Датэрміновае галасаванне актыўна ідзе па ўсёй краіне. Штодня ўсё больш людзей канчаткова вызначаюцца і аддаюць свае галасы за будучыню. Сярод тых, хто прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, — прадстаўнікі маладога пакалення. Ёсць і тыя, хто галасуе ўпершыню. Для іх гэты момант асабліва важны і адказны. Безумоўна, сваё першае галасаванне яны запомняць надоўга. Карэспандэнт «Звязды» высветліў, як ідзе датэрміновае галасаванне на 44-м выбарчым участку Фрунзенскага раёна.
Выбарчы ўчастак размясціўся ў сярэдняй школе № 41 горада Мінска. Прыемна здзівіла чарга на ўваход ва ўстанову адукацыі — людзі сабраліся тут яшчэ да 12.00. «На нашым выбарчым участку работа арганізавана на найвышэйшым узроўні, — гаворыць старшыня выбарчага ўчастка № 44 Святлана Бурка. — Участак цалкам гатовы для прыёму грамадзян. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы. Камісія працуе зладжана і дружна. Улічваючы, што наш раён досыць малады, выбаршчыкі вельмі актыўна бяруць удзел у выбарчай кампаніі». Паводле яе слоў, у спісах гэтага выбарчага ўчастка налічваецца 2855 чалавек: «Пры гэтым мы выдатна разумеем, што гэта лічба змяняецца, таму што ёсць людзі, якія прыходзяць да нас галасаваць, будучы прапісаны ў іншым месцы, і мы іх уносім у дадатковы спіс для галасавання. Але, безумоўна, ёсць таксама і тыя, якія адмацоўваюцца. Яны галасуюць па месцы свайго фактычнага пражывання».
У цэлым, пытанняў да ўчастковай выбарчай камісіі не паступае. «Аднак паступаюць званкі з просьбай арганізаваць галасаванне дома, — расказвае Святлана Бурка. — Гэта людзі з абмежаванымі магчымасцямі, і мы запісваем адрасы, будзем узгадняць з імі час і выязджаць у асноўны дзень галасавання, каб кожны грамадзянін нашай краіны меў права выбару. Тут падрыхтавана кабінка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У нас створана безбар’ернае асяроддзе, каб любы ахвотны мог прагаласаваць, бо гэта права дадзена кожнаму. Можа, у чалавека не вельмі добры зрок. У такім выпадку падрыхтаваны лупы і трафарэты і спецыяльна створана кабінка, дзе пастаўлены столік для таго, каб выбаршчыку было зручна».
Людзі ідуць вельмі актыўна, выстройваюцца ў чаргу яшчэ да пачатку работы выбарчага ўчастка. «З 12 раніцы ўжо досыць шмат людзей. Яны прыходзяць на працягу ўсяго працоўнага дня. Безумоўна, найбольшая актыўнасць — з 17 гадзін, калі людзі вызваляюцца пасля работы», — падагульніла Святлана Бурка.
Сярод тых, хто ў гэты дзень прагаласаваў упершыню, — студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Мікіта Мазычаў. Малады чалавек падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля таго, як змясціў бюлетэнь у скрыню для галасавання: «Для мяне гэта вельмі адказны момант, бо абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню. А яшчэ я прадстаўнік маладога пакалення, які галасуе ўпершыню, таму для мяне быў маленькі стымул у выглядзе падарунка прыйсці на свой выбарчы ўчастак. У цэлым, для моладзі ў нашай краіне робіцца вельмі шмат. Менавіта за такі курс я і прагаласаваў. Я хачу, каб наша краіна квітнела і працягвала развівацца. Гэта вельмі важна для маладога пакалення, таму што мы — будучыня, а ў будучыню трэба ісці ў нагу з часам».
Анастасія Лісечка таксама ўпершыню ўзяла ўдзел у галасаванні. У свае 20 гадоў дзяўчына вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, працуе на Мінскім трактарным заводзе: «Прагаласаваць, зрабіць свой выбар — вельмі хвалюючы момант, асабліва калі робіш гэта ўпершыню. Ад гэтага выбару будзе залежаць многае, таму адчуваю асаблівую адказнасць. Пры гэтым вельмі прыемна было атрымаць такі выдатны падарунак. Маладому пакаленню я жадаю прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць правільны выбар. Мы моладзь, і нам трэба будзе жыць у гэтай краіне. Таму і хочацца, каб наша Беларусь і далей квітнела».
Даслоўна
Сяргей Клішэвіч, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў:
— Ужо ў першыя дні галасавання шмат хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. І я ўпэўнены ў тым, што галасы былі аддадзены за канкрэтных кандыдатаў. У размовах з людзьмі мы сёння адчуваем запытанне на захаванне міру, парадку і стабільнасці на фоне беспарадку, які адбываецца недалёка ад нас, ва Украіне. Назіраючы за тым, што робіцца ў гэтай краіне, і ўзгадваючы падзеі 2020 года ў Беларусі, людзі, вядома, аналізуюць і цудоўна разумеюць, што магло бы быць з намі, калі б тады ўсё пайшло па іншым сцэнарыі. Ёсць страх наконт таго, што мы можам акунуцца ў такі ж хаос, у якім сёння знаходзіцца Украіна, ды і краіны Балтыі, Польшча, якія страцілі значную частку суверэнітэту і вымушаныя падпарадкоўвацца, прымаць недарэчныя рашэнні, каб дагадзіць Вашынгтону. Мы дапусціць гэтага ў сябе не можам. І таму, вядома, людзі робяць свой выбар. Яны могуць прыйсці на выбарчыя ўчасткі і свядома аддаць голас за таго, хто забяспечыць паступальнае і мірнае развіццё дзяржавы. Натуральна, усе мы хвалюемся за нашых дзяцей, унукаў, жадаем, каб яны жылі ў такой жа мірнай атмасферы, якую маем цяпер.
Фота аўтара