«Тая краіна мае права на жыццё, якая можа, па-першае, накарміць народ, па-другое, абуць і апрануць»
Сёння беларусы маюць магчымасць насіць адзенне і абутак, вырабленыя майстрамі-суайчыннікамі на ўласных прадпрыемствах. Якасць вырабаў айчыннай вытворчасці высока цэніцца і замежнымі спажыўцамі. Прэзідэнт не раз заклікаў (і дэманстраваў уласным прыкладам) не ганяцца за адзеннем сусветных брэндаў, якое нярэдка, акрамя завоблачных цэн, нічым асаблівым не адрозніваецца, а апранацца ў сваё, беларускае, — прымальнае і па цане, і, што самае галоўнае, па якасці. Тым больш ёсць у што: за гады суверэнітэту ў краіне з’явілася нямала адпаведных вытворчасцяў, яшчэ з савецкага часу захаваліся вядомыя сваёй прадукцыяй лёгкай прамысловасці заводы і фабрыкі.
У адрозненне ад многіх постсавецкіх краін, у Беларусі не праводзілася татальная прыватызацыя прадпрыемстваў. Тым больш, не вялося размовы аб ліквідацыі буйных вытворчасцяў. Можна толькі ўявіць, чаго каштавала выцягнуць нерэнтабельныя заводы і фабрыкі з крызісу, цалкам перааснасціць іх, захаваць працоўныя калектывы. Дальнабачнасць і прыродная інтуіцыя беларускага лідара, як заўсёды, не падвялі — сёння беларусы могуць апрануць і абуць не толькі сябе, а і прадстаўнікоў многіх краін свету.
Галоўнае — правільна арганізаваць справу
Вясной 1995 года газета не раз паведамляла аб акцыях пратэсту на Мінскім камвольным камбінаце. «Тут, як і на многіх іншых прадпрыемствах, востра не хапае абаротных сродкаў, няма збыту, — пісала „Звязда“. — Адпаведна, няма за што купіць сыравіну, людзям надоўга затрымліваюць зарплату, частку яе выплачваюць тканінамі».

Прадстаўнікі калектыву прыходзілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта, дзе іх уважліва выслухалі. Больш дэталёвая размова адбылася 1 чэрвеня 1995 года, калі на камбінат прыехаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка правёў на камбінаце амаль дзень. Прэзідэнт уважліва выслухаў абодва бакі: кіраўніцтва і працоўных прадпрыемства. На сустрэчы з камвольшчыкамі беларускі лідар пацвердзіў, што камбінат знаходзіцца ў катастрафічным становішчы, разам з тым зазначыў, што ў той жа час на складзе ляжыць гатовай прадукцыі на 14 мільярдаў рублёў. Ён падкрэсліў, што няма ніякіх перашкод, каб купіць сыравіну, вырабіць прадукцыю і прадаць яе. Для гэтага было даручана правільна арганізаваць справу.
«Калектыву паабяцана пэўная дапамога, у прыватнасці, 3 мільярды пазыкі „на зарплату“, — канстатавала „Звязда“. — Будзе таксама разгледжана магчымасць выдзялення падатковага крэдыту і зняцця падатку на дабаўленую вартасць пры пастаўцы прадукцыі за межы рэспублікі. Канцэрн „Беллегпрам“ павінен заплаціць камвольнаму за вырабленую тканіну для Міністэрства абароны. Камбінат, відаць, таксама чакае буйны заказ на выраб школьнай формы».
Культура вялікай будучыні
Адзін з флагманаў лёгкай прамысловасці — Аршанскі льнокамбінат — упершыню на прэзідэнцкай пасадзе Аляксандр Лукашэнка наведаў у маі 1998 года. Прадпрыемства знаходзілася ў крызісным стане. Доўгі час лён займаў адно з вядучых месцаў у экспартнай прадукцыі рэспублікі. Для калгасаў і саўгасаў гэта была асноўная крыніца даходаў, якая абумоўлівала іх фінансавы дабрабыт. Аднак у канцы 1980-х — пачатку 1990-х пасяўныя плошчы пад гэту культуру скараціліся, у шэрагу раёнаў лён зусім загубілі.

Падчас рэспубліканскай нарады па льнаводстве, якая адбылася на базе Аршанскага льнокамбіната, Прэзідэнт адзначыў, што адна з прычын заняпаду галіны зусім у няхватцы фінансавых сродкаў, хоць гэта і мела месца, а перш за ўсё ва ўпушчэннях у рабоце Мінсельгасхарча, органаў улады на месцах, кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Падкрэслівалася, што работа з ільном можа быць удзячным заняткам, за гэтай культурай вялікая будучыня. Кіраўнік дзяржавы назваў лён культурай сацыяльнай, экспартнага значэння, стратэгічнай, запатрабаваўшы ад урада і вядучых спецыялістаў галіны зрабіць яе эфектыўнай, рэнтабельнай, адрадзіўшы мінулую славу беларускіх ільнаводаў. Што датычыцца Аршанскага льнокамбіната, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў генеральнага дырэктара, які прапанаваў захаваць на бліжэйшыя гады статус дзяржаўнага прадпрыемства, устрымаўшыся ад акцыянавання, якое навязваецца «зверху». Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што неабходна прыняць мэтавую дзяржаўную праграму, пераўтварыўшы галіновую праграму «Лён» у рэспубліканскую.
Па шляху найменшага супраціўлення
Падчас нарады па пытаннях развіцця гарбарнай і абутковай прамысловасці, якая адбылася ў кастрычніку 2012 года, Прэзідэнт падкрэсліў, што развіццё гэтых галін мае вялікае значэнне для паспяховага функцыянавання эканомікі краіны. Ён акцэнтаваў увагу на ўзаемазвязаную работу адпаведных прадпрыемстваў, якая, па яго словах, павінна абапірацца на мясцовыя аднаўляльныя віды сыравіны. Аднак у апошнія гады ў гэтай сферы назіраліся праблемы як эканамічнага, так і тэхналагічнага характару.
«Абутковыя прадпрыемствы краіны наогул пайшлі па шляху найменшага супраціўлення, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Сталі актыўна нарошчваць увоз замежных загатовак для абутку. А гэта — шыты верх абутку з устаноўленымі маланкамі, засцежкамі, іншай фурнітурай, ды і з падэшвай у камплекце. І ўласную вытворчасць звялі, па сутнасці, да адной тэхналагічнай аперацыі — прыклейкі падэшвы. Але такое ноу-хау прыводзіць да таго, што прадпрыемствы губляюць свой тэхналагічны, прафесійны ўзровень і кваліфікаваныя кадры».
Каб забяспечыць адпаведнай прадукцыяй уласны рынак, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць якасць і асартымент беларускага абутку, звярнуўшы ўвагу на вялікі працэнт імпарту ў сабекошце айчыннай абутковай прадукцыі. «Фактычна цэлая галіна паразітавала на золатавалютных рэзервах дзяржавы, хоць усе павінны прывозіць валюту ў краіну», — кіраўнік дзяржавы агучыў яшчэ адно з даручэнняў, якое ў выніку паўплывала на паляпшэнне работы гарбарнай і абутковай галін.
Цудоўныя тканіны са сваёй сыравіны
Наведваючы ААТ «Камволь» у снежні 2012 года, беларускі лідар у чарговы раз гаварыў аб неабходнасці захаваць у краіне камвольную вытворчасць. Тым больш, як акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, у Беларусі засталася добрая школа.
«Тая краіна мае права на жыццё, якая можа, па-першае, накарміць народ, па-другое, абуць і апрануць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, указаўшы на шалёны попыт на тканіны ў свеце.

Аднак нягледзячы на гэта, як далажылі Прэзідэнту, прадпрыемства знаходзіцца ў глыбокім крызісе. У час наведвання ААТ «Камволь» Аляксандр Лукашэнка звольніў кіраўніка прадпрыемства, а таксама кіраўніцтва канцэрна «Беллегпрам». «Тое, што я тут убачыў, — гэта злачынная безадказнасць. І за гэта трэба прыцягнуць да адказнасці», — падкрэсліў ён, даручыўшы новаму дырэктару па-гаспадарску паставіцца да мадэрнізацыі на прадпрыемстве.
У размове з работнікамі «Камволя» Прэзідэнт паабяцаў, што вытворчасць будзе адноўлена. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на неабходнасці дыверсіфікацыі эканомікі, арыентацыі яе на мясцовую сыравіну. У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу развіваць авечкагадоўлю, каб мець уласную сыравіну для камвольнай вытворчасці.
«Мы можам рабіць цудоўныя тканіны, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Людзі ёсць, школа ёсць, сыравіны пакуль не хапае, але яе шмат на міжнародных рынках. Мы павінны сваю сыравіну мець. І гэта мы павінны рабіць на працягу гэтай пяцігодкі».
Якасная тканіна, у якой зацікаўлена ўся краіна
Свой візіт на ААТ «Камволь» у снежні 2017 года Аляксандр Лукашэнка назваў завяршэннем «вялікай эпапеі» мадэрнізацыі камбіната. «Пачалі мы яе даўно, шмат коп’яў заламалі тут, — нагадаў ён. — Усё было. Але, думаю, мы выходзім на тое, што хацелі тут атрымаць — вырабіць добрыя тканіны».
За папярэднія пяць гадоў, калі кіраўнік дзяржавы наведваў гэта прадпрыемства, змянілася многае: адбылася мадэрнізацыя цэхаў, палепшыліся ўмовы працы. Галоўнае — удалося захаваць сваю школу вытворчасці тканін, а таксама працоўныя месцы. «Я лічу гэта злачынствам: калі дзяржава ўмее нешта вырабляць, а пасля гэтага пахавае — гэта дрэнны знак», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў якаснай тканіне, якую ўжо сёння вырабляе «Камволь», зацікаўлена ўся краіна. Некаторыя чыноўнікі, якія суправаджалі кіраўніка дзяржавы, былі апрануты ў касцюмы, пашытыя з тканіны гэтага прадпрыемства. Прэзідэнт прызнаўся, што хоча пашыць з яе сабе касцюм.
У размове з супрацоўніка прадпрыемства беларускі лідар адзначыў, што на даным этапе займацца швейнай вытворчасцю выгадна. «Швачак не хапае ў краіне, — заўважыў ён. — Гэта было складана ўявіць у савецкія часы. Але пакуль іх не хапае, і гэта няхватка вельмі сур’ёзна заработную плату ў іх падняла, швачка сёння атрымлівае прыстойныя грошы. Таму мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць швейную вытворчасць, але, яшчэ раз падкрэсліваю, усё гэта не бязмежна».
Вырабляць сваё
Падчас наведвання беларускім лідарам ААТ «Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне» ў верасні 2014 года размова ішла аб мадэрнізацыі прадпрыемстваў гарбарнай галіны дзеля іх эфектыўнай работы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў лістападзе 2012 года на ўзроўні кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся перспектывы гарбарнай вытворчасці. «Паўстала пытанне, у што апранаць людзей: у кітайскае, турэцкае або будзем вырабляць сваё? — канстатаваў ён. — Было прынята рашэнне, што будзем вырабляць сваё. Гэта значыць, што ўся скура, якую атрымліваем, павінна быць перапрацавана ў краіне і з яе мы павінны пашыць гатовы тавар: адзенне, абутак, галантарэйныя тавары».
Гаворачы пра аднаго з асноўных спажыўцоў гарбарнай галіны — абутковыя прадпрыемствы, Прэзідэнт нагадаў, што яны следам за гарбарнымі таксама мадэрнізуюцца. У выніку будуць створаны сучасныя прадпрыемствы па выпуску гатовых вырабаў.

«Мы не павінны загубіць сваю вытворчасць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Кітай — гэта добра, але нам трэба вырабляць сваё, тым больш мы ўмеем гэта рабіць. Мы павінны ўзняць сваю вытворчасць, апрануць, абуць у сваё, сучаснае, каб людзі маглі ганарыцца беларускім абуткам».
Праз кароткі час якасць беларускага абутку ацанілі ва ўсім свеце. Падчас наведвання Прэзідэнтам Віцебскага футравага камбіната ў лістападзе 2018 года, мадэрнізацыяй якога займаўся холдынг «Марка», Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што сам аддае перавагу прадукцыі гэтага прадпрыемства: на камбінат беларускі лідар прыбыў у чаравіках гэтай фірмы. Ён адзначыў, што на яго абутак звяртаюць увагу і кіраўнікі іншых дзяржаў.