Напярэдадні Сусветнага дня аховы працы, які адзначаецца 28 красавіка, прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сабраліся, каб пагаварыць пра галоўнае: як перайсці ад простай прафілактыкі траўматызму да сапраўднай культуры бяспечных паводзін на вытворчасці.
Сёння ў Беларусі выбудавана сістэма, якая дазваляе прадпрыемствам не рухацца хаатычна, а прытрымлівацца дакладнага дзяржаўнага алгарытму. Як падкрэсліў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Токун, ключавы акцэнт цяпер ссоўваецца з чыста тэхнічных патрабаванняў у плоскасць чалавечых адносін.
«Галоўны прынцып — развіццё атмасферы даверу паміж кіраўніцтвам і работнікамі. Калі будуць чуць адзін аднаго, тады і пытанні будуць вырашацца. Бо як работнік можа рэалізаваць прынцып выяўлення рызык, калі яму не паказалі, дзе гэта рызыка можа знаходзіцца?» — заўважыў ён.
На думку спецыялістаў, асноўнымі фактарамі траўматызму застаюцца менавіта недапрацоўкі наймальніка: непадрыхтаванае працоўнае месца, няякасна распрацаваныя інструкцыі і, як вынік, адсутнасць рэальнага навучання.
Каб пераканацца, што сістэма працуе, дастаткова звярнуць увагу на канкрэтныя рэгіёны. Як расказаў начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Карчэўскі, штогадовыя праграмныя мерапрыемствы даюць свой вынік: «У мінулым годзе ў трох раёнах трох абласцей — Шаркаўшчынскім, Веткаўскім і Карэліцкім — не адбылося ніводнага няшчаснага выпадку на вытворчасці. Гэта цалкам дасягальна пры нармальнай арганізацыі працы».
Пры гэтым за лічбамі статыстыкі стаяць і праблемы. Толькі ў мінулым годзе медыкамі было зафіксавана 40 прафесійных захворванняў. Гэта сведчыць аб тым, што задача — не проста пазбегнуць траўмы, а стварыць аптымальныя санітарна-гігіенічныя ўмовы.
Асобным і, мабыць, самым вострым блокам размовы стала барацьба з фармалізмам падчас правядзення інструктажаў. Па словах начальніка ўпраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Вадзіма Вансовіча, простага подпісу ў журнале па тэхніцы бяспекі сёння недастаткова. «Адкуль работнік будзе ведаць патрабаванні, калі вы нават не далі яму пачытаць інструкцыю? — заўважыў ён. — Спачатку дайце пачытаць, потым праверце веды — і толькі тады дазваляйце працаваць. Я заклікаю ставіцца да бяспекі сур’ёзна. Нашы інспектары бачалі вочы чалавека, які страціў канечнасць, ці вочы маці загінулага. Тады становіцца зразумела, што цана парушэння — велізарная».
Каб дапамагчы наймальнікам своечасова знайсці недахопы, на сайтах профільных ведамстваў размешчаны спецыяльныя чэк-лісты. Паводле слоў Вадзіма Вансовіча, любы кіраўнік можа скарыстацца гэтымі дакументамі, каб праверыць сябе: ці ўсе загады створаны, ці правільна прызначаны адказныя асобы, ці адпавядае рабочае месца нормам.
Прыклад таго, як работа па выкананні тэхнікі бяспекі ставіцца на рэальны кантроль, прывёў намеснік тэхнічнага дырэктара па ахове працы, навакольнага асяроддзя і прамысловай бяспекі Мінскага трактарнага завода Васіль Сакач: «На заводзе ўстаноўлена каля дзвюх тысяч камер відэаназірання. Інжынеры і служба аховы адсочваюць парушэнні не толькі па запісах, але і ў анлайн-рэжыме. Калі фіксуецца парушэнне — прэмія здымаецца на 100 %. Акрамя таго, у нас дзейнічае сістэма культуры вытворчасці. Калі стан незадавальняючы, кіраўніцтва цэха губляе да 50 % прэміі. А калі няма траўм і ўсё арганізавана выдатна — падраздзяленне атрымлівае заахвочванне».
Надзея ЗУЕВА