У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН адкрылася выстаўка «Берагіні Беларусі», прысвечаная 100-годдзю мастацтвазнаўцы і заснавальніцы Музея старабеларускай культуры Вольгі Церашчатавай.
У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН адкрылася выстаўка «Берагіні Беларусі», прысвечаная 100-годдзю мастацтвазнаўцы і заснавальніцы Музея старабеларускай культуры Вольгі Церашчатавай.
У канцы 1960-х — пачатку 1970-х яна ўзначальвала навуковыя экспедыцыі, у якіх вывучаліся і збіраліся творы мастацтва, у тым ліку сакральны жывапіс. На той час, калі яшчэ вялася барацьба з рэлігіяй, гэта быў подзвіг. Абразы, драўляныя скульптуры і царкоўныя прадметы часам выносілі з разбураных храмаў, і вучоная прызнавалася, што жахліва і балюча было глядзець, як усё гэта знікала, гінула.
У адным са сваіх дзённікаў Вольга Церашчатава пакінула запіс: «Калі прыехалі ў Дрысвяты, касцёл аказаўся разбітым ушчэнт. Давялося паўдня капацца ў галубіным памёце і брудзе, выцягваць цікавыя экспанаты. Шыццё золатам і срэбрам, пляценне, вязанне, вышыўка, мастацкія тканіны, пляценне саломкай, пляценне з чароту, разьба пазалачоная і гэтак далей. Усё, што магчыма, забралі».
Выстаўка «Берагіні Беларусі» будуецца на спалучэнні двух ракурсаў. Першы — гісторыя пра незвычайную моц і адданасць вучонай, якая прысвяціла жыццё выратаванню нацыянальных скарбаў. Другі — погляд на жаночы вобраз праз прызму сакральнага мастацтва і народных традыцый. У экспазіцыі прадстаўлены некаторыя з сабраных і выратаваных шэдэўраў. Гэта іконы Божай Маці з калекцыі іканапісу Музея старажытнабеларускай культуры, камплекты жаночых строяў, узоры прадметаў з народнага побыту.
Знайсці, каб пасля аддаць
Доктар мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава, якая была вучаніцай Церашчатавай, заўважае: «Яна — з таго пакалення, што рабіла ўсё для сваёй краіны: спачатку абараняла (у 1944 годзе, як ёй споўнілася 18 гадоў, яна добраахвотнікам пайшла ў разведшколу), пасля аднаўляла, а потым адкрывала значнасць. Ведаў пра старажытнае беларускае мастацтва тады не было. Вольга Васільеўна мела рэдкі для мастацтвазнаўца дар — яна адчувала прадметы і змагла паказаць іх так, што яны сталі здабыткам усіх».
У 1969 годзе, калі была прынята дзяржаўная навуковая праграма па збіранні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР створаны адпаведны сектар. Кадры рыхтаваліся ў палявых умовах. Раней многія спецыялізаваліся на вывучэнні савецкага мастацтва, а тут трэба было знаходзіць і ацэньваць тое, што было малавядомае альбо зусім невядомае, асабліва гэта датычылася сакральнага мастацтва. Было прынята рашэнне збіраць спадчыну. Хутка паўстала пытанне аб захоўванні і рэстаўрацыі, а пасля і аб стварэнні навуковага музея.
У 1974 годзе кіраўнік Акадэміі навук БССР Мікалай Барысевіч падпісаў загад аб будаўніцтве музейнага комплексу. Але ідэя аб стварэнні акадэмічнага музея аказалася пад пагрозай. Па ідэалагічных пытаннях, магчыма з-за негатоўнасці браць адказнасць за рэлігійныя творы, сабраная калекцыя ў 500 адзінак была перададзена Нацыянальнаму мастацкаму музею. Для апошняга, які ў гады вайны страціў большую частку сваіх збораў, гэта быў каштоўны здабытак, менавіта з ім звязаны пачатак стварэння аддзела старажытнабеларускага мастацтва.
Пазнаць непазнаныя скарбы
Уражваюць самаахвярнасць і інтуіцыя Церашчатавай: яна працягнула пошукі. У 1977 годзе перад музейнай групай, якую яна ўзначальвала, была пастаўлена задача за два гады стварыць музей (яго адкрыццё прымеркавалі да 50-годдзя Акадэміі навук БССР). Церашчатава магла разгледзець тое, што прапускалі іншыя даследчыкі. Яна арганізавала выезд у Маларыту, дзе яшчэ ў 1970 годзе зафіксавала ў царкве ікону Божай Маці Замілаванне (сярэдзіна ХV стагоддзя), прычым іншыя на яе не звярнулі ўвагу, бо палічылі творам ХІХ стагоддзя. Менавіта гэты шэдэўр стаў адным са знакавых здабыткаў для будучай экспазіцыі. У 1977 годзе была прывезена ікона Божай Маці Іерусалімскай з храма вёскі Здзітава, з драўлянай вясковай царквы ў Дрысвятах — вялікая ікона «Пакланенне валхвоў», датаваныя не пазней чым 1514 год.
Вользе Церашчатавай удавалася здзейсніць тое, што здавалася немагчымым. Напрыклад, у 1978 годзе яна атрымала дазвол на перадачу калекцыі беларускай этнаграфіі і народнага мастацтва з гісторыка-этнаграфічнага музея Літоўскай ССР — кераміку, тканіны, прадметы этнаграфіі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Беларускія вучоныя змаглі папрацаваць у фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Ім выдзелілі ўсяго 2 гадзіны на агляд вялікага памяшкання з пастаўленымі на паліцах у некалькі радоў іконамі. Дзякуючы нетрывіяльнаму рашэнню (не даставаць, а шукаць артэфакты з разнымі фонамі, шырокімі палямі, апрацаваныя долатам) за кароткі час было, лічы, усляпую выяўлена 7 ікон. Якім жа было ўражанне захавальніка маскоўскага фонду, калі пасля праверкі ў інвентарных кнігах выявілася, што яны ўсе — беларускага паходжання.
«Слабасць, В.В., — не для вас»
Калегі, якія працавалі з Вольгай Церашчатавай, згадваюць яе яскравую знешнасць. Яна заўсёды была з густам апранута, з лёгкім макіяжам, у чаравічках на абцасах. Але яе бачылі і ў гумовых ботах пасярод глею (экспедыцыі працягваліся і позняй восенню, і зімой). Яна магла штурхаць машыну, якая забуксавала, ці дыхлафосам труціць моль, што пагражала калекцыі тэкстылю...
Пра адданасць справе Церашчатавай расказала навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Святлана Бяляева. Яна прааналізавала архіў Вольгі Васільеўны, у тым ліку дзённікі і фота, звязаныя з падрыхтоўкай і рэканструкцыяй будынка, выдзеленага пад музей. «Вось ужо каля месяца як мы пераехалі ў свой будынак. Будынак музея. Здаецца ў 20-х чыслах студзеня. Пераязджалі цяжка, на працягу 10 дзён. Адных экспанатаў больш 10 машын, а абсталяванне, мэбля. Прыходзім толькі нанач дамоў. Калектыў музея маленькі. 6 чалавек плюс часовы лабарант Сярожа, — пісала ў дзённіку Вольга Васільеўна. — З іх 2 мужчыны...» На дапамогу прыйшлі валанцёры з Інстытута фізікі. Праводзілі суботнік за суботнікам, каб падрыхтаваць музей. Першы быў у 1978 годзе. «7 студзеня мылі і чысцілі падлогу, свяцільнікі і вокны, а іх столькі многа і такіх брудных. Мароз 15-20 градусаў. Ліпнуць да сцен і металу рукі. Мыем, чысцім», — яшчэ адзін запіс у дзённіку Церашчатавай. Не хапала грошай ні на экспедыцыі, якія працягваліся, ні на музей. Хваляванні і самаахвярная праца пачыналі адбівацца на здароўі Вольгі Церашчатавай, але яна не дазваляла сабе здацца. «Вам цяжка, В. В.? Вазьміце сябе ў рукі, схавайце свае эмоцыі і нервознасць. Толькі розум павінен кіраваць вамі, — сама сабе ў дзённіку пісала Церашчатава. — Працуйце над сабой штосекундна, штохвілінна, штогадзінна. Роўная, спакойная і ўпэўненая, толькі такой вас павінны бачыць супрацоўнікі і навакольны свет. Слабасць, В.В., — не для вас. Гэта запомніце і ўтаймуйце сябе»... Яна змагла давесці справу да канца.
На адкрыцці Музея старажытнабеларускай культуры прысутнічалі прадстаўнікі не толькі АН БССР, але і саюзных рэспублік. Усе былі ў захапленні. У кнізе водгукаў пакінулі запісы і пісьменнікі — Кандрат Крапіва, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў...
Служыла Вольга Цераштачатава музею да 1992 года. Спыніць гэта шчырае служэнне змагла толькі смерць...
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ