Top.Mail.Ru

Як дроны дапамагаюць ратавальнікам шукаць людзей і тушыць пажары?

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях актыўна ўкараняе сучасныя тэхналогіі ў сваю работу. Напрыклад, для пошуку людзей, якія згубіліся ў прыродных экасістэмах, ратавальнікі прымяняюць у тым ліку і робаты. І з кожным годам колькасць людзей, выратаваных пры дапамозе БЛА, павялічваецца. Наш карэспандэнт пабываў у цэнтры прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў (БАК) дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» МНС Рэспублікі Беларусь (ДААСУ «Авіяцыя») і даведаўся, як ратавальнікі выкарыстоўваюць дроны ў сваёй рабоце.


Прытрымліваючыся сусветных тэндэнцый, беспілотнікі актыўна ўкараняюцца ў дзейнасць выратавальнага ведамства Беларусі. Гэты працэс пачаўся больш за 10 гадоў таму. Так, у 2012 годзе для вырашэння задач, якія стаяць перад органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, ратавальнікі пачалі прымяняць беспілотны авіяцыйны комплекс «Бусел-М». Ён быў распрацаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і ўключаў два апараты самалётнага тыпу. Запуск БЛА ажыццяўляўся з рукі, а пасадка — на парашуце.

дрон2.jpg

З 2015 года ў МНС сталі выкарыстоўваць беспілотнікі мультыротарнага тыпу. Гэта кампактныя дроны з вертыкальным узлётам і пасадкай, якія могуць завісаць над аб’ектам і вызначаць каардынаты «кропкі цікавасці». Такія беспілотнікі абсталяваны візуальнай і цеплавізійнай камерамі, лазерным дальнамерам. Пры неабходнасці на апарат можа быць усталявана дадатковае абсталяванне: гучнагаварыцельнае ўстройства, пражэктар або сістэма скіду — для дастаўкі невялікіх грузаў.

  • У ДААСУ «Авіяцыя» існуе цэнтр выкарыстання БАК. Ён аказвае метадычную і практычную дапамогу тэрытарыяльным падраздзяленням у прымяненні беспілотных апаратаў. «Работнікі цэнтра нясуць кругласутачнае дзяжурства і пры неабходнасці выязджаюць на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару па ўсёй краіне», — расказаў штурман-аператар цэнтра прымянення БАК ГААСУ «Авіяцыя» Дзмітрый Сіняўскі.

дрон3.jpg

Беспілотнікі дапамагаюць ратавальнікам шукаць людзей, якія згубіліся, знаходзячыся ў прыродных экасістэмах — у лесе ці на балотах падчас збору грыбой, ягад. Дзякуючы робату за кароткі час можна абследаваць вялікую плошчу адкрытай мясцовасці, а таксама цяжкадаступныя месцы, напрыклад, на тых жа балотах ці лясных гушчарах. Уначы пошук ажыццяўляецца з дапамогай інфрачырвонай камеры.
«На пошукава-выратавальныя работы мы выязджаем разам з работнікамі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння „ЗУБР“. Мы вядзём паветраны маніторынг мясцовасці, а работнікі атрада праводзяць наземны. Калі аператар робата штосьці заўважае, ён паведамляе аб гэтым і перадае каардынаты», — адзначыў Дзмітрый Сіняўскі.
Падчас пошукава-выратавальных работ БЛА можа зрабіць вялікую колькасць здымкаў абследуемай мясцовасці. Паскорыць іх прагляд дапамагае штучны інтэлект. «Па зададзеным алгарытме з тысяч фатаграфій ён адбірае здымкі з магчымым знаходжаннем людзей», —падкрэсліў начальнік цэнтра прымянення БАК ГААСУ «Авіяцыя» Сяргей Дрозд.

дрон4.jpg

Ратавальнікі нагадваюць, што да паходу ў лес трэба падрыхтавацца. На вас павінна быць яркае адзенне. Пры сабе неабходна мець зараджаны тэлефон. Пажадана ўзяць з сабой запалкі, ліхтарык, а таксама крыху ежы і вады. Калі вы вырашылі пайсці ў лес, трэба папярэдзіць аб гэтым сваіх сваякоў ці знаёмых.

  • У сітуацыі, калі вы згубіліся, варта трымацца на адкрытай прасторы, не хавацца пад кронамі дрэў, каб вас было відаць з паветра. Патэлефануйце па нумары 112. Спрабуйце выйсці да дарогі ці населенага пункта. Каб аблегчыць пошук ратавальнікам і самім не блукаць па крузе, можна рабіць засечкі на дрэвах, пакідаць нейкія рэчы і гэтак далей. Можна развесці касцёр, каб не замярзаць, і паказаць месца, у якім вы знаходзіцеся.
Таксама з дапамогай дронаў ратавальнікі праводзяць паветраную разведку раёнаў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Гэта дае магчымасць лепш ацаніць маштабы наступстваў і кантраляваць ход ліквідацыі НС у рэальным часе. Дзякуючы маніторынгу з паветра можна таксама прагназаваць развіццё паводкавай сітуацыі, своечасова папярэджваць насельніцтва і прымаць адпаведныя меры.
Цеплавізійная камера на дронах дазваляе бачыць месцы падземнага тлення пры тарфяных пажарах, бо на паверхні заўважыць яго вельмі цяжка.
Выкарыстоўваючы гучнагаварыцелі, якія ўстанаўліваюцца на дроны, ратавальнікі могуць інфармаваць грамадзян у зонах бедства, а таксама нагадваць адпачывальнікам або рыбаловам на вадаёмах аб выкананні мер бяспекі.

Кіраваць беспілотнікамі ратавальнікаў вучаць ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС і яго філіяле. Для адпрацоўкі навыкаў на практыцы створана спецыяльная аўдыторыя з высокапрадукцыйнымі камп’ютарамі, на якіх устаноўлены, напрыклад, сімулятары палётаў беспілотнікаў з FPV-акулярамі і праграма для пабудовы 3D-мадэляў і стварэння артафотаплана зададзенай вобласці на падставе лічбавых здымкаў, якія атрымліваюцца з дронаў.

Паводле матэрыялаў БЕЛТА.
Фота МНС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю