Ад звычак, паводзін і менталітэту чалавека залежыць развіццё ўсяго грамадства і дзяржавы, у якой ён пражывае. Менавіта так. Калі вы прывыклі жыць з думкай: «Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць», — паверце, гэта станоўчы паказчык. Таму што нават на аснове яго можна зрабіць шэраг важных высноў. А ўнутраную структуру дзяржавы можна разглядзець, не выходзячы з салона аўтамабіля. Як менавіта? Пра гэта мы пагаварылі з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.
— Доктар Гумен, чым, на ваш погляд, адрозніваецца грамадства розных краін?
— Грамадства падобна да дзіцяці.
Чым яно менш развітое і дарослае — тым больш трэба кантраляваць і кіраваць. Па меры сталення і дзіцяці, і грамадству радзей даводзіцца даваць указанні — ужо самастойна атрымліваецца набываць вопыт або, калі трэба, выпраўляць памылку.

Калі гаварыць пра дзяржаву ў цэлым, важна, каб грамадства было задаволена кіраваннем у ім, таму што ад індэкса даверу на самай справе многае залежыць. У прыклад прывяду Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — краіну з высокім узроўнем жыцця. Трэба сказаць, што гэта дзяржава была ўтворана не так даўно, усяго 45 гадоў таму. І там наогул няма дэмакратыі — ёсць правіцель. Нягледзячы на абсалютную манархію, людзі, якія пражываюць, напрыклад, у Дубаі, задаволеныя сваім жыццём. І для іх не мае асаблівага значэння, якая форма праўлення пануе ў краіне. Грамадзян у першую чаргу цікавяць простыя і зразумелыя рэчы: бяспека, дабрабыт і магчымасць будаваць будучыню, паэтапна развівацца. Да апошняга асабліва павінна імкнуцца кожная краіна. Але ёсць некалькі адрозных паміж сабой варыянтаў гэтага развіцця.
— Якія і ў чым іх перавагі?
— Асноўная мадэль, дапусцім, як да нядаўняга часу было ў некаторых заходніх краінах, — калі адначасова з эканамічным ідзе і палітычнае развіццё. Тады расце ВУП, узровень інвестыцый, памяншаецца ўзровень інфляцыі, людзі становяцца багацейшымі.
Ёсць і іншая мадэль, калі назіраецца прыярытэт эканомікі над палітыкай. Класічнымі прыкладамі такога рыўка служаць так званыя «Азіяцкія Тыгры» — Сінгапур, Паў-днёвая Карэя, Тайвань, Ганконг, а таксама сучасны Кітай, дзе дзяржава ўсё трымае ў сваіх руках, пры гэтым маючы доўгатэрміновую праграму для развіцця краіны і дабрабыту сваіх грамадзян.
Наогул, я ўпэўнены, што ў кожнай з мадэляў ёсць свае як плюсы, так і мінусы, але падрабязней спынюся на апошняй. Тут мы зноў вяртаемся да пытання аб узаемаадносінах людзей і ўлады.
У 1997-1998 гадах Паўднёвая Карэя перажыла найцяжэйшы фінансавы крызіс, які быў выкліканы крахам нацыянальнай валюты. Дзяржава фактычна абанкруцілася. Як дзейнічалі ў гэтым выпадку грамадзяне? Яны аддавалі дзяржаве ўсе каштоўнасці, якімі толькі валодалі, гатовыя былі працаваць звышурочна — і ўсё для таго, каб забяспечыць сваёй краіне будучыню.
Калі б такі прэцэдэнт здарыўся ў іншай краіне, людзі з нізкім узроўнем даверу да лідараў маглі б абурыцца. «А няхай багацеі прададуць чарговую яхту альбо чыноўнікі вернуць грошы, якія кралі ў народа», — сказалі б яны. Вось вам і параўнанне.
Даверную мадэль развіцця мы назіраем сёння ў Кітаі. Пасля смерці Мао Цзэдуна ў 1976 годзе ў Кітаі разгарнулася вострая палітычная барацьба — першым яго пераемнікам стаў Хуа Гофэн, які патрабаваў захаваць выбудаваную калісьці сістэму ў нязменным выглядзе. Але мы ўжо гаварылі раней, што калі кіраванне пабудавана выключна на ідэалогіі і рэлігіі, дзяржава топчацца на адным месцы. Неўзабаве да ўлады прыйшоў Дэн Сяапін, якога яшчэ называюць галоўным архітэктарам краіны — пры ім краіна ад сацыялізму перайшла ў сістэму свабоднага рынку. І краіна, у якой яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад верылі, што ва ўсіх бедах вінаватыя... вераб’і, што знішчаюць ураджай, сёння — другая эканоміка свету пасля ЗША з перспектывай у хуткім часе выбіцца ў лідары.
— Але ж тое, што прыжылося ў адной дзяржаве, не заўсёды можа так адаптавацца ў іншай...
— Вы маеце рацыю. У цэлым, лічу, што няма ўніверсальнай методыкі праўлення. У гэтым пытанні вельмі важная мудрасць кіраўніка. І яна часам апярэджвае нават дэмакратыю. Часта бывае, што палітыкі «дэмакратычных» краін з завязанымі рукамі нічога не могуць вырашыць, таму што стараюцца ўгадзіць пэўнай частцы людзей, каб застацца «каля руля». А нярэдка паступіць правільна і выгадна для дзяржавы альбо зрабіць так, як патрабуе пэўная колькасць людзей, якая «выступае ад імя народа», — дзве розныя рэчы.
У Беларусі, напрыклад, няма вялікіх запасаў нафты, газу, золата, але мы будучыню ўпэўнена будуем сваімі рукамі і сумленнай працай. Нам вельмі важна шмат і эфектыўна працаваць для сваёй эканомікі.
— Вы гаварылі, што, назіраючы за паводзінамі чалавека з боку, можна зразумець, як функцыянуе краіна ў цэлым...
— Так, мне вядома, як замежныя інвестары выбіраюць, дзе лепш укладваць грошы. Прыязджаючы ў краіну, яны садзяцца ў аўтамабіль і ездзяць па дарогах. Навошта? Як чалавек, які разбіраецца ў нейрабіялогіі і рабоце мозгу, я вывеў такое паняцце, як «Індэкс горада». Не выходзячы з машыны, чалавек усё можа зразумець пра парадак у краіне.
Як людзі выконваюць правілы дарожнага руху, калі праводзіцца рамонт дарог, ці чыста вакол, якая разнастайнасць машын і шмат іншых фактараў, ад якіх залежыць, што з сябе ўяўляе дзяржава.
Калі на дарозе шмат «ліхачоў», якія парушаюць правілы, законы, не лічацца з іншымі вадзіцелямі, — гэта сведчанне нестабільнасці, значыць, закон у краіне не працуе належным чынам. На час рамонту дарог таксама варта звяртаць увагу. Дзённыя гадзіны для гэтага менш за ўсё падыходзяць — таму што менавіта тады людзі спяшаюцца на працу, могуць утварацца вялікія заторы, значыць, хуткая дапамога пазней даедзе да пацыента, міліцыя даўжэй будзе дабірацца да месца злачынства, а малако пазней з’явіцца на прылаўках магазінаў. Арганізацыя рамонту ноччу істотна спрашчае сітуацыю — значыць, у краіне думаюць аб людзях. Ступень даверу ў грамадстве можна вызначыць, паназіраўшы за паводзінамі людзей на запраўцы. Калі большасць спачатку запраўляецца, а потым аплачвае, калі ўвогуле такая магчымасць ёсць — значыць, ступень даверу высокая...
Гэта я вяду да таго, што развіццё і ход думак чалавека адлюстроўваецца і на развіцці ўсяго грамадства ў цэлым. Гэта ўзаемазвязаная сістэма, як ні круці. Вось вам і падстава для разважанняў, над чым нам яшчэ варта папрацаваць.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ