Top.Mail.Ru

Як маладыя мастакі вучацца быць патрэбнымі

Творчасць з чалавечай сутнасцю

Ці можа замяніць мастакоў штучны інтэлект? На гэту тэму зайшла размова з маладымі творцамі, якія ўжо самі з’яўляюцца выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і актыўна ўдзельнічаюць у гармадска значных і сацыяльных праектах. 

— Мастацтва ствараецца чалавекам, а штучны інтэлект, няхай і створаны чалавекам, усяго толькі інструмент. На цяперашнім этапе ён толькі пераасэнсоўвае ўжо існуючыя творы мастацтва, вобразы, сімвалы, метафары, жанры, тэхнікі... Ён пераасэнсоўвае тое, што існуе, і па факце не стварае нічога новага. Толькі мастак, які мысліць і дзейнічае, можа стварыць сапраўдны шэдэўр, — лічыць Алена Багданава, супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 


Напэўна, сёння ёсць нагода задумацца пра будучыню прафесіі, якую выбіраюць маладыя людзі, каб рэалізавацца ў творчасці. І ў дапамогу ім — творчыя спецыяльнасці, якія асвойваюць у тым ліку на розных факультэтах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва. Гэта навучальная ўстанова выхавала некалькі пакаленняў творцаў, тут ёсць і пераемнасць, і рознасць традыцый. У наш час аўтары пераасэнсоўваюць нацыянальную гісторыю і народныя традыцыі ў сучасным ключы, ёсць прастора для эксперыментаў. 

— Пры падтрымцы дзяржавы арганізоўваюцца творчыя конкурсы і праекты, якія падтрымліваюць нашу моладзь, — адзначыла Лізавета Янкова, выкладчык і мастак-манументаліст. — Мне як маладому спецыялісту далі магчымасць пачаць творчы шлях шэраг значных праектаў. Адзін з іх — калектыўная праца студэнтаў акадэміі мастацваў на чале з выкладчыкам: мы зрабілі праект мазаікі на фасадзе храма ў Буйнічах з выявай Іаана Хрысціцеля. Мой асабісты праект — роспіс алтара ў храме святога Парафія ў Баранавічах з выявамі сакральных вобразаў. У Мазыры ў парку культуры і адпачынку я выканала роспіс, які сімвалізуе «Жамчужыну Палесся». У сваёй персанальнай выстаўцы «Слова аўтара» я адлюстравала нацыянальных герояў, гістарычныя падзеі, каб нагадваць гледачу пра нашу гістарычную памяць. 

Але што вельмі істотна для творчай моладзі — удзел у сацыяльна значных праектах. Гэта можа быць афармленне павільёна АНТ з манументальным роспісам, альбо новы праект «Насустрач сонцу, насустрач жыццю!», які рэалізуецца ў 2026 годзе са студэнтамі акадэміі мастацтваў. Гаворка пра манументальны роспіс у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогііі і імуналогіі ў Бараўлянах. 

— Гэта самы значны праект у маім жыцці, таму што мы праз мастацтва дапамагаем маленькім пацыентам паверыць у мару, паправіцца і адчуць станоўчыя эмоцыі, наколькі гэта магчыма ў іх сітуацыі, — падкрэсліла Лізавета Янкова. — У гэтым сацыяльным заказе я не толькі паказваю новаму пакаленню мастакоў, што такое работа на аб’екце, але і перадаю разуменне таго, што мы робім нешта карыснае для сваёй краіны. 


Такім чынам, нават маладыя беларускія мастакі могуць адчуваць сваю запатрабаванасць праз вырашэнне грамадскіх і культурна-асветніцкіх задач. Міністэрства культуры рэгулярна праводзіць конкурсы сярод прафесійных мастакоў і студэнтаў на стварэнне твораў для сацыяльных устаноў. Работы маладых аўтараў выкарыстоўваюцца для афармлення інтэр’ераў дзіцячых школ мастацтваў, бальніц і навучальных устаноў па ўсёй краіне. 

Напрыклад, малады жывапісец Ганна Раманенка, нядаўняя выпускніца БАМ, летась стала пераможцам Рэспубліканскага конкурсу «Трыенале маладых мастакоў» з дыпломнай работай «Наш доўг — памятаць». Твор быў прадстаўлены яшчэ на шэрагу выставак, на мастачку звярнуў увагу спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Радуе дзяўчыну ўдзел у праектах, прысвечаных беларускай культуры і славутасцям, калі сродкі ад закупкі яе твораў пайшлі, у прыватнасці, на падтрымку дзяцей з асаблівасцямі. Ці не гэта робіць нас людзьмі?


Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю