З медалямі з Албаніі
У албанскім горадзе Дурэс завяршыўся чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў і моладзі (да 23 гадоў). Буйны спартыўны форум сабраў каля 400 перспектыўных атлетаў, якія прадставілі 38 дзяржаў кантынента. На працягу тыдня наймацнейшыя маладыя штангісты аспрэчвалі ўзнагароды як у асобных практыкаваннях (рыўку і штуршку), так і ў суме алімпійскага дваябор'я. Беларускія спартсмены, якія выступалі на спаборніцтвах, унеслі ўклад у медальную скарбонку, заваяваўшы ў агульнай складанасці 15 узнагарод рознай вартасці, уключаючы 8 залатых медалёў. Сярод прызёраў і пераможцаў былі і спартсмены Гродзеншчыны. Пагаварылі з хлопцамі аб турніры і іх спартыўнай кар’еры.
Выпадковая сустрэча
Арцём Рагожынскі змагаўся за медалі ў вагавой катэгорыі звыш 110 кг. Стартавае практыкаванне прынесла яму безумоўны поспех: падняўшы 169 кг у рыўку, Арцём гарантаваў сабе малую залатую ўзнагароду. У штуршку гродзенскі штангіст справіўся з вагой 195 кг. Падагульняючы вынік спартсмена ў дваябор’і склаў 364 кг, што дало магчымасць Арцёму ўвайсці ў пяцёрку наймацнейшых цяжкаатлетаў Еўропы ў сваёй узроставай катэгорыі.
Гісторыя спартсмена пачалася ў сярэдняй школе, калі ў клас з прэзентацыяй прыйшоў трэнер Генрых Рудзевіч. Ён расказаў аб цяжкай атлетыцы, і Арцём вырашыў схадзіць, паглядзець, што да чаго. Тады мой суразмоўца не задумваўся аб прафесійнай кар’еры. Проста вырашыў паспрабаваць. Бацькі выбар ухвалілі, асабліва бацька, бо ён бачыў, што ў сына ёсць фізічныя даныя.
— Але я не заўсёды быў старанным вучнем, шчыра прызнаюся. У 21-м годзе я стаў горш трэніравацца, часам прапускаў трэніроўкі. Усё ж такі гэты падлеткавы этап даў аб сабе ведаць. Недзе больш хацелася пагуляць, адпачыць. Але потым мой вядучы трэнер Вадзім Аляксандравіч Абрамовіч сказаў, што ў мяне ёсць усе шанцы трапіць на чэмпіянат Еўропы да 15 гадоў. І гэта мяне зматывавала. І ўсё ўжо адышло на другі план, стала цікава, магу ці не. У выніку я паехаў і ўзяў золата. Гэтую перамогу я вельмі добра памятаю, але падабраць словы вельмі складана, каб апісаць увесь спектр эмоцый. Проста скажу, што я вельмі рады, што ў моманце змог сабрацца і не кінуў цяжкую атлетыку.
Нягледзячы на тое, што вага ў гэтым спорце экстрэмальна вялікая, Арцём кажа, што калі рабіць усё правільна, праблем не будзе. Тыя, хто хочуць прыйсці ў цяжкую атлетыку, павінны памятаць, што трэба строга выконваць рэжым ва ўсім: у ежы, трэніроўках, адпачынку, патрэбная дадатковая вітамінізацыя. А таксама важна слухаць трэнера, які заўсёды ведае, як зрабіць лепей. Спартсмен адзначае, што нейкай асаблівай падрыхтоўкі да гэтага чэмпіянату не было. Проста ўсё было як звычайна.
— І я стараюся не думаць аб маючых адбыцца спаборніцтвах. Максімальна чышчу галаву. Эмацыйнае знясіленне ніякай карысці не прынясе. Выкарыстоўваю максімальна простыя, паўсядзённыя рэчы — прагулкі, кіно і серыялы, кнігі. Гэта дапамагае адцягнуцца і разгрузіць думкі. Даю ім ход ужо амаль перад самым выступленнем. Да таго ж арганізацыя спаборніцтваў выдатная, прыемна было пагутарыць з іншымі спартсменамі, абстаноўка прыязная.
Калі я спытала ў Арцёма, у чым яго поспех, ён, усміхаючыся, адказаў, што ў цвёрдалобасці. Упартасці яму не займаць. А яшчэ ён вельмі добра памятае пачатак свайго шляху, першыя поспехі.
— Як бы дзіўна ні гучала, гэта мой любімы этап у кар’еры. Вядома, усе наступныя трэніроўкі і поспехі таксама выклікаюць буру эмоцый, але тым не менш пачатак шляху з яго ўзлётамі і падзеннямі застаецца любімым. Магчыма таму, што менавіта там былі закладзены ўсе асновы.
У планах на будучыню гродзенскі штангіст накіраваны на заваяванне новых спартыўных вяршыняў. Бліжэйшым важным выклікам для яго стане Кубак Рэспублікі Беларусь, дзе атлет разлічвае перасягнуць свой вынік, паказаны на еўрапейскім першынстве. Галоўнай доўгатэрміновай мэтай спартсмена застаецца афіцыйнае залічэнне ў асноўны склад нацыянальнай зборнай краіны па цяжкай атлетыцы.

«Мая апора ў сям’і»
Роберт Куроўскі ў суперцяжкай вагавой катэгорыі (звыш 110 кг) заваяваў малы залаты медаль у рыўку, паказаўшы вынік 183 кг, а таксама ўзяў малую бронзу ў штуршку з вагой 220 кг. У выніковым пратаколе дваябор'я Роберт размясціўся на трэцім радку, саступіўшы толькі двум цяжкаатлетам з Расіі.
Шлях Роберта ў спорт быў дакладна вызначаны. Юнак са спартыўнай сям’і. Яго бацька Генадзь Валянцінавіч Куроўскі — вядомы беларускі трэнер па цяжкай атлетыцы, старшы трэнер Гродзенскай вобласці, майстар спорту СССР. Старэйшыя браты Роберта таксама займаюцца цяжкай атлетыкай. Але бацька хлопца не настойваў на тым, каб ён абраў менавіта гэты шлях.
— Я мог выбраць любы напрамак. Тата ніколі не імкнуўся да таго, каб дзеці ішлі па ім шляху. Гэта ўсё атрымалася само сабой. Я ў трэніровачных залах ледзь не з пялёнак. Часта бываў з бацькам на працы. І мне падабалася тое, чым ён займаўся.
Так што шлях у цяжкую атлетыку Роберт абраў свядома, яшчэ ў дзяцінстве адчуўшы ў сабе каласальны сілавы патэнцыял і патрэбную для гэтага віду спорту хуткасць. Па словах штангіста, яго зацягнула сама спецыфіка гэтага вузканакіраванага і відовішчнага спорту. Тым, хто сёння толькі выбірае гэты шлях і прыглядаецца да штангі, атлет раіць не сумнявацца, але памятаць аб важных якасцях: апроч галоўнага правіла — проста шмат працаваць, ключавымі фактарамі поспеху ў цяжкай атлетыцы з’яўляюцца сіла, гнуткасць і характар.
— У зале можна проста трэніраваць асобныя групы мышцаў, але нашы спецыфічныя практыкаванні для развіцця рыўка і штуршка прымушаюць па-асабліваму адчуваць увесь арганізм. Гэта дае незабыўныя эмоцыі, — дзеліцца Роберт.
Ацэньваючы сваё нядаўняе выступленне на еўрапейскім памосце, наваспечаны прызёр захоўвае максімальную самакрытычнасць. Кажа, што не дасягнуў тых вынікаў, што хацеў, але імкнецца ставіцца да сябе з разуменнем, бо зусім нядаўна ў яго была аперацыя на калене. Не, са спортам яна не звязана.
— Быў прыроджаны момант — нараст на каленнай чашачцы. Ён перашкаджаў займацца спортам, вырашылі выдаліць. Аперацыя была ўлетку, а вось увосень я ўжо пайшоў на спаборніцтвы. Калі б не калена, зрабіў бы ўсё значна лепш, сіл бы ў мяне сапраўды хапіла. Але пасля аперацыі прайшло не так шмат часу, яно балела. Таму ў сваіх парывах прыйшлося стрымлівацца, але тым не менш хлопцы, якія атрымалі «серабро» і «золата», вельмі класныя і выдатна сябе паказалі.
Мой суразмоўца, адказваючы на пытанне, у чым яго поспех, гаворыць аб сям’і. Вядома, упартасці волі яму не займаць, але больш за ўсё сілы яму даюць сямейныя сувязі. Да нядаўняга часу свае поспехі Роберт прысвячаў бацьку, маладому чалавеку хацелася адпавядаць паспяховаму тату, браў з яго прыклад. Цяпер жа ў яго яшчэ больш нагоды для радасці і больш упартых трэніровак.
— Я нядаўна ажаніўся. І мая жонка — магутная крыніца натхнення. Яна падзяляе ўсе моманты маёй спартыўнай кар’еры. Акрамя таго, я адчуваю падвойную адказнасць, бо ў Насці ёсць дачушка Арыэль. Я стаў не толькі мужам, але і бацькам. Я не дзялю дзяцей на сваіх і чужых, вельмі люблю малую. Будзем выхоўваць, — падзяліўся Роберт з цеплынёй.
Хлопцы з натхненнем расказвалі пра мінулы турнір. Наперадзе новыя спаборніцтвы і перамогі. Пажадаем ім удачы!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва герояў