Top.Mail.Ru

Як гродзенцы захоўваюць гісторыю продкаў, якія набліжалі Перамогу

Памяць сям’і — памяць народа


Вялікая Айчынная вайна — гэта не толькі трагічная частка нашай і сусветнай гісторыі. Гэта боль кожнай асобна ўзятай сям’і. Мільёны загінулі, прапалі без вестак. Але гісторыі герояў беражліва захоўваюцца ў сем’ях. Напярэдадні Дня сям’і ўласны карэспандэнт «Звязды» далучыўся да праекта ГрДУ імя Янкі Купалы, каб даведацца, як гродзенцы захоўваюць памяць продкаў.

«Сямейная хроніка купалаўцаў» — кранальны праект, дзе супрацоўнікі і студэнты расказваюць пра сваіх родных, якіх закранула вайна. Выкладчыца Таццяна Кантаровіч падкрэсліла важнасць моцнай сямейнай сувязі і захавання гістарычнай памяці. Яе родныя з усіх сіл набліжалі Дзень Перамогі. А нашчадкі беражліва захоўваюць памяць пра гэты подзвіг і нясуць яе з пакалення ў пакаленне. Таццяна тлумачыць дзецям, наколькі важна жыць ва ўзаемаразуменні, памятаць страшныя ўрокі гісторыі для таго, каб вайна ніколі не ступіла на нашу зямлю зноў. Таццяна з трапятаннем расказвае пра лёсы сваіх родных:

— Брат маёй бабулі Сяргей Максімавіч Доўгі нарадзіўся ў 1921 годзе. У чэрвені 1941-га скончыў ваеннае вучылішча і напісаў бацькам ліст, што яго адпраўляюць на фронт. Гэта была апошняя вестачка, якую атрымалі родныя. У першыя тыдні вайны Сяргей загінуў на фронце і значыцца зніклым без вестак. Але яго нашчадкі ведаюць, што ён аддаў жыццё за Перамогу. Дзядуля па бацькоўскай лініі Філіп Фёдаравіч Кантаровіч нарадзіўся ў 1915 годзе. Пайшоў на вайну ў якасці радавога, быў адпраўлены на фронт і дайшоў да Берліна, узнагароджаны медалём «За адвагу». Дзядуля па матчынай лініі Пётр Маркавіч Сарока нарадзіўся ў 1917 годзе. Пасля заканчэння Тамбоўскага ваеннага вучылішча быў адпраўлены на фронт на пасадзе тэхніка. Пад Кіевам яго часць трапіла ў акружэнне, і яму з аднапалчанамі прыйшлося прабірацца лясамі і балотамі, каб сысці ад ворага. Праз месяц, у лістападзе 1941-га арганізаваў партызанскі атрад і працягнуў барацьбу. Бабуля таксама ваявала за Перамогу. Антаніна Максімаўна Сарока сустрэла вайну 18-гадовай дзяўчынай. Яна вырашыла стаць партызанскай сувязной. Дастаўляла партызанам аператыўную інфармацыю аб месцазнаходжанні варожых войскаў, іх перамяшчэнні і руху. У 1943 годзе пра гэта стала вядома немцам. Яны схапілі бабулю, і яна чакала смяротнага прысуду. Але цудам ёй удалося выратавацца. Яна і далей дапамагала параненым.

Ганна Карпінчык, супрацоўніца ўніверсітэта, з гонарам расказала гісторыю свайго прадзеда. Дзяўчына адзначыла, што абсалютна ўсе члены сям’і ведаюць пра подзвіг продка і будуць перадаваць гісторыю далей. Гэта частка сямейных традыцый сям’і Карпінчык.

2.Карпинчык з жонкай.jpg

Сцяпан і Марыя Карпінчык. Вясельнае фота. 1930-я гады.

— Мой прадзядуля — герой Вялікай Айчыннай вайны — Сцяпан Піліпавіч Карпінчык. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Славы ІІІ ступені. Прадзядуля служыў у 6-й стралковай роце 577-га стралковага палка імя Ракасоўскага. Прымаў удзел у аперацыі «Баграціён» і ў вызваленні мноства гарадоў у Польшчы і Германіі. Сцяпан Піліпавіч — прыклад для ўсёй нашай сям’і. Мы шануем памяць нашага роду і памяць нашага прадзеда. Ён мала гаварыў пра вайну, зусім крыху расказваў сваім дзецям і ўнукам. Усю гісторыю яго жыцця мне расказаў мой бацька Мікалай Карпінчык. Я ў сваю чаргу раскажу маім будучым дзецям. Хацелася б нагадаць усім, што гісторыі сем’яў беларусаў — гэта памяць не толькі блізкіх, але і ўсяго народа. Мой прадзядуля быў шмат разоў паранены, але змог вярнуцца дадому з Перамогай, якая падарыла нам усім жыццё.

Супрацоўніца Вольга Васкевіч расказала пра свайго прадзеда, які браў удзел у вызваленні Еўропы. Разам з дачкой Каралінай яны склалі альбом «Кніга памяці маёй сям’і» пра подзвіг іх роднага чалавека.— Нарадзіўся прадзядуля Пётр Янавіч Яхоўскі ў 1903 годзе. У сям’і выхоўвалася пяць дзяцей. У 1944-м пасля вызвалення Шчучынскага раёна ад нямецка-фашысцкай акупацыі ва ўзросце 41 год ён адпраўлены ад Шчучынскага РВК у 1-ю Варшаўскую польскую пяхотную дывізію ў званні радавога. Удзельнічаў у фарсіраванні ракі Вісла, у вулічных баях за Прагу. У студзені 1945 года полк Пятра Янавіча ўдзельнічаў у вызваленні Варшавы. З 9 лютага 1945-га працягваў рухацца наперад па заходнім памор’і. З 13 лютага 1945-га і да канца месяца першы пяхотны полк змагаўся на паморскім вале за маёнтак Мазанава. Менавіта тут 17 лютага 1945 года абарваўся баявы шлях майго прадзеда. У нашай сям’і захоўваецца пахаванка, у якой паведамляецца аб яго гібелі.

3. Яховский_альбом.jpg

4. книга памяци.jpg

Вольга Васкевіч разам з дачкой Калалінай склалі альбом «Кніга памяці маёй сям’і» — пра подзвіг прадзеда Пятра Яхоўскага.

І гэта толькі малая частка гісторый сем’яў супрацоўнікаў і студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, якіх закранула вайна. Любоў родных дапамагае захаваць памяць пра тых, хто ваяваў дзеля будучыні. І выказаць падзяку.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з сямейных архіваў герояў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю