Top.Mail.Ru

Як Лельчыцы Гомельскай вобласці рыхтуюцца да абласных «Дажынак»

Вялікая справа агульнымі намаганнямі

Сёлета названы гарадскі пасёлак упершыню стане галоўнай пляцоўкай абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі» на Гомельшчыне. Падрыхтоўка да свята ідзе ўжо некалькі месяцаў і цяпер выходзіць на фінішную прамую.

Сімвалічна, што ў Год добраўпарадкавання, напярэдадні першай у гісторыі Лельчыц сустрэчы абласных «Дажынак», райцэнтр перажывае маштабнае абнаўленне: добраўпарадкаваны двары, адрамантаваны ўстановы гарпасёлка, створаны новыя зоны для адпачынку. Падрыхтоўка да фестывалю працаўнікоў вёскі аб’яднала ўсе прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Калектывы банкаў, пошты, камунальных службаў, устаноў культуры і адукацыі, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, райвыканкама і ўсе неабыякавыя жыхары гарпасёлка за гэты час не раз выходзілі на суботнікі, наводзілі парадак. Адным з актыўных удзельнікаў грамадскай ініцыятывы па добраўпарадкаванні родных Лельчыц стаў калектыў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

— Мы ставім перад сабой мэту — зрабіць прастору вакол нас сучаснай і ўтульнай. Гэта наш унёсак у агульны вынік, — пераканана дэпутат Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў, кіраўнік раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Іна НЕКРАШЭВІЧ.

  • Праведзена сур’ёзная мадэрнізацыя сацыяльна значных аб’ектаў. Сярод падарункаў да свята пасёлку і раёну — мадэрнізаваныя цэнтральная кацельня і цэнтральная раённая бальніца, ЗАГС, адрамантаваны школа мастацтваў, кінатэатр, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Лельчыцкі дзяржаўны каледж, гасцініца, шматкватэрны жылы дом, аўтавакзал, ТЦСАН.

Усе апошнія месяцы перад святам Лельчыцы нагадвалі «гарадок фантанаў» — быццам «дырыжыравала» разнастайнай палівальнай тэхнікай цэлае войска байцоў камунальнага фронту: палівалі свежавысаджаныя клумбы, газоны, самыя неверагодныя кветкавыя кампазіцыі.

Грунтоўнае абнаўленне правялі ў цэнтры гарадскога пасёлка. На пляцоўцы каля кінатэатра «Партызан» — аднаго з цэнтральных месцаў адпачынку і баўлення вольнага часу — камунальныя службы стварылі новую ландшафтную кампазіцыю. Тут з’явіліся кветкавыя формы, дэкаратыўныя элементы і сучаснае асвятленне. Сёння гэта абноўленая тэрыторыя — вельмі яркая візітоўка населенага пункта.

Дарэчы, да падрыхтоўкі Лельчыц да свята далучыліся і суседнія раёны. Спецыялісты з гарпасёлка Акцябрскі дапамаглі ў добраўпарадкаванні, устаноўцы малых архітэктурных форм, ландшафтным будаўніцтве і афармленні тэрыторыі каля кінатэатра «Партызан».

  • Маштабныя работы прайшлі і ў мясцовым парку. Над стварэннем прыгожай зялёнай зоны тут працавалі ў тым ліку прадстаўнікі райвыканкама і ТЦСАН. У парку абноўлены пешаходныя дарожкі, адкрыты новыя зоны адпачынку, сучасная гульнявая пляцоўка для дзяцей і шматфункцыянальная спартыўна-гульнявая зона для аматараў здаровага ладу жыцця. Цяпер, як з гонарам за свой населены пункт адзначаюць жыхары Лельчыц, іх парк будзе вельмі камфортны для людзей усіх пакаленняў.

Між тым для Лельчыц падрыхтоўка да фестывалю працаўнікоў вёскі стала і магчымасцю рэалізаваць шэраг праектаў комплекснага абнаўлення. Праведзена сур’ёзная мадэрнізацыя сацыяльна значных аб’ектаў. Сярод падарункаў да свята пасёлку і раёну — мадэрнізаваныя цэнтральная кацельня і цэнтральная раённая бальніца, ЗАГС, адрамантаваны школа мастацтваў, кінатэатр, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Лельчыцкі дзяржаўны каледж, гасцініца, шматкватэрны жылы дом, аўтавакзал, ТЦСАН. Абноўленыя аб’екты адкрыюцца напярэдадні свята або ў дзень правядзення фестывалю працаўнікоў вёскі.

Як перакананы працаўнікі калектываў і арганізацый Лельчыц, якія актыўна падтрымалі добраўпарадкаванне роднага населенага пункта, правядзенне абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі ў Лельчыцах стане не толькі падзеяй рэгіянальнага маштабу, але і важным крокам у развіцці райцэнтра.

— Падрыхтоўка да правядзення свята дала вельмі значны імпульс да развіцця Лельчыц. Праведзены капітальны і бягучы рамонт, рэканструкцыя больш як 180 аб’ектаў, — адзначыў старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей ДЫЛЮК. — Безумоўна, не можа не радаваць тое, што новыя, вельмі запатрабаваныя аб’екты, якія з’явіліся як падарункі да свята, будуць яшчэ доўгія гады служыць і цешыць вока нашых жыхароў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота lelchіtsy.by


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю