Top.Mail.Ru

Як ініцыятыву «ад двара» хутка рэалізаваць на ўзроўні горада

Размова аб вопыце сталіцы па рабоце акруговых саветаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ішла на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі.


Літаральна за год — з ліпеня 2024 года — у Мінску сіламі акруговых саветаў было вырашана 5606 пытанняў. З іх большасць — 4509 — у сферы ЖКГ, 167 — у галіне сацыяльнай абароны, 107 — пытанні гандлю і паслуг, 74 — са сферы будаўніцтва, 72 — сістэмы адукацыі, 33 — датычыліся аховы здароўя, 640 пытанняў з іншых сфер.

Пры дапамозе акруговых саветаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (ТГС) грамадзяне ажыццяўляюць самакіраванне па месцы жыхарства: на частцы тэрыторыі, такой як мікрараён, квартал, вуліца, двор або пад’езд. Перад кожным саветам ТГС (а іх у сталіцы функцыянуе 60, што адпавядае колькасці выбарчых акруг) стаіць шмат задач, якія выконваюцца на належным узроўні.

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў г. Мінску Наталля КАЧАНАВА прывяла ў прыклад лічбы і той факт, што колькасць зваротаў грамадзян па асабістых пытаннях у Савет Рэспублікі зменшылася на 24 %: «Ніколі такога не было ў гісторыі горада Мінска. Горад Мінск — самая вялікая тэрытарыяльная адзінка ў плане колькасці насельніцтва. Тут заўсёды было дастаткова шмат зваротаў. Затое ў КОТГСы сёння паступае да 350 зваротаў штомесяц. Вынік у гэтай работы ёсць».

У ходзе пасяджэння сталічны дэпутацкі корпус падзяліўся вопытам работы з насельніцтвам шляхам стварэння, можна сказаць, вертыкалі: ініцыятыва «ад двара» хутка рэалізуецца на ўзроўні горада. Акрамя таго, расказалі аб новых напрацоўках, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем акцый па добраўпарадкаванні. Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём ЦУРАН адзначыў актыўны водгук насельніцтва ў частцы навядзення парадку, мінчане ахвотна ўдзельнічаюць у рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Што датычыцца 2025 года, ужо падведзены пэўныя вынікі: 400 тысяч рублёў з бюджэту было выдаткавана на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, 43 тысячы — тое, што ўнеслі ініцыятары і іншыя неабыякавыя гараджане, каля 1 млн рублёў былі накіраваны службамі ЖКГ і адміністрацыямі раёнаў для навядзення парадку на тэрыторыях вакол грамадзянскіх ініцыятыў — такі комплексны працэс. «Асноўныя сродкі і намаганні горада і ў Год добраўпарадкавання, і ў наступныя гады будуць накіраваны на тое, каб двары, зялёныя зоны, прылеглыя да дома, дзіцячыя пляцоўкі, спартыўнае сучаснае абсталяванне выглядалі годна. Гэтым вопытам і падзяліліся з калегамі».

Дарэчы, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыні Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага і Мінскага абласных Саветаў дэпутатаў, гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

У тэму

Як расказала член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ, дэпутацкі корпус Мінскай вобласці актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні. «Выбудавана канструктыўнае ўзаемадзеянне з нашымі дарожнымі службамі, прадстаўнікамі лесагаспадарчых аб’яднанняў і не толькі».

Адна з форм работы для паляпшэння ўмоў пражывання грамадзян, укаранёная ў Мінскай вобласці, — агляд-конкурс на найлепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне сельскіх населеных пунктаў. Асноўная яго задача — прывесці ў парадак аграгарадкі. «Грашовыя сродкі, якія атрымае пераможца, па задуме размяркоўваюцца так: 70 % — на добраўпарадкаванне наступнага аграгарадка, 30 % — на тое, каб далей працягнуць развіццё тых аграгарадка і вёскі, якія перамаглі», — дадала яна.

Акрамя таго, па словах Наталлі Якубіцкай, эфектыўна прайшоў дэпутацкі суботнік, ідэю якога падтрымаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка: «У ім бралі ўдзел і пажылыя людзі, і моладзь. Мерапрыемства аказалася рэзультатыўным».

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: Як на Міншчыне рэлізуюць грамадзянскія ініцыятывы і якая ад гэтага карысць?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю