Наша белае багацце
Сёння ў Беларусі на душу насельніцтва вырабляецца ў чатыры разы больш малака, чым мы можам спажыць. Каб забяспечыць унутраны спажывецкі попыт і пашырыць геаграфію экспарту айчынных прадуктаў, прадпрыемствы актыўна працуюць над выпускам навінак з «белага цуду прыроды».
Якія новыя прадукты з малака і з яго выкарыстаннем ствараюць сёння беларускія вучоныя? Пра гэта расказала загадчык галіновай лабараторыі біяхіміі, мікрабіялогіі і тэхналагічных працэсаў перапрацоўкі малака РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці», кандыдат тэхнічных навук Кацярына Бяспалава.
Для людзей з лактазнай недастатковасцю
У нашай краіне каля 20 % насельніцтва пакутуе ад лактазнай недастатковасці. Для гэтай катэгорыі грамадзян вучоныя стварылі лінейку безлактозных прадуктаў, сярод якіх малако пітное стэрылізаванае, вяршкі пітныя, згушчанае малако з цукрам (у тым ліку варанае), сыры, тварог, смятана, кефір, ёгурт, кактэйлі, дэсерты, марожанае, масла. Ужо распрацавана і сухое безлактознае малако.
Канцэнтраты малочнага бялку
— Шэраг малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі мадэрнізуецца, рыхтуючыся да выпуску раней распрацаваных намі канцэнтратаў малочнага бялку, якія выкарыстоўваюцца як кампанент для вытворчасці харчовых прадуктаў, — тлумачыць Кацярына Уладзіміраўна. — Попыт на канцэнтраты бялкоў — як малочнага, так і сыроватачнага — звязаны з сусветнай тэндэнцыяй да павышэння ўтрымання бялку ў прадуктах харчавання. У нашых найбліжэйшых планах таксама — распрацоўка тэхналогіі вытворчасці міцэлярнага казеіну (гэты асноўны бялок выдзяляецца з малака метадам мембраннай фільтрацыі), які выкарыстоўваецца ў спартыўным, спецыялізаваным харчаванні, а таксама можа служыць сыравінай для нармалізацыі малака ў сыраробстве.
Прысмакі для агульнай радасці
На аснове сухога малака распрацавана дэсертная кандытарская група. Гэта, напрыклад, цукеркі на аснове сухога малака з дадаваннем прэбіётыкаў; марожанае і тварожныя пасты з паніжанай каларыйнасцю, якой дасягнулі за кошт зніжэння масавай долі цукру або ўвядзення падсалоджвальнікаў (мальтыту, сарбіту).
Сухія малочныя прадукты
Топавы «кандыдат» на экспарт — сухія малочныя прадукты. Навукоўцы шмат робяць для пашырэння іх лінейкі. Яшчэ нядаўна ў Беларусі выраблялі сухое малако, сухую сыроватку, якія служылі сыравінай для вытворчасці іншых прадуктаў. Сёння адны з задач галіны — дробнапарцыйная фасоўка, фарміраванне гатовага прадукту на экспарт.
— Павялічваецца колькасць беларускіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць сухія сумесі для марожанага, — адзначае Кацярына Бяспалава. — Сёння яны ўзбагачаюцца рознымі функцыянальнымі інгрэдыентамі альбо камбінуюцца з малочнай сыравінай ад розных сельскагаспадарчых жывёл. Таксама ўжо вырабляюцца сухія сумесі для гарачых напояў (какавы, кавы, цыкорыі), распрацаваныя з калагенам і дадаваннем казінага малака. Гэта смачная і карысная альтэрнатыва імпартным аналагам, якія змяшчаюць алеі і шэраг харчовых дабавак для паляпшэння растваральнасці парашку.
Для дашкалят і школьнікаў
— Мамам я б рэкамендавала звярнуць увагу на малако пітное для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту з дабаўленнем казінага малака (якое лягчэй засвойваецца) ва ўпакоўках аб’ёмам 200 мл, — падкрэслівае Кацярына Бяспалава.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота Кацярыны БЯСПАЛАВАЙ