21 лютага прафесійная супольнасць адзначае Сусветны дзень экскурсавода. Напярэдадні свята прадстаўнікі турыстычнай галіны сабраліся ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, каб абмеркаваць, як мяняецца аблічча сталіцы і што цікавага яна можа прапанаваць для турыстаў.
Загадчыца сектара па развіцці турызму ўпраўлення міжнароднай дзейнасці і турызму камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дар’я Шыбека запэўніла, што ў бліжэйшае пяцігоддзе ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Турызм» на турыстычнай карце Мінска будуць з’яўляцца новыя аб’екты і лакацыі.

«Плануем новыя мерапрыемствы, якія стануць цэнтрам прыцягнення турыстаў. Працягнецца работа па аднаўленні і распрацоўцы для гасцей сталіцы новых маршрутаў», — сказала яна. Спецыяліст акцэнтавала ўвагу на тым, што ва ўмовах імклівых змяненняў і выклікаў у сферы турызму неабходна адаптавацца да новых патрабаванняў. Таму прадстаўнікі органаў улады, турыстычнай супольнасці настроены на тое, каб выбудоўваць узаемны дыялог для даступных, цікавых і пазнавальных экскурсій.

Мінск сёння — горад, які ўмее здзіўляць. І колькасць новых аб’ектаў — найлепшае таму пацвярджэнне. З гэтым меркаваннем згодны і намеснік старшыні праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Дзмітрый Скварчэўскі, які адзначыў, што амаль для 50 % замежных турыстаў асноўным месцам наведвання з’яўляецца Мінск. «Існуе тэндэнцыя радыяльных тураў, калі спыняюцца ў сталіцы і ездзяць у розныя пункты краіны. Актуальная задача — затрымаць турыстаў як мага даўжэй у абласных гарадах і ў сталіцы ў тым ліку. А для гэтага патрабуецца адкрываць новыя лакацыі. Вядуцца работы па рэканструкцыі Пішчалаўскага замка, што дасць добрыя ўмовы для паўнавартаснага пешага гістарычнага маршруту па Мінску. Актуальным з’яўляецца распрацоўка аўтарскіх тэматычных тураў, развіццё тэатралізаваных экскурсій, нацыянальных вечароў і гэтак далей. Сёлета мы ўжо зможам убачыць плён гэтай работы», — расказаў спецыяліст і запрасіў ўсіх на мерапрыемствы, якія адбудуцца ў рамках «Вялікага турыстычнага тыдня» з 6 да 11 красавіка.

Для абмеркавання актуальнага стану і перспектыў турыстычнай галіны сталіцы месца было выбрана невыпадкова: сёння Лошыцкі парк — адзін з галоўных аб’ектаў рэнавацыі, які знайшоў новае жыццё і стаў пунктам прыцягнення для наведвальнікаў.

Загадчыца філіяла музея «Лошыцкая сядзіба» Лідзія Марковіч адзначыла, што цікавасць да сядзібы пачалася з 1980-х гадоў, калі вядучы архітэктар Беларусі Галіна Левіна занялася вывучэннем гэтага аб’екта. Ствараўся маёнтак на 12 га прылеглай тэрыторыі. Сёння Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс — гэта 99 га, які напоўнены самымі рознымі лакацыямі, помнікамі і аб’ектамі.
Па словах Лідзіі Генадзьеўны, гэта адзін з нямногіх аб’ектаў жылой архітэктуры, які захаваўся ў ваколіцах Мінска. Незвычайны стыль мадэрн перадае і асаблівасці горада, і яго жыхароў. Яна расказала, што вялікая работа па рэстаўрацыі пачалася ў 2000-х і доўжылася доўга. «За аснову браўся метад рэстаўрацыйнага зандажу. Захаваліся арыгінальныя печы, на момант рэстаўрацыі драўлянаму дому было 300 гадоў, таму, зразумела, ён перабіраўся, узнаўляўся насценны роспіс, арыгінальныя засталіся ўсе дзвярныя парталы вестыбюля. Рэстаўратараў чакала шмат цікавых сюрпрызаў. Калі ў афармленні мы бачым дрэва, то на самай справе гэта ляпніна і роспіс — імітацыя пад дрэва. Усе дзверы зроблены з лістоўніцы, таніраванай пад розную тэкстуру драўніны, гэтага патрабаваў дызайн. А для наведвальнікаў музей — гэта вакно ў свет XIX-XX стст. Экспазіцыя створана такім чынам, быццам прыйшлі ў госці і ўсяго толькі размінуліся з гаспадарамі дома. Тут незвычайная атмасфера, нездарма Лошыцкую сядзібу называюць таямнічым месцам з рознымі легендамі», — расказала загадчыца.

Яна дадала, што комплекс разрастаецца, новыя аб’екты рэстаўрыруюцца, узнаўляецца архітэктурная гісторыя маёнтка.
Дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Комплекс «Гасцінны» Наталля Ярмак расказала, што на паркавай тэрыторыі сядзібы цяпер размяшчаецца ўнікальны шматфункцыянальны гасцінічны комплекс, які доўгія гады быў у заняпадзе. Старыя пабудовы былой вінакурні, спіртзавода і млына ў парку прайшлі маштабнае абнаўленне. Летась з удзелам Кіраўніка краіны адбылося адкрыццё. Цяпер гасцінічны комплекс прымае пастаяльцаў, чакае маладых для рэгістрацыі шлюбу і арганізоўвае банкеты.
Загадчыца сектара па развіцці турызму ўпраўлення міжнароднай дзейнасці і турызму камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дар’я Шыбека павіншавала ўсю турыстычную супольнасць з прафесійным святам.

Яна адзначыла, што Міжнародны дзень экскурсавода, які святкуецца штогод з 1990-га, аб’ядноўвае не толькі тых, хто любіць сваю краіну, паважае культуру і традыцыю, але і тых, хто гатовы дзяліцца сваімі ведамі і любоўю з іншымі.
Спецыяліст акцэнтавала ўвагу на тым, што ажыццяўляць экскурсійнае абслугоўванне экскурсаводы могуць па трох формах. Як служачыя, занятыя ў арганізацыях турызму на падставе заключанага дагавора ці кантракту. Другая форма — калі фізічная асоба зарэгістравана на аснове заключанага грамадзянскага прававога дагавора на аказанне паслуг. І трэцяя форма — ажыццяўленне экскурсійнага абслугоўвання ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Яна нагадала, што ўсе экскурсаводы ў абавязковым парадку павінны праходзіць прафесійную атэстацыю, якая пацвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Дар’я Шыбека дадала: «У сталіцы ў 2025 годзе атэставаліся 73 экскурсаводы і 13 гідаў-перакладчыкаў. На сённяшні дзень атэставана ў цэлым 390 экскурсаводаў і 94 гіды-перакладчыкі. Гэтымі прафесіяналамі мы вельмі даражым, таму што ў час дынамічнага развіцця ўнутранага і ўязнога міжнароднага турызму, асабліва ад нашых бліжэйшых суседзяў з Расіі, прафесія экскурсавода стала не проста папулярнай, а вельмі прэстыжнай. Патрэба ў якасным экскурсійным суправаджэнні высокая. Мы зацікаўлены ў тым, каб нарошчваць магутнасці кадравай падрыхтоўкі».
«Унікальнасць гэтай прафесіі ў тым, што экскурсавод і гід-перакладчык у адной асобе — гэта і акцёр, і педагог, і псіхолаг, і даследчык, чалавек унікальных ведаў, эрудзіраваны, стрэсаўстойлівы, пазітыўны і заўсёды адкрыты турыстам», — адзначыла падчас прэс-канферэнцыі атэставаны экскурсавод Марына Масташова.
Спецыяліст дадала, што экскурсаводы — гэта не толькі праваднікі па гістарычных і культурных мясцінах, а і сапраўдныя захавальнікі гісторыі, якія праз свае аповеды дапамагаюць гасцям лепш зразумець мінулае, усвядоміць каштоўнасць гісторыка-культурнай спадчыны і адкрыць для сябе нязведаныя куткі нашай краіны, у тым ліку сталіцы.
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД