Top.Mail.Ru

Як лялькі вядуць рэабілітацыйную работу з пацыентамі ў Гродне?

У экспазіцыі, якая падрыхтавана аддзелам мастацтваў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі, сабрана больш за 260 экспанатаў. Большасць з іх прадастаўлены калекцыянерамі, некаторыя спецыяльна для выстаўкі падрыхтавалі наведвальнікі цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі. Аказалася, што лялечны свет не толькі прыгожы, але і вельмі пазнавальны.


Нельга не пагадзіцца з загадчыцай аддзела Аксанай Жук, якая сцвяржае, што па ляльках можна нават прасачыць усю гісторыю чалавецтва, бо з’явіліся яны яшчэ ў старажытныя часы. Першыя лялькі былі звязаны з веравызнаннем і неслі сакральны сэнс. Напрыклад, самая старажытная фігура з мамантавай косці мела 30 тысяч гадоў і была знойдзена ў Чэхіі. У Егіпце ў даўніну галоўным атрыбутам лялькі быў вялікі парык, а вось рук-ног у іх не было. Гэта былі штучныя і рэдкія лялькі. 

А вось на паток іх выраб быў пастаўлены ў Старажытнай Грэцыі яшчэ да нашай эры. І х рабілі ў асноўным з гліны. 

У славян раней былі лялькі-абярэгі з саломы і тэкстыля. Менавіта іх у сучасным выкананні прадставілі пацыенты аддзялення рэабілітацыі абласнога цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія». Аказалася, што іх лялькі-абярэгі нясуць у сабе асобы сэнс.

— Адна з самых значных функцый лялек, на мой погляд, гэта тое, што гэта захапленне аб’ядноўвае людзей. Мы дзелімся эмоцыямі, усмешакмі, — расказаў загадчык аддзялення Аляксей Фёдараў. — У нашым аддзяленні вядзецца рэабілітацыйная работа з пацыентамі і іх роднымі. Працэс сацыялізацыі мы вырашылі звязаць з перадачай народных традыцый, таму ўзялі за аснову беларускія лялькі. Работа над імі дапамагае развіваць мелкую маторыку. Калі даведаліся, што будзе выстаўка, вырашылі прапанаваць свае лялькі, з якімі, дарэчы, мы ставім спектаклі. 

А гаспадыня выстаўкі Аксана Жук між тым працягвае свой экскурс у гісторыю «лялечнай хронікі». У яе сабрана вельмі шмат фактаў аб гэтых звыклых, і разам з тым, такіх разнастайных экспанатах. «У ляльках ёсць нешта містычнае, — упэўнена суразмоўца. — нездарма яны ў мастацкіх творах прадстаюць жывымі істотамі. Дарэчы, яшчэ ў ХV стагоддзі сталі рабіць рухомыя лялькі, калі тулава было драўлянае, а рукі-ногі скуранымі. Але рсквіт лялечнага майстэрства пачаўся ў ХVIII стагоддзі, які можна назваць эрай механічных лялек. Асабліва вядомай была работа французкага майстра пад назвай „флейтыст“. Лялька магла прайграваць 12 розных мелодый, пры гэтым „музыкант“ надуваў вусны і перабіраў пальцамі дудку».

На выстаўцы ў Гродне самым унікальным экспанатам можна лічыць драўляную ляльку-марыянетку, якая зроблена ў Беларусі амаль сто гадоў таму. Гэта адзін з відаў тэатральнай лялькі. Экспанат знаходзіцца ў кадекцыі маладой гродзенкі, педагога Эвеліны Зубаткінай. На выстаўцы прадстаўлена некалькі яе экспанатаў, а ўсяго яна сабрала іх больш паўсотні. Кажа, што з дзяцінства захапілася гэтым казачным светам, але непасрэдна збіраць лялькі пачала нядаўна. У яе калекцыі толькі фарфоравыя экзэмпляры. Як правіла, яны вызначаюцца сваімі арыгінальнымі касцюмамі. 

— Некаторыя сама купіла, штосьці падаравалі. У маёй сяброўкі фарфоравая лялька была з разбітай ножкай, яна аддала яе мне. Вядома, прыйшлося рамантаваць, — расказвае Эвеліна. — Але калекцыя — гэта не толькі падарункі. Кожная лялька мае сваю гісторыю і свой кошт. Гэта можа быць і 100 рублёў, можа і 600, я адну купіла за тысячу рублёў. Пры тым, што іх потым яшчэ трэба крыху падрамантаваць, падправіць адзенне. Самыя дарагія — гэта лялькі, якія маюць кляймо. Гэта значыць, што іх у свеце адзінкі. 

Захоўвае дзяўчына сваю калекцыю на асобных стэлажах. Кажа, што часта іх дастае, выцірае пыл, любуецца імі. 

— Гэта жаданне застацца ў дзяцінстве? — міжволі ўзнікае пытанне да Эвеліны. 

— Думаю, што найперш магчымасць сутыкнуцца з мінулым. Гэта наша гісторыя, гэта прыгажосць, унікальнасць, якая побач з табой, бо у маёй калекцыі толькі даўнішнія лялькі, я іх вывучаю, яны нібы прышэльцы з іншых эпох, — расказала сакрэт свайго хобі гродзенка. 
Па словах арганізатараў выстаўкі, калекцыянераў лялек у Гродне не так многа. Экспанаты шукалі сярод чытачоў бібліятэкі і супрацоўнікаў. Знайшліся такія, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, як напрыклад, лялька-францужанка. З гістарычных крыніц вядома, што гродзенкі напачатку мінулага стагоддзя спецыяльна заказвалі такіх шыкоўных лялек у Францыі, каб потым пашыць такія ж сукенкі. Таксама звяртае на сябе ўвагу міні-калекцыя «Гераіні любімых кніг». Тут можна ўбачыць фарфоравую Скарлет, Кармэн, Чылтэрн.

Па словах Аксаны Жук адным з папулярных матэрыялаў для вырабу лялек стала пап’е-машэ. Менавіта з яго зроблены ў 50-х гадах мінулага стагоддзя ўнікальныыя экзэмпляры— П’еро, Арлекін і шляхетная пара, якія прадстаўлены на выстаўцы. 

Мабыць, толькі лялькі мелі такі шырокі дыяпазон сыравіны — гэта і дрэва, і фарфор, і тэкстыль, і салома, і воск, і слановая косць, і тое ж пап’е-машэ, і гліна, і пластык, і гума, і вініл, і усё, што і не ўзгадаць. Здаецца, што і гэта яшчэ не мяжа. Бо вобразы лялек становяцца разнастайнымі і сугучнымі часу. 

Але гэтыя, даўнішнія экспанаты, прыцягваюць неяк па-асобаму. Мабыць таму, што яны зроблены таленавітымі майстрамі, якія імкнуліся данесці свой настрой і запрасіць у чароўны свет, дзе пануе толькі радасць і згода. 

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю