Top.Mail.Ru

Як Дзе­шчан­ка ста­ла вёс­кай-ле­ген­дай

Галоўны рухавік — любоў да роднага кутка

Восем гадоў таму гэтае месца на Уздзеншчыне выглядала зусім інакш. Цяпер — найлепшы аграгарадок Мінскай вобласці, з фестывалем бульбы, дзіцячымі пляцоўкамі і турыстамі з усёй краіны. Як любоў да роднай зямлі і руплівыя рукі ператварылі звычайную вёску ў квітнеючы сучасны аграгарадок — у нашым рэпартажы з месца падзей.

«На гэтым месцы з лёгкай рукі і руплівасці мясцовых жыхароў пустка пачала ператварацца ў парк. Замест бетоннай агароджы — валуны, сабраныя па ўсёй ваколіцы. Адзін з іх важыць аж 17 тон!» — пачынае расказваць пра свой аграгарадок старшыня Дзешчанскага сельвыканкама Уладзімір БАЛЦЯНКОЎ. — Цяпер госці літаральна заміраюць ад захаплення».

У Дзешчанцы працуе школа на 19 класаў з паралелямі (у дзве змены), якую сёлета скончылі 326 вучняў, і дзіцячы садок на 

65 выхаванцаў, — расказала дырэктар навучальнай установы Наталля ЧЭРКАС. Акрамя таго, у аграгарадку дзейнічаюць ФАК, цэнтр вольнага часу, які, дарэчы, ад закрыцця адстаялі ў свой час менавіта месцічы, ФАП, прыватная хлебапякарня, крамы, сучасныя спартыўныя пляцоўкі, а таксама рэканструюецца стадыён з шматфункцыянальнай пляцоўкай.


Добраўпарадкаванне не мае фінішу

Цэнтр прыцяжэння на тэрыторыі сельсавета — Дзешчанка. Галоўныя памочнікі старшыні сельвыканкама — фермерская дынастыя Лойкаў. Ганаровы грамадзянін Уздзеншчыны Вадзім Вікенцьевіч, які аддаў сельскай гаспадарцы больш за 60 гадоў, у 90-я зрабіў Дзешчанку бульбяной сталіцай Беларусі: мясцовыя сарты разыходзіліся па ўсёй краіне, а калгас, якім Вадзім ЛОЙКА кіраваў, лічыўся мільянерам. Сёння справу бацькі працягвае сын Юрый — кіраўнік СФГ «Алімп-агра». Дзякуючы іх супрацоўніцтву з уладай у аграгарадку з'яўляюцца новыя аб'екты, праводзяцца святы, пануе атмасфера хатняга цяпла.

У памяць аб спаленай фашыстамі вёсцы на месцы трагедыі ў Старыне, што за паўтара кіламетра ад Валодзькаў, з дапамогай Вадзіма Лойкі створаны сучасны мемарыял з каменем, памятнай шыльдай і звонам. «Гэта наша Хатынь», — кажа старшыня сельсавета. Побач — дуб і бяроза, пасаджаныя школьнікамі.


Трэба сказаць і яшчэ пра аднаго чалавека з Дзешчанкі, які не ўмее сядзець склаўшы рукі. 75-гадовы стараста вёскі Генадзь БЫЦАЙ разам з Вадзімам Лойкам, калі быў яго намеснікам, заклалі некалі парк. Не так даўно Генадзь Іванавіч абнавіў яго — сам пасадзіў фруктовыя дрэвы, дапамагаў у зборы валуноў для добраўпарадкавання мясцовасці, і наогул, увесь час прапануе свае ідэі і дапамогу сельвыканкаму. «Трэба нешта рабіць для людзей. Калі хтосьці не можа — мы падставім плячо», — кажа ён. Сам косіць, чысціць сцежкі, даглядае клумбы. Яго маці 96 гадоў, яна перажыла вайну, і сын лічыць сваім абавязкам зрабіць малую радзіму лепшай.

Юрый Лойка, дэпутат сельсавета, ён дапамагае з тэхнікай зімой, рамонтам даху школы — «не размазвае, а бярэ і робіць», па словах старшыні. Дзякуючы такой камандзе (а гэта пяць дэпутатаў замест дзесяці — але якіх!) Дзешчанка летась стала пераможцам абласнога конкурсу «Найлепшы аграгарадок Мінскай вобласці».


Музей бульбы і знак у гонар яе

Адна з галоўных цікавостак Дзешчанкі — адзіны ў Беларусі музей бульбы. Тут сабрана больш за 140 экспанатаў. Экспазіцыя распавядае пра гісторыю з'яўлення культуры на беларускіх землях, новыя сарты, якія вырошчвалі на мясцовай эксперыментальнай базе імя Суворава.

А насупраць школы ў 2021 годзе з'явіўся помнік бульбе — сімвалічны знак у выглядзе кошыка з другім хлебам на высокім камені-пастаменце.

— Гэта ідэя вучняў, — расказвае Уладзімір Балцянкоў. — Яны намалявалі эскіз, а Вадзім Лойка дапрацаваў яго і прафінансаваў усталяванне. Так што гэта сапраўды народны помнік.

Штогод у першую суботу верасня 

Дзешчанка ператвараецца ў сталіцу бульбы. Пачыналася ўсё са звычайных школьных кірмашоў. Пяты юбілейны «Бульба-фэст» плануе сабраць тысячу гасцей, ён ужо даўно ператварыўся ў візітную картку ўсяго раёна.


Дапамагло... сталічнае метро

Апошнія два гады Дзешчанка перажывае сапраўдны бум дзякуючы новай станцыі метро і жылому масіву «Мінск-Мір» у сталіцы. «Калі мы прадавалі 15 сотак за 

10 тысяч, зараз гэта ўжо 120 тысяч рублёў, — дзеліцца старшыня сельсавета. — Мінчане скупляюць зямлю як гарачыя піражкі: прырода, цішыня і ўсяго 30 хвілін да сталіцы. Пакінуў машыну каля «Кароны» — і перасеў у метро». Фактычна ў аграгарадку жыве каля пяці тысяч чалавек (зарэгістравана — 2400), многія пераехалі з Мінска, адрамантаваўшы старыя хаты. «Нават каналізацыю сваімі сіламі цягнем. 97 сем'яў у чарзе на арэнднае жыллё — людзі гатовыя заставацца тут назаўсёды».


У планах — новы шматпавярховік, царква. 

І далей рабіць Дзешчанку вёскай, дзе хочацца жыць. Сем гадоў сельсавет трымае пераходны чырвоны сцяг «За высокія паказчыкі па сацыяльна-эканамічным развіцці». «Галоўны сакрэт просты, — усміхаецца Балцянкоў. — Трэба любіць сваю зямлю, не баяцца прасіць дапамогі ў тых, хто можа дапамагчы. Хадзіце да людзей — яны не адмовяць. Бо, калі ты сам не будзеш клапаціцца пра свой куток, хто гэта зробіць за цябе?»

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю