Top.Mail.Ru

Як галоўны бухгалтар прыватнай фірмы выкрала буйную суму ў сваёй кампаніі

Таямніца сямейнага бюджэту


Следчыя Фрунзенскага раённага аддзела сталіцы ўстанавілі абставіны крадзяжу маёмасці і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі бухгалтарам адной прыватнай арганізацыі, якая зарэгістравана ў Мінскім раёне.

Як устанавіла следства, галоўны бухгалтар кампаніі, 55-гадовая мінчанка, на працягу пяці гадоў выконвала свае працоўныя абавязкі дыстанцыйна, толькі час ад часу наведваючы офіс. Гэта не перашкодзіла ёй у 2021 годзе фіктыўна працаўладкаваць на прадпрыемства свайго мужа. Для гэтага яна падрыхтавала працоўныя і грамадзянска-прававыя дагаворы ад імя фірмы, а таксама акты быццам бы выкананых работ. Яе муж, не падазраючы аб незаконнай дзейнасці жонкі, падпісваў усе дакументы і ў іх змест не ўнікаў, паколькі, як заявіў ён пазней на следстве, «безумоўна давяраў» ёй. 

У сваю чаргу, кіраўнік суб’екта гаспадарання, з прычыны вялікага аб’ёму «папер», якія неабходна, на добры толк, перад падпісаннем усё ж прачытаць, таксама не ўдавалася ў падрабязнасці, спадзеючыся на прыстойнасць і добрасумленнасць падначаленай. У апошняй жа, з прычыны абавязкаў, якія яна выконвала, меўся электронны ключ для здзяйснення фінансавых аперацый ад імя фірмы.

Муж жанчыны лічыўся на пасадзе кіроўцы, хоць на прадпрыемстве службовых аўтамабіляў не было. Усе работнікі карысталіся асабістым ці грамадскім транспартам. «Заробленыя» ім грашовыя сродкі жанчына пералічвала на банкаўскую картку, якая знаходзілася ў яе і была выпушчана на імя мужа. Гэтай картай мужчына не карыстаўся на працягу доўгага перыяду і не здагадваўся, што на ёй з’яўляліся немалыя грашовыя сродкі. Для «чысціні» разлікаў, якія праводзіліся па лініі бухгалтэрыі, абвінавачаная рабіла выплату ўсіх неабходных падаткаў і збораў. А атрыманымі фінансамі распараджалася па ўласным меркаванні.

«Шэрая» схема галоўбуха выявілася пасля спынення працоўных адносін з наймальнікам у 2026 годзе.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, усяго за перыяд супрацьпраўнай дзейнасці мінчанка выкрала больш за 24 тысячы рублёў, а таксама нанесла ўрон арганізацыі на агульную суму звыш 13 тысяч рублёў у выглядзе неабгрунтавана выплачаных узносаў і падаткаў.

Следчыя, вывучыўшы асобу мінчанкі, яе працоўны шлях, устанавілі, што яна мела вялікі стаж работы на пасадзе галоўнага бухгалтара розных суб’ектаў гаспадарання, дакладна ведала свае абавязкі, функцыі і меры адказнасці.

Дарэчы, сваю віну ў здзяйсненні злачынстваў былая бухгалтар прызнала поўнасцю. У дачыненні да фігуранткі прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва. Яна таксама забяспечыла поўнае пакрыццё прычыненай шкоды.

Дзеянні былой адказнай асобы кваліфікавалі па ч. 3 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Максімальнае пакаранне за ўчыненне злачынства складае 10 гадоў пазбаўлення волі са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю