Кацярына Слінько нарадзілася, вырасла і жыве ў Карэлічах, што ў Гродзенскай вобласці. У яе вялікая любячая сям’я, у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей. Па традыцыі, якая склалася ў Беларусі, матулям, якія выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей, уручаецца ордэн Маці. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны ўказ у пачатку мая. Акрамя Кацярыны, яшчэ 59 жанчын атрымалі яго. Пагаварылі са шматдзетнай маці пра яе будні, пра тое, як яна ўсё паспявае. Вядома, распыталі аб тым, як жанчына адрэагавала на ўзнагароду.
Хацелі вялікую сям’ю
З будучым мужам Кацярына пазнаёмілася на раённым турзлёце, калі ёй было 19, а Сяргею — 22. З таго часу яны не расставаліся. Абое хацелі дзяцей, дваіх ці траіх. Самі выраслі ў шматдзетных сем’ях і памятаюць, як гэта было весела і цудоўна — расці сярод братоў і сясцёр. Усе жылі дружна, дапамагалі адно аднаму. У сваёй сям’і яны таксама хацелі стварыць камфорт і ўтульнасць. Старэйшай дачцэ Ангеліне 5 чэрвеня споўнілася 20 гадоў. Яна студэнтка, будзе працаваць выхавацелем у дзіцячым садку пасля заканчэння ўніверсітэта. Сыну Дзмітрыю — 15, сёлета заканчвае школу, захапляецца спортам. Яўгенія заканчвае трэці клас, займаецца творчасцю і таксама любіць спорт.
— Івану 4 гадкі, ён у нас харэаграфіяй займаецца, выступае з калектывам. А самай маленькай, Ксеніі, 12 ліпеня будзе два. Нярэдка нам з мужам задаюць пытанне, як мы вырашыліся на такую вялікую сям’ю. Зманю, калі скажу, што не перажывала, асабліва калі зацяжарала пятым дзіцем. Мне тады было 39 гадоў, і, канешне, хваляванні непакоілі. Бо роды ў 25 і ў 39 — гэта зусім розныя рэчы. І так атрымалася, што мне на вочы трапілася навіна, што жанчына ў 45 нарадзіла трайнят і ўсё ў яе было добра. І я ў моманце падумала: «А мне ўсяго 39!». Цяжарнасць і роды прайшлі добра, гадуем нашу малую, — падзялілася Кацярына.
Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці атрымалі дапамогу дзяржавы — набылі кватэру з выкарыстаннем сямейнага капіталу.
— Ёсць дапамога па падрыхтоўцы да школы, за садок плацім менш. Ды і ў цэлым дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем’і, дае розныя датацыі. Выдатна, што раз на год можна звазіць дзіця ў санаторый бясплатна, — пералічвае жанчына.
Узаемаразуменне і падтрымка
Калі спытала ў Кацярыны, у чым сакрэт яе сямейнага шчасця, яна з усмешкай адказала: «Ва ўзаемападтрымцы». Ніхто ў іх не жыве асобна сам па сабе. У Слінько прынята дзяліцца перажываннямі, размаўляць, бавіць час разам.
— У мяне вельмі спагадлівы муж. Ён разумее, што даглядаць маленькае дзіця няпроста. Таму заўсёды мне дапамагае і падтрымлівае. І не трэба прасіць, ён сам бярэ малога, можа закалыхаць, выйсці на прагулку з каляскай. Удзел бацькі ў выхаванні вельмі важны для дзяцей. Усе дамашнія клопаты не звалены на мяне адну, таму я магу перавесці дух, набрацца сіл, калі гэта трэба, — тлумачыць яна.
Сяргей дапамагае і па начах: калі трэба ўстаць да дзіцяці, закалыхаць ці пакарміць. Натуральна, дапамагае са старэйшымі дзецьмі, напрыклад, ходзіць на бацькоўскія сходы, кантралюе выкананне дамашняга задання.
— Старэйшыя дзеці таксама вельмі чуллівыя і заўсёды гатовы падтрымаць, — працягвае гераіня. — Яны не прыглядаюць за малодшымі 24/7, бо ў іх жа павінна быць дзяцінства. Але вось Дзіма вельмі любіць гуляць з малымі. У іх такая любоў, што я нават апісаць не магу! Яны як адно цэлае. Асабліва малодшанькая — хвосцікам за ім ходзіць, ён і спаць яе можа пакласці. Вядома, калі сам не заняты. Яму таксама трэба і з аднагодкамі схадзіць пагуляць, і ўрокі вывучыць. Мы знаходзім баланс.
Чуць сваіх дзяцей
Кацярына і Сяргей імкнуцца ісці ў нагу з дзецьмі, падзяляць іх інтарэсы.
Яны адкрыты новаму. Важна слухаць і чуць, гаворыць мая суразмоўніца, прымяраць іх праблемы на сябе.
Не адмахвацца.
— Пытанне розніцы пакаленняў заўсёды стаіць востра, але мы ўсе імкнёмся адно аднаго зразумець, — разважае шматдзетная маці. — Так, бывае, нам, бацькам, нешта ў дзіцячых захапленнях не падабаецца, штосьці мы не разумеем. Вельмі любяць хлопчыкі і дзяўчаты розныя гаджэты, але мы стараемся гутарыць, вучым, што магчыма на нейкую сітуацыю па-іншаму паглядзець. Можам музыкай абмяняцца, яны нам нешта ўключаць, а мы ім. Заўсёды рады бачыць сяброў сваіх дзяцей, ладзім сумесныя вячоркі, смажым шашлык, размаўляем, цікавімся. Арганізоўваем святы.
Кацярына з вялікім натхненнем падзялілася эмоцыямі ад атрыманай узнагароды:
— Калі мне патэлефанавалі і сказалі, што Прэзідэнт падпісаў указ аб узнагароджанні, у мяне чамусьці было моцнае хваляванне. Быць мамай — гэта праца, безумоўна, прыемная. Гэта нейкае чараўніцтва, калі побач з табой столькі любячых сэрцайкаў. Дзеці напаўняюць жыццё любоўю, цеплынёй, пяшчотай. І вельмі прыемна, што ў нас у краіне шануюць матчыну працу. Было вельмі радасна атрымаць узнагароду і ўсведамляць, што дзяржава не пакінула нас без увагі.
Любоў да роднай зямлі
Кацярына Слінько вельмі любіць Карэлічы, свой раён і ніколі не задумвалася пра пераезд.
— Мне ў кватэры цяжка жывецца, нібы паветра не хапае, таму з мужам купілі прыватны дом. Я чалавек зямлі. Мне абавязкова трэба нешта саджаць, займацца садам і агародам, — кажа яна. — У мужа былі думкі аб пераездзе, разглядаў Мінск. Але я яму вельмі ўдзячная за тое, што пайшоў мне насустрач і мы засталіся ў Карэлічах. І ён таксама аб гэтым не пашкадаваў. Як бачыце, стварылі вялікую сям’ю, развіваемся і расцём разам з нашымі дзецьмі.
Працуе Кацярына кантралёрам энергазбыту Карэліцкага РЭС філіяла «Лідскія ЭС» РУП «Гроднаэнерга». У арганізацыі з 2013 года. Да гэтага спрабавала свае сілы ў розных месцах, але менавіта ў энергетыцы знайшла сваё месца і прызначэнне.
— У мае абавязкі ўваходзіць праверка прыбораў электраўліку, займаюся дакументацыяй. Таксама па рабоце прыходзіцца шмат кантактаваць з людзьмі, — распавядае жанчына. — Заўсёды стараюся прыслухоўвацца да людзей: як з пункту гледжання прафесіі, так і проста па-чалавечы. Стараюся паразмаўляць з пажылымі жыхарамі вёсак. Такія стасункі важныя і для іх, і для мяне. Падчас гутаркі нярэдка ўдаецца вырашыць пытанні на месцы, без паездкі ў офіс.
Мая суразмоўніца кажа, што Карэлічы — яе дом, які яна вельмі любіць і ні разу не пашкадавала, што для жыцця выбрала раённы цэнтр. Лічыць, гэта выдатнае месца для жыцця і выхавання дзяцей.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ