З 2022 года ў краіне рэалізуецца ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект». Раёны актыўна ўключыліся ў гэтую работу: вырабляецца запатрабаваная прадукцыя, ствараюцца новыя працоўныя месцы, укладзеныя інвестыцыі прыносяць аддачу, што найперш адбіваецца на развіцці гарадоў і малых населеных пунктаў.
І Лідчына — не выключэнне.
У рамках дзяржаўнай праграмы ў Лідскім раёне створана прадпрыемства па вырошчванні і перапрацоўцы прадукцыі з мяса індычкі ЗАТ «Белсалттрэйд». Вытворчасць для раёна не новая, але з нядаўняга часу — высокатэхналагічная і перспектыўная.
Безадходная вытворчасць
Новае дыханне прадпрыемству, якое некалькі гадоў знаходзілася ў крытычным стане, даў беларускі інвестар. Літоўскі бізнесмен нядобрасумленна сышоў з рынку, пакінуўшы птушку без корму, а супрацоўнікаў прадпрыемства — без заробку. Выправіць сітуацыю спрабаваў сірыйскі бізнесмен, аднак беспаспяхова. Становішча выратаваў беларускі інвестар, набыўшы прадпрыемства ў лістападзе 2022 года.
— З першага дня давялося працаваць закасаўшы рукавы, — расказвае генеральны дырэктар ЗАТ «Белсалттрэйд» Пётр Краўчанка. — Ажыццяўлялася закупка абсталявання, мадэрнізаваліся фермы па вырошчванні птушкі. Першых сутачных куранят атрымалі ў снежні 2022 года, а ў красавіку 2023 года ўвялі ў эксплуатацыю комплекс па перапрацоўцы прадукцыі з мяса індычкі.
Індычку вырошчваюць на 15 фермах, размешчаных у Лідскім раёне. У вёсцы Даржы функцыянуе завод па перапрацоўцы адходаў жывёльнага паходжання. На прадпрыемстве працуе сучасны комплекс па ачыстцы сцёкаў. Інвестыцыі — больш сямі мільёнаў рублёў. Аднак калі справа датычыцца экалогіі, тут, па меркаванні генеральнага дырэктара, варта ўкласціся. Тым больш што за папярэдніх уласнікаў — літоўцаў, якія нанеслі экалагічную шкоду, — давялося плаціць штраф.
Магутнасці прадпрыемства павялічваюцца, а гэта прадугледжвае пашырэнне аб’ёмаў вытворчасці. Вырашаецца пытанне па перадачы прадпрыемству зямлі, на якой плануецца пабудаваць новы комплекс па вырошчванні птушкі, што прадугледжвае каля 100 новых працоўных месцаў, павелічэнне аб’ёмаў прадукцыі ўдвая. Усё гэта таксама ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект».
Годны заробак і сацыяльная падтрымка
На прадпрыемстве працуюць 350 чалавек. І гэта не толькі лідчане. У вытворчасці задзейнічаны жыхары Бярозаўкі, Астраўца, Слоніма, Гродна, Мінска. Тым, хто жыве далей, даецца жыллё, супрацоўнікаў з найбліжэйшых населеных пунктаў падвозіць аўтобус. Больш за тое, у хуткім часе праз эпіцэнтр прадпрыемства, дзе сканцэнтравана перапрацоўка, будзе праходзіць гарадскі аўтобус. Кіраўніцтва горада забяспечыла маршрут, прадпрыемства за свой кошт устанавіла прыпыначны пункт, асфальтавае пакрыццё.
«Дзякуй, што нам пайшлі насустрач, убачылі, што сюды неабходны дадатковы рэйс, — адзначае Пётр Краўчанка. — Гэта будзе добра і для тутэйшых жыхароў, якія ў нас не працуюць. Узаемадзеянне з мясцовай уладай увогуле на высокім узроўні: яны чуюць нас, мы чуем іх. І так было заўсёды. Калі нам патрэбна дапамога, яе аказваюць. У прыватнасці, індычка ўваходзіць у рацыён лідскіх школьнікаў».
Сярод супрацоўнікаў прадпрыемства пераважае моладзь — каля 60 %. Маладыя спецыялісты ахвотна ідуць сюды на работу. Сярэдні заробак — 2068 рублёў. Усе перапрацоўкі дадаткова аплачваюцца. Супрацоўнікі прадпрыемства набываюць уласную прадукцыю без гандлёвай нацэнкі.
Пачынаючы з 2022 года ў праект інвеставана звыш 15 мільёнаў рублёў. І гэта лічба будзе толькі павялічвацца. У планах — пабудаваць свой завод па вытворчасці камбікармоў. Цяпер жа сыравіна, якая закупляецца прадпрыемствам, паступае на Лідскі камбінат хлебапрадуктаў. Такім чынам, дзяржаўна-прыватнае партнёрства дае свой плён, а эфектыўнасць дзяржаўнай праграмы «Адзін раён — адзін праект» адчувальная.
Фота дадзена прадпрыемствам