Як франтавікі стварылі найлепшыя спартыўныя школы

Па той бок медаля


Спорт — гэта найперш пра стваральную працу, пра сяброўства, павагу — словам, пра ўсё, што знішчае вайна. Дзякуючы гераічнаму пакаленню пераможцаў бітвы і супрацьстаянні мы бачым пераважна на спартыўных арэнах.

140 вылетаў — 140 баёў

У сям’і Коганаў было чатыры браты, якія шчыра любілі спорт. Старэйшы Арон быў чэмпіёнам БССР па ўзняцці цяжараў. Аляксандр перамагаў на спаборніцтвах па класічнай барацьбе. Малодшыя Мацвей і Уладзімір у 1935 годзе прыйшлі ў секцыю бокса. А ўжо ў 1937-м 20-гадовы Уладзімір Коган стаў чэмпіёнам БССР. Крок за крокам беларускі спартсмен прабіваўся і на ўсесаюзны рынг. Але гэты шлях спыніла вайна.

Падчас вайны Уладзімір Коган быў стралком бамбардзіроўшчыкаў Іл-4 і Ту-2. Моцны хлопец з вокамгненнай рэакцыяй баксёра дастаўляў партызанам спецыяльныя грузы, ажыццяўляў бамбардзіроўкі аб’ектаў праціўніка, разведваў сітуацыю на аэрадромах і дарогах. «Фізпадрыхтоўка рэальна дапамагала ў палётах, а асабліва цяжкія былі вылеты ў партызанскія зоны. Боепрыпасы скідваліся па агнях вогнішчаў — на парашутах, а валёнкі, кажушкі, цюкі з прадуктамі я выкідваў праз сваё стралковае акно. І так да васьмі заходаў над партызанскай зонай, акружанай нямецкімі гарнізонамі», — успамінаў Уладзімір Львовіч у адным з інтэрв’ю. Усяго ён здзейсніў 140 баявых вылетаў, столькі ж разоў выходзіў на рынг. Яго гераізм і смеласць былі заўважаны — у 1943-м Уладзімір Коган адзначаны медалём «За адвагу», а ў чэрвені 1944-га — ордэнам Чырвонай Зоркі.

Вайна разлучыла Уладзіміра Когана не толькі з любімым боксам, але і з каханай жонкай. Вера Коган з двухмесячным сынам Віталем не паспела эвакуіравацца з Мінска, засталася ў занятым ворагам горадзе. У хуткім часе хлопчык моцна застудзіўся і памёр. А пакуль муж знішчаў ворага з вышыні, маладая жанчына змагалася ў падполлі, разам з легендарнымі Іванам Кабушкіным і Анатолем Ляўковым.

Уладзімір Коган у ваеннае ліхалецце паспяваў не толькі змагацца з ворагам, але і спаборнічаць на рынгу. У 1945 годзе ў Маскве праводзіліся гарадскія спаборніцтвы па боксе, і якраз менавіта ў той час ён быў у савецкай сталіцы, мяняў самалёт. Баксёра выклікалі на турнір. Выступіў ён вельмі ўдала — заняў першае месца. На наступны дзень, захапіўшы некалькі нумароў «Правды», дзе былі апублікаваны імёны пераможцаў, з’ехаў у свой полк. Апошні вылет Уладзімір Коган здзейсніў на Берлін 22 красавіка 1945 года — «ІЛ-4» скінуў цяжкі груз бомбаў у самы цэнтр варожага логава

Пасля Перамогі Коган вярнуўся ў родны Мінск, да каханай жонкі і да любімага бокса. У 1949 годзе ён стаў чэмпіёнам СССР — першым сярод беларускіх баксёраў, праз некалькі гадоў ён стане першым у гісторыі айчыннага бокса заслужаным трэнерам СССР. А да гэтага трэніраваўся сам і трэніраваў хлопцаў. Праца выдалася няпростая: у пасляваенным Мінску не было нават самых элементарных умоў. Але дзякуючы намаганням апантанага Уладзіміра Когана фарміравалася школа беларускага бокса. Ёй былі ўласцівыя выдатная фізічная і валявая падрыхтоўка спартсменаў, беларусы вылучаліся калектывізмам. Уладзімір Коган умела аб’ядноўваў калектыў, ён быў для сваіх хлопцаў найлепшым прыкладам і абсалютным аўтарытэтам. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: ужо ў сярэдзіне 1950-х беларускія баксёры, выхаванцы Когана, былі канкурэнтаздольнымі на ўсесаюзным рынгу. Адным з самых яркіх эпізодаў у трэнерскай кар’еры Уладзіміра Когана стаў чэмпіянат СССР 1961 года, калі ў фіналы выйшлі аж восем яго вучняў. Пяцёра з іх вярнуліся дадому з медалямі. Сярод яго вучняў Аляксей Засухін — чэмпіён СССР і сярэбраны прызёр першынства Еўропы. Анатоль Іванаў нават увайшоў у каманду, якая рыхтавалася да Алімпійскіх гульняў 1956 года, але па розных прычынах у Мельбурн не паехаў. Найлепшымі савецкімі баксёрамі не раз станавіліся Барыс Прупас, Вілі Іллічэнка, Барыс Русак і Леанід Крук. Анатоль Грышчук пайшоў па слядах свайго настаўніка і некалькі гадоў трэніраваў зборную Беларусі. А Уладзімір Грыгараў нават быў міністрам спорту.

На полі бою і на футбольным полі

Міхаіл Базенянкоў з Раслаўля, што на Смаленшчне, марыў аб кар’еры футбаліста. Хто з савецкіх хлапчукоў аб гэтым не марыў?! Але траўма, атрыманая ў 18 гадоў, перакрэсліла ўсе планы. Аднак без спорту Міхаіл ужо не мог. У 1939-м ён быў залічаны на першы курс Мінскага інстытута фізічнай культуры. Паспяваў вучыцца і працаваць лабарантам на кафедры спартыўных гульняў — даводзілася разлічваць толькі на сябе. Жыццё віравала і наладжвалася... Але настала 22 чэрвеня 1941-га.

Спачатку Міхаіл апынуўся ў Маскве, а пасля — у Куйбышаве. Там на мясцовым чыгуначным вузле студэнт з Мінска працаваў метадыстам па фізічнай культуры, гуляў у футбол за куйбышаўскі «Лакаматыў». А ў маі 1942-га Пралетарскім райваенкаматам горада Міхаіл быў прызваны ў Чырвоную Армію. Яго ваенная біяграфія ахоплівае шэсць франтоў: Цэнтральны, Паўночна-Заходні, Валхоўскі, Заходні, 3-і Беларускі і 1-ы Прыбалтыйскі. Вайну прайшоў у званні старшыны батарэі ўпраўлення. Ваяваў смела, мужна, адчайна, без страху выконваў самыя небяспечныя і складаныя задачы. Яго стараннасць, смеласць і мужнасць камандаванне ацаніла. Пад Кёнігсбергам старшына, які любіў рызыкаваць, стаў камандзірам узвода разведкі. У адной са справаздач сказана: «У баях з нямецкімі захопнікамі ў раёне Фішхаўзен таварыш Базенянкоў выявіў і перадаў на батарэі 9 агнявых пунктаў ворага, у наступальным баі знішчыў з асабістай зброі 17 салдат і афіцэраў ворага, са сваім аддзяленнем штурмаваў дзот і знішчыў асабовы склад, які знаходзіцца ў ім».

Дэмабілізаваўся Міхаіл Георгіевіч з двума ордэнамі — Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2-й ступені. Удзел у Парадзе Перамогі таксама быў узнагародай. А ў 1946 годзе Міхаіл Базенянкоў вярнуўся ў Мінск. Вярнуўся і да заняткаў спортам. Ён быў неаднаразовым чэмпіёнам рэспублікі па тэнісе і фехтаванні. Але ў гісторыю Міхаіл Базенянкоў увайшоў як адзін з пачынальнікаў беларускага хакея. Напрыканцы 1940-х гэты від спорту толькі пачынаў у нас развівацца і развівалі яго прадстаўнікі іншых відаў. У сезоне 1947/1948 мінская каманда «Тарпеда» ўпершыню выступіла ў чэмпіянаце СССР. Выступіла дрэнна: заняла апошняе месца. У наступным сезоне каманда перайшла пад крыло добраахвотнага спартыўнага таварыства «Спартак» і пад новай назвай пачала пісаць новую гісторыю. Цэнтральнай фігурай новай каманды стаў менавіта Міхаіл Базенянкоў, які быў гуляючым трэнерам, што ў той час з’яўлялася нормай. Ён увайшоў у гісторыю і як аўтар першага ў СССР навучальнага дапаможніка «Хакей», які ўбачыў свет у 1950-м. У тым жа годзе нечакана Міхаілу Базенянкову прапанавалі ўзначаліць каманду мінскага «Дынама». Здавалася б, нічога дзіўнага тут няма. Але каманда тая — футбольная. Ніколі, пачынаючы з 1936 года, на чале мінскай каманды не стаялі мясцовыя спецыялісты. І вось у 1950-м вырашылі гэта выправіць. Тое, што Міхаіл Базенянкоў працаваў толькі з хакейнымі камандамі, нікога не засмучала: спецыяліст жа добры

І ён гэты выклік (а інакш і не назавеш) прыняў. Хіба палохалі франтавіка такія цяжкасці? Не пабаяўся нават таго, што за мінскім «Дынама» вельмі ўважліва сачыў міністр дзяржбяспекі Лаўрэнцій Цанава. У 1954-м футбольная каманда «Дынама-Мінск» стала бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР, упершыню ў гісторыі. У Міхаіла Базенянкова зноў усё атрымалася! У 1957 годзе яму першаму з беларускіх футбольных трэнераў было прысвоена званне заслужанага трэнера СССР. А ў 1964-м Міхаіл Базенянкоў стаў першым загадчыкам кафедры футбола і хакея ў Беларускім інстытуце фізічнай культуры. Сапраўды, баязлівец не гуляе ў хакей.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю