Ад занядбанай пусткі — да «Утульнага месца»
У цэнтры аграгарадка Гіркі ёсць цудоўны парк з прыгожай назвай «Утульнае месца». Праект, які раней здаваўся мясцовым жыхарам толькі смелай марай, стаў рэальнасцю дзякуючы перамозе ў абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, арганізаваным Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў.

У ліку найлепшых
Усё пачалося з неабыякавасці. Закінутая пустка ў самым цэнтры Гірак доўгі час псавала выгляд аграгарадка: увесну і пасля моцных дажджоў яе ўвесь час затапляла вадой, а старыя хмызнякі ператваралі тэрыторыю ў непраходныя зараснікі. Ідэя даць гэтаму месцу другое жыццё прыйшла загадчыцы Гіркаўскага сектара культуры і вольнага часу Алене КАРПІНСКАЙ, якую горача падтрымала старшыня Гіркаўскага сельвыканкама Святлана ХШАНОЎСКАЯ. Разам яны аформілі праект і падалі заяўку на абласны конкурс.
Вынік перасягнуў чаканні: ініцыятыва з Воранаўскага раёна ўвайшла ў лік 13 найлепшых у вобласці і атрымала фінансавую падтрымку.
— У нашым аграгарадку не было ні дзіцячых пляцовак, ні месцаў для прагулак і сустрэч жыхароў, — расказала Святлана Хшаноўская. — Пустыр здаваўся гнятлівым. Перыядычна нехта прывозіў сюды смецце, і ўвесь участак выглядаў закінутым і недагледжаным. Жыхары раёна падтрымалі ідэю стварыць лакацыю, дзе можна было б увечары прайсціся, пагуляць і адпачыць.
Па словах старшыні сельвыканкама, уладкаванне парку ператварылася ў сапраўдную народную будоўлю.

— Вяскоўцы выходзілі на суботнікі цэлымі сем’ямі: расчышчалі тэрыторыю ад аварыйных дрэў, дапамагалі выраўноўваць грунт. Велізарную дапамогу аказала і наша гаспадарка — КСУП «Гіркі». Прадпрыемства не толькі выдзеліла дадатковае суфінансаванне, але і дапамагло з тэхнікай і падвозам матэрыялаў. Агульнымі намаганнямі ўдалося вырашыць і галоўную праблему ўчастка: ачысцілі мясцовую сажалку і ліквідавалі падтапленні.
Было балота — стала любата!
Сёння «Утульнае месца» цалкам апраўдвае сваю назву. На месцы былога балота раскінулася добраўпарадкаваная зона адпачынку. Для самых маленькіх жыхароў аграгарадка ўстанавілі сучасны гульнявы комплекс з арэлямі і горкамі. Прыхільнікі здаровага ладу жыцця аблюбавалі пляцоўку з вулічнымі трэнажорамі. А для тых, хто аддае перавагу спакойнаму адпачынку, у цені дрэў уладкавалі камфортныя альтанкі.
— Кошт праекта склаў 54 700 рублёў. У нас тут жыве 130 чалавек, і яны сабралі 2400 рублёў. Астатнюю неабходную частку, каб атрымаць 10 % ад кошту праекта, выдзеліла наша гаспадарка. Акрамя таго, жыхары раёна пасадзілі больш за чатырыста саджанцаў дрэў — ліп, бяроз, клёнаў і елак. Частку дрэўцаў набыла адміністрацыя, а частку — лясніцтва. Аднак работы яшчэ не скончаны. Трэба пракласці дарожкі, усталяваць масткі праз канал і падключыць вулічнае асвятленне. На дадзены момант устаноўлена дзевяць ліхтароў. Усё гэта мы ўжо робім самастойна на раённым узроўні.
Зацікаўленыя людзі
Святлана Хшаноўская з вялікай цеплынёй успамінае перыяд актыўнай будоўлі. Нягледзячы на тое, што аб’ём работ быў вялізны, добраўпарадкаванне прынесла шмат радасці. Было прыемна бачыць, як жыхары аб’ядналіся, каб зрабіць жыццё ў аграгарадку найлепшым. Бо колькі грошай ні выдзелі, яны не дапамогуць, калі людзі самі не зацікаўлены ў парадку, утульнасці і прыгажосці.

А ў Гірках гэта ўсё ў вялікай пашане. Кожны дворык — твор мастацтва. За акуратненькімі прыбранымі агароджамі летам мора кветак, а зімой усё абсыпана святочнымі агеньчыкамі. І гэта грамадзянская ініцыятыва стала яшчэ адным прыкладам таго, як жыхары раёна могуць аб’яднацца і змяніць сваю малую радзіму.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара