Top.Mail.Ru

Як КОТГСы дапамагаюць у добраўпарадкаванні сталіцы

Пагадзіцеся, прыемна вяртацца з працы дадому, калі не толькі ва ўласнай кватэры, але і каля пад’езда, і ў найбліжэйшым двары тэрыторыя выглядае чыстай і добраўпарадкаванай. І калі ў прыватным доме даглядаць кветнікі, прыбіраць смецце і шмат іншых спраў — твае абавязкі, жыхарам шматкватэрных дамоў прасцей — за гэта пераважна адказваюць супрацоўнікі адказных службаў. Аднак ёсць і тыя неабыякавыя грамадзяне-энтузіясты, якія далучаюцца да калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (далей — КОТГС), каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні. Сёлетнія вынікі іх дзейнасці абмеркавалі ў Мінскім гарвыканкаме.


Асаблівасць КОТГСаў — функцыянаванне на абсалютна добраахвотнай аснове, у сувязі з чым узнікаюць кадравыя перастаноўкі і пэўны недахоп пераемнасці. Нягледзячы на гэта, неабыякавыя мінчане ўсё роўна працягваюць далучацца і прыкладваць намаганні дзеля развіцця горада. Больш за тое, у найбліжэйшыя гады заканадаўства аб мясцовым самакіраванні будзе мяняцца, што дазволіць КОТГСам развіваць шэраг перспектыўных кірункаў. У непасрэднай звязцы з імі павінны працаваць ТГСы і памочнікі дэпутатаў. На гэта падчас семінара ў Мінскім гарвыканкаме па выніках дзейнасці калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў 2025 годзе звярнуў увагу старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём ЦУРАН.

Ён таксама закрануў тэму Года добраўпарадкавання, рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў і правядзення конкурсу на найлепшы КОТГС. Сёлетні пераможца старшыня КОТГС № 4 Першамайскага раёна Ніна МОРДЗІК падзялілася сваім вопытам. 

Жанчына акцэнтавала ўвагу, што чакаць людзей у кабінеце, калі надыходзіць час прыёму грамадзян, — не вельмі эфектыўны прыём. 

Яна ставіць столік проста на вуліцы — так людзі з ахвотай падыходзяць са сваімі пытаннямі і прапановамі. 

«Да добраўпарадкавання прыцягваем дзяцей, моладзь, ёсць спецыяльныя клумбы, за якія яны адказныя, — расказала Ніна Мордзік. — Ім вельмі падабаецца: яны пераймаюць вопыт у суседзяў, імкнуцца зрабіць лепш і цікавей. Дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве для моладзі Першамайскага раёна таксама ўстанавілі спартыўны комплекс — і гэта толькі невялікая частка нашай работы. Што датычыцца грамадзянскіх ініцыятыў, яны сёлета, сапраўды, атрымалі новы імпульс і развіццё».

Старшыня КОТГС № 130 ЖЭУ № 2 Фрунзенскага раёна Анжаліка КУХАРЧЫК расказала аб выніках сваёй работы ў мясцовым самакіраванні: «За пяць гадоў зроблена даволі шмат. Акультураныя чатыры футбольныя і валейбольныя пляцоўкі. 

Сумесна з адміністрацыяй Фрунзенскага раёна і „Зелянбудам“ на закінутай пляцоўцы створаны парк „Сямейнае дрэва“: устанавілі мангалы, сталы, месца для гульняў дзяцей і не толькі».

Падчас семінара прадстаўнікі мясцовага самакіравання задавалі шмат пытанняў, якія датычыліся ўстаноўкі і замены дзіцячага гульнявога абсталявання, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, аднаўлення тэрыторый пасля правядзення капітальнага рамонту, рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў і іншых тэм.

Як падкрэсліў Арцём Цуран, дэпутацкі корпус разлічвае, што ў 2026-м праектаў-пераможцаў грамадзянскіх ініцыятыў стане яшчэ больш, паколькі людзі бачаць, што гэта рэальна працуе. КОТГСы ў сваю чаргу — гэта ў пэўным сэнсе злучальны ланцужок паміж уладамі і мінчанамі, якія могуць сабрацца разам, абмеркаваць і вырашыць, як лепш добраўпарадкаваць свой двор. Варта нагадаць, што на тэрыторыі горада Мінска функцыянуюць 118 калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Каардынацыю іх дзейнасці ажыццяўляе Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

Чытайце таксама: Вынікі дзейнасці калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання за 2025 год падвялі ў Мінску

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю