Top.Mail.Ru

Як культурная прастора дэманструе краіну

«Матылёк» падняўся да шостага месца

На выхадных у Маскве прайшоў фінал Міжнароднага музычнага конкурсу «Інтэрбачанне-2025». Пераможцам сёлета стаў прадстаўнік В’етнама Дык Фук з 422 баламі. У тройку найлепшых таксама ўвайшлі трыа NOMAD з Кыргызстана (373 балы) і Дана Аль-Мір з Катара (369 балаў). 

А наша Анастасія Краўчанка па выніках галасавання апынулася на шостым месцы з 341 балам.

Добры вынік, улічваючы, што ў творчым спаборніцтве бралі ўдзел 22 краіны з розных куткоў свету. Праўда, у выніку ацэньвалі толькі 21 выступоўцу, бо прадстаўнік Расіі SHAMAN (Яраслаў Дронаў) пасля свайго выступлення звярнуўся да журы з просьбай не судзіць яго выступленне. Маўляў, не хоча прэтэндаваць на перамогу і лічыць, што гэта заканамерны жэст гасціннасці краіны, якая прымае конкурс. Планавалася 23 выступленні, але прадстаўніца ЗША — спявачка VASSY (якая мае грамадзянства не толькі ЗША, але і Аўстраліі) — у апошні момант знялася са спаборніцтваў, паколькі, як патлумачылі арганізатары конкурсу, сутыкнулася з беспрэцэдэнтным палітычным ціскам з боку ўрада Аўстраліі. Найлепшага з найлепшых вызначала міжнароднае журы, якое складалася з музычных экспертаў ад кожнай краіны-ўдзельніцы, у тым ліку і прадстаўніка ЗША.

  • Яркае, багатае на эмоцыі і творчасць шоу міжнароднага маштабу ў чарговы раз дазволіла пераканацца, што культура, у прыватнасці музыка, здольныя аб’ядноўваць сэрцы гледачоў і прафесіяналаў у адзіным рытме і настроі незалежна ад мовы і геаграфіі, бо галоўнае — каштоўнасці і традыцыі, якія зразумелыя ўсім без перакладу. 

Доказам гэтаму сталі выступленніі суботнім вечарам канкурсантаў, якія прадэманстравалі журы і гледачам уласныя таленты і культурныя пасылы сваіх дзяржаў. Дарэчы, тэлетрансляцыя фіналу конкурсу, які доўжыўся без малога чатыры гадзіны на маскоўскай Lіve Арэне, сабрала каля экранаў на розных кантынентах больш за 4 мільярды чалавек.

Як вядома, нашу краіну на конкурсе прадстаўляла 21-гадовая Анастасія Краўчанка з кампазіцыяй «Матылёк», тэкст якой напісала сама. У нумары фінальнага выступлення спявачкі спалучыліся як яе прафесійнае выкананне самой песні, так і адметная сцэнаграфія і харэаграфія. Усё ў суме дазволіла Беларусі трапіць у топ-10 па выніках галасавання. Як адзначыла сама Анастасія Краўчанка ў сюжэце «Галоўнага эфіру» на Першым інфармацыйным канале, «Я і мая каманда зрабілі ўсё магчымае і немагчымае. Лепш ужо немагчыма, калі гаворым пра нашу аддачу. Але я заўсёды казала, што вырашаюць усё зоркі, настрой журы, бо гэта не спорт і тут усё суб’ектыўна». Зарад юнай спявачкі з Беларусі адзначылі і на конкурсе. Найвышэйшыя балы нашай канкурсантцы аддалі прадстаўнікі журы з ААЭ, Расіі, Калумбіі і Узбекістана. Таксама за пападанне ў топ-3 нашай краіны галасавалі В’етнам, Сербія і Катар.

У 2026 годзе Міжнародны музычны конкурс «Інтэрбачанне» будзе прымаць Саудаўская Аравія, пра што падчас конкурсу паведамілі са сцэны вядучыя. Будзем чакаць і рыхтавацца, каб на наступны год ізноў годна прадставіць беларускую культуру на міжнароднай арэне.

Алена ДРАПКО

Чытайце таксама: Каго падтрымліваць на «Інтэрбачанні-2025»?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю