Як інфармуе Група па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску, чарговая такая справа заведзена Савецкім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта па факце здзяйснення махлярства ў асабліва буйным памеры.
Па даных следства, аднойчы 87-гадоваму мінчаніну патэлефанаваў невядомы і паведаміў аб неабходнасці замяніць лічыльнікі на ваду. Пажылы мужчына, западозрыўшы нядобрае, перапыніў размову, але на наступны дзень з ім звязаўся псеўдасупрацоўнік міліцыі.
Ілжэправаахоўнік заявіў, што на пенсіянера паступіла інфармацыя: нібыта ён незаконна атрымаў 40 тысяч рублёў і пералічыў іх у падтрымку Узброеных Сіл Украіны. Суразмоўца падкрэсліў, што гэта цяжкае злачынства, за якое прадугледжана суровае пакаранне, і зараз у яго будзе праведзены «вобыск» па відэасувязі, падчас якога трэба прадэманстраваць усе існуючыя ў кватэры зберажэнні.
Выконваючы патрабаванне, мінчанін прадэманстраваў на камеру смартфона 6 000 еўра і 5 000 долараў ЗША, а таксама паведаміў, што 18 тысяч рублёў захоўвае на банкаўскай карце, а бліжэйшым часам завершыць здзелку па продажы кватэры.

Аферысты запатрабавалі неадкладна сабраць наяўныя грошы, зняць грошы з рахунку і перадаць фінансы для «дэкларавання». Па ўказанні ашуканцаў усе назапашванні ён пакінуў у тайніку — пад колам прычэпа, прыпаркаванага паблізу аднаго з паркаў сталіцы.
На гэтым зламыснікі не спыніліся: яны працягнулі кантраляваць ахвяру і, дачакаўшыся атрымання сродкаў ад продажу нерухомасці ў суме больш за 100 тысяч рублёў, адправілі да яго кур’ера. Пенсіянер перадаў і гэтыя грошы. Толькі пасля таго, як з ім перасталі выходзіць на сувязь, пацярпелы зразумеў, што яго ашукалі, і звярнуўся ў міліцыю.
Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску нагадвае аб тым, што нельга нікому паведамляць коды з СМС, даныя карт і ПІН-коды — супрацоўнікі банкаў, праваахоўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый ніколі не запытваюць гэту інфармацыю па тэлефоне; неабходна тут жа спыніць размову, ператэлефанаваць самім па нумары, указаным на афіцыйным сайце арганізацыі, ад імя якой паступіў званок, і ўдакладніць атрыманую інфармацыю; ні ў якім разе не трэба выконваць інструкцыі незнаёмцаў па відэасувязі — праводзіць дэманстрацыі кватэры, наяўных грошай або дакументаў — гэта дае зламыснікам магчымасці для новых маніпуляцый.
Асабліва важна: абмяркуйце сітуацыю з блізкімі, перш чым перадаць каму-небудзь зберажэнні або знімаць іх з рахункаў.
Праваахоўнікі заклікаюць грамадзян быць пільнымі і абавязкова папярэдзіць знаёмых аб існуючых схемах падману. Калі вы сутыкнуліся з падобнымі званкамі і сталі ахвярай падману — неадкладна звярніцеся ў міліцыю.