі, летась наступствы снежнай стыхіі ім удалося ліквідаваць хутка і без страт, у штатным рэжыме.
Снег затрымаюць хмызнякі
Па словах начальніка ўпраўлення вытворчасці работ і ўдасканалення дарожнай сеткі РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Дзмітрыя ДЗЕМІДОВІЧА, падрыхтоўка да зімовага перыяду ў дарожна-эксплуатацыйных упраўленнях прадпрыемства пачалася яшчэ ў чэрвені і ідзе поўным ходам:
— У нас ёсць план пэўных мерапрыемстваў, па ім і працуем. Нарыхтоўваем матэрыялы для апрацоўкі дарожнага пакрыцця. І на сённяшні дзень пры патрэбе галіту А (прыродны мінерал, які ўяўляе сабой каменную або тэхнічную соль) у 62,7 тысячы тон мы ўжо нарыхтавалі 20,2 тысячы — 32 %. А з патрэбных 53,2 тысячы тон галіту В — 17,8 тысячы, што складае 33 %. Да сярэдзіны кастрычніка ўсе неабходныя матэрыялы будуць нарыхтаваныя. Тэхніка, якую мы будзем задзейнічаць зімой, — уся свая:
151 пескасолеразмеркавальнік, з якіх 12 адзінак — новыя, 20 аўтагрэйдараў, 63 пагрузчыкі, 127 трактароў з навясным абсталяваннем, 7 ротарных снегаачышчальнікаў.
Акрамя нарыхтоўкі неабходных матэрыялаў дарожныя арганізацыі РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» пачнуць устаноўку сродкаў снегазатрымання і сігнальных вех.
— Усе неабходныя рэсурсы маюцца, — канстатуе начальнік упраўлення. — Аб’ём работ немалы — трэба ўстанавіць каля 50 тысяч сігнальных вех і 13 тысяч калоў, на якіх мы замацуем 1,8 тысячы шчытоў і 22,6 кіламетра сеткі.
Расказаў Дзмітрый Уладзіміравіч і аб адным цікавым ноу-хау ад дарожнікаў:
— Апошнія тры гады мы стараемся адыходзіць ад гэтага працаёмкага працэсу і ў якасці снегааховы высаджваем ўздоўж дарог снегазатрымліваючыя насаджэнні. Выкарыстоўваем хмызнякі — растуць яны хутка і свае функцыі выконваюць добра. У гэтым годзе ўжо высадзілі 44 кіламетры такіх снегазатрымліваючых насаджэнняў. Пару гадоў догляду за імі да дасягнення вышыні ў 1,6-2 метра — і сама прырода становіцца для нас незаменным памочнікам. Далей наша задача складаецца ў тым, каб дасаджваць новыя хмызнякі і пастрыгаць для эстэтычнага выгляду тыя, што занадта выраслі.
Праўда, такі метад можна ўжываць не ўсюды — самавольна пасадкамі дарожнікі не займаюцца, даводзіцца дамаўляцца з сельгаспрадпрыемствамі. Але там, дзе гэта магчыма, работы будуць працягвацца.
— Варыянт эфектыўны — выдаткі аднаразовыя і значна ніжэйшыя, чым рэгулярныя выезды тэхнікі для падтрымання бяспекі на асобных участках дарог, — рэзюмуе Дзмітрый Дземідовіч.
Што тычыцца ямачнага рамонту, ён звярнуў увагу на тое, што аб’ёмы дарожных работ — капітальнага рамонту і рэканструкцыі, — у апошнія гады значна выраслі. Сёння такія работы праводзяцца адразу на некалькіх рэспубліканскіх дарогах з прымяненнем сучасных тэхнікі і тэхналогій. Лагічна, што пры ўвядзенні ў эксплуатацыю кожнай абноўленай дарогі аб’ёмы ямачнага рамонту прапарцыянальна змяншаюцца з кожным годам.
— Але яны ёсць, таму да зімы рыхтуем і само дарожнае пакрыццё, — кажа начальнік упраўлення. — У прыватнасці, праводзім герметызацыю расколін і ўжо апрацавалі каля 104 тысяч пагонных метраў дарожнага адзення.
Асноўны ўпор — на магістральныя вуліцы
Герметызацыяй расколін і ліквідацыяй каляіны займаюцца сёння і ў ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама».
— Мы ўжо завяршылі работы па ўстройстве ахоўных слаёў пакрыцця і ямачным рамонце, — інфармуе галоўны інжынер Упраўлення «Цэнтр» гэтага прадпрыемства Павел СУБАЧ. — Нашы намаганні накіраваны на галоўнае — змяншэнне колькасці ям у зімовы перыяд.І намаганні не праходзяць дарма, свярджае ён:
— У апошнія тры гады колькасць ям на дарогах сталіцы пасля зімовага перыяду пастаянна скарачаецца.
Сёння асноўны ўпор па поўнай замене пакрыцця робіцца на магістральныя вуліцы, такія як, да прыкладу, праспект Дзяржынскага. Не застаюцца па-за ўвагай дарожнікаў і тратуары — іх рамонт выкананы ў Мінску на плошчы 64 тысячы кв. м, што складае 42 % ад запланаванага.
У цэлым на 2026 год ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» запланаваў рамонт 1,9 млн кв. м вулічна-дарожнай сеткі. Вялікая доля з запланаванага — а гэта 1,3 млн кв. м, або 69 % — ужо адрамантавана. Астатняе будзе зроблена ў зададзеныя тэрміны.
Да асенне-зімовага перыяду ў Мінску рыхтуюць не толькі дарогі, але і тэхніку, матэрыялы — у першую чаргу пясчана-саляныя сумесі на выпадак галалёду.
— З навін — сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю трэці снегасплаўны пункт на вуліцы Ціміразева, — дзеліцца Павел Міхайлавіч.
Па яго словах, вялікае значэнне на прадпрыемстве надаюць абнаўленню тэхнікі:
— Сярэдні тэмп абнаўлення ў нас складае каля 80-110 адзінак у год. У асноўным гэта солеразмеркавальнікі. Таксама набываем смеццявозы і самазвалы, якія забяспечваюць парадак на гарадскіх вуліцах. Набываем, вядома, і будаўнічую тэхніку для бягучага рамонту сеткі — устаноўкі бартавых камянёў, кладкі пліткавага пакрыцця і ўстройства асфальтабетонных пакрыццяў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота «Транспартнага весніка»