Top.Mail.Ru

Як дырэктару Лунінецкай сярэдняй школы № 1 Вользе КАПУСЦІЧ удаецца быць на адной хвалі з настаўнікамі і вучнямі

Ідэю стаць настаўнікам Вользе Капусціч падказала калісьці маці. Менавіта ад яе маладой жанчыне перадалася любоў да дзяцей. Скончыўшы школу, у якую праз некаторы час і вярнулася на работу, 


Вольга паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

На шляху да кіраўніцтва школай гераіня прайшла шмат прыступак: пачынала з выхавальніка групы падоўжанага дня, затым стала настаўнікам пачатковых класаў. Праз некаторы час прапанавалі павышэнне — пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Было хвалююча, калі следам прапанавалі ўзначаліць Лунінецкую сярэднюю школу № 1, маю родную школу, — прызнаецца яна. — І вось я ўжо тры гады працую на гэтай пасадзе.

За гэты час Вольга Капусціч ва ўзаемадзеянні са згуртаванай камандай з усяго раёна рэалізавала праект па рэканструкцыі школы. І цяпер гэта ўстанова адукацыі — сучасны і вельмі ўтульны «храм ведаў».

— Вядома, і вобласць моцна нам у гэтым дапамагла, — адзначае дырэктар. — Дзякуючы гэтай падтрымцы атрымаўся вельмі годны вынік, якім я ганаруся.

Вольга Капусціч упэўнена: работа з дзецьмі ніколі не бывае сумнай і аднастайнай. 

У гэтым перавага прафесіі настаўніка.

— У нашым калектыве так заведзена: у школе галоўныя — дзеці! Мы працуем для іх, — сцвярджае яна. — І я, і мае калегі заўсёды стараемся справядліва ацэньваць любую сітуацыю. Да мяне можна прыйсці з любой просьбай. Упэўнена, і настаўнікі, і самі дзеці звяртаюцца да мяне без хвалявання і страху. У адукацыі, ды і ў любой сферы, вельмі важна наладзіць даверныя і паважлівыя адносіны. Мой падыход у рабоце — паважаць чалавека: і дарослага, і маленькага.

Матэрыял падрыхтавалі Яна ВАЛАСАЧ, Алена ДАЎЖАНОК. Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю