Дзяржава ў такі момант не застаецца ў баку: сем’і могуць атрымаць адразу некалькі выплат. У асобных выпадках сума дасягае 25,5 тысяч рублёў. Памеры дапамогі актуальныя з 1 жніўня па 31 кастрычніка, расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Калі ў сям’і нараджаюцца двайняты, трайняты ці больш дзяцей адначасова, на кожнае народжанае дзіця (калі яны першыя ў сям’і) прадугледжаны шэраг аднаразовых выплат. За першае дзіця — 10 БПМ — 5 303,7 рубля. За другое і наступных — 14 БПМ, гэта 7 425,18 рубля. Акрамя таго, на кожнае дзіця выдзяляецца яшчэ 2 БПМ — 1 060,74 рубля. Атрымліваецца, усяго за двайнят бацькі атрымліваюць ад 14,8 да 16,9 тысяч рублёў, а за трайнят — ад 23,3 да 25,5 тысяч рублёў.
Але грашыма падтрымка не абмяжоўваецца. Сем’і, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, народжаных адначасова, могуць разлічваць на бясплатную няню, пакуль дзецям не споўніцца тры гады. За двайнятамі даглядаюць да 20 гадзін на тыдзень, за трайнятамі — да 40 гадзін. Таксама дзеці да двух гадоў атрымліваюць бясплатныя прадукты харчавання незалежна ад даходу сям’і.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА