Восень ужо блізка, і многія беларусы задумваюцца пра запас дроў на зіму. Ёсць некалькі варыянтаў іх набыцця — можна нарыхтаваць драўніну самастойна, купіць дровы ў лясгасе або набыць іх на спецыяльнай гандлёвай пляцоўцы. Больш падрабязна пра кожны з варыянтаў расказалі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, паведаміла БелТА.
Найтаннейшы варыянт — гэта саманарыхтоўка. Дровы на пні каштуюць ад 3 да 30 капеек за шчыльны кубаметр. Цана залежыць ад пароды дрэва і адлегласці да лесу. Але ў гэтым выпадку прыйдзецца самому валіць дрэвы, пілаваць іх і вывозіць. Каб нарыхтаваць дровы такім спосабам, трэба звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва і напісаць заяву. Там падкажуць правілы афармлення і дапамогуць пазначыць патрэбны аб’ём і пароду. Ляснік падбярэ для вас участак і растлумачыць правілы работы. Да пачатку высечкі трэба аплаціць рахунак за лесакарыстанне. Пасля аплаты вам выдадуць ордэр і пакажуць ваш участак у лесе. Гэты спосаб выдатна падыдзе тым, у каго ёсць вольны час і хто хоча максімальна сэканоміць сямейны бюджэт. Аднак гэта даволі траўманебяспечны занятак, які патрабуе пэўных навыкаў.
Калі вы не хочаце асвойваць бензапілу, прасцей купіць ужо гатовыя дровы. Для гэтага дастаткова прыйсці ў лясніцтва з пашпартам. Лясгасы прадаюць драўніну ў круглым выглядзе ці ўжо колатыя дровы. Колатыя дровы каштуюць даражэй, але іх будзе дастаткова проста скласці. Лясгас можа даставіць іх проста ў двор, або вы можаце забраць іх самі. Аплаціць заказ трэба да моманту дастаўкі. У сярэднім кубаметр круглых дроў каштуе ад 14 рублёў без уліку ПДВ і дастаўкі, а колатых — ад 55 рублёў. Часам у лясніцтвах узнікаюць невялікія чэргі на дровы лісцяных парод праз высокі попыт. Але калі паклапаціцца пра запасы загадзя, праблем не ўзнікне.
Таксама многія лясгасы прапануюць анлайн-заказ дроў, і да 1 верасня гэтая паслуга павінна з’явіцца ва ўсіх установах.
Яшчэ адзін варыянт — купіць колатыя дровы ў спецыяльных мяшках на гандлёвых пляцоўках «Лясны домік». Яны працуюць у Мінску, абласных і буйных раённых цэнтрах. Поўны спіс пляцовак ёсць на сайце lesnoidom.by. Купля гатовых дроў падыдзе тым, хто цэніць свой час, хоча дапамагчы пажылым бацькам на адлегласці або проста не хоча траціць сілы на цяжкую фізічную працу.