Top.Mail.Ru

Дзякуючы чаму машынабудаўнічая кампанія «КОМПО» на роўных канкурыруе з вядучымі сусветнымі вытворцамі

Брэсцкае машынабудаўнічае прадпрыемства «КОМПО» вядомае далёка за межамі нашай краіны. Абсталяванне для перапрацоўкі прадукцыі харчовай прамысловасці, якое сыходзіць з канвеераў, пастаўляецца больш чым у 40 краін свету і на роўных канкурыруе з таварамі вядучых сусветных вытворцаў.


Першую адзнаку якасці кампанія атрымала ў далёкім 2003 годзе — Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў сферы якасці пры ўкараненні высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю і забеспячэнні выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі. Клопат аб якасці прадукцыі быў прыярытэтам з першага дня ўтварэння кампаніі.

А пачыналася ўсё больш за трыццаць гадоў таму, з вытворчасці... абсталявання для дыванова-ткацкай прамысловасці, дзе выкарыстоўваліся інавацыйныя кампазітныя матэрыялы (менавіта гэтыя матэрыялы і сталі асновай для назвы прадпрыемства). Але праз пяць гадоў, у 1996-м, прадпрыемства змяніла профіль — быў выпушчаны першы пнеўматычны кліпсатар для запячатвання каўбасных вырабаў.

«Заснавальнік кампаніі Міхаіл Міхайлавіч Белавусаў з самага пачатку паклаў у яе аснову філасофію пастаяннага ўдасканалення бізнес-працэсаў, павышэння эфектыўнасці і якасці, — расказвае сённяшні кіраўнік прадпрыемства генеральны дырэктар Валянцін Пікуль. — Сёння нашы кліенты — найперш мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы розных краін. Але сярод спажыўцоў прадукцыі ёсць і малочныя камбінаты, і рыбныя цэхі, і нават фабрыкі цацак. Адных толькі кліпсатараў для каўбас мы выпускаем 20 відаў, маем тры лінейкі вакуумных шпрыцаў для напаўнення розных абалонак, вырабляем цэлыя сасісачныя лініі».

Pikul.jpg

Апошнім часам на прадпрыемстве рэалізаваны тры буйныя інвестыцыйныя праекты. Цяпер ідзе работа над маштабным праектам па стварэнні новай лінейкі вакуумных шпрыцаў.

— Як вынікае з вашых слоў, прадпрыемства займаецца не толькі выпускам прадукцыі, але і распрацоўкай якаснага абсталявання. Ці можна гаварыць аб уласнай канструктарскай школе? — пытаемся ў гендырэктара.

— Менавіта такая школа з высокімі кампетэнцыямі ў машынабудаўнічай галіне склалася ў кампаніі за 34 гады работы, — гаворыць Валянцін Пікуль. — Мы адсочваем развіццё тэхналогій, паспяхова ўкараняем новае. Напрыклад, за апошнія два гады нашы спецыялісты ўкаранілі ў працэс распрацоўкі дынамічнае мадэляванне. 

Што гэта значыць? Калі раней праводзіўся статычны аналіз, напружанне ацэньвалі ў нагружаных дэталях у працэсе праверкі іх на трываласць, то цяпер ацэньваем нагрузкі менавіта ў дынаміцы. Дэталі правяраем у розных рэжымах работы. Дзякуючы пералічанаму нашы канструктары адкрываюць поле для наступнай канструктарскай, тэхналагічнай і функцыянальнай аптымізацыі на карысць якасці прадукцыі.

— Як наладжаны кантроль якасці? Хто адказны за паказчыкі якасці прадукцыі?

— Супрацоўнікі аддзела якасці выкарыстоўваюць самыя сучасныя сродкі вымярэнняў і выпрабавальнае абсталяванне. Варта сказаць, што матэрыялы і камплектуючыя мы заказваем толькі ў правераных пастаўшчыкоў. І ўсё роўна названыя матэрыялы праходзяць абавязковую працэдуру ўваходнага кантролю. Мы яшчэ раз правяраем адпаведнасць прадукцыі заяўленым тэхнічным характарыстыкам. Важнае значэнне мае і вытворчы кантроль. Своечасовае выяўленне адхіленняў ад патрабаванняў тэхнічнай дакументацыі выключае магчымасць няякаснай прадукцыі трапіць на далейшыя этапы. Гэта спрыяе эфектыўнасці вытворчасці і скарачае страты. А перад адгрузкай спажыўцам гатовая прадукцыя праходзіць прыёма-здатачныя выпрабаванні, тым самым пацвярджаюцца яе тэхнічныя і эксплуатацыйныя характарыстыкі.

photo_2024-09-18_16-28-06.jpg.69d22592fa4620998cc7e9eaba218f3b.jpg

Неабходнасць трымаць высокую планку вымагае геаграфія паставак — звыш 40 краін свету. Узровень якасці і сэрвісу дазваляе нам на роўных канкурыраваць з вядучымі сусветнымі вытворцамі, перш за ўсё — нямецкімі. Прыярытэтнымі кірункамі сёння для нас з’яўляюцца рынкі Расійскай Федэрацыі, Казахстана, актыўна развіваем узбекскі напрамак.

— Канкурэнтаздольную прадукцыю ствараюць людзі, якія стаяць за станкамі. Ці існуе ў вас праблема з кадрамі? Дзе і як праводзіце іх падрыхтоўку, як арганізоўваеце ўнутранае навучанне?

— Як і іншыя вытворцы краіны мы адчуваем праблему з кадрамі. У гэтых умовах вялікую ўвагу ўдзяляем рабоце з навучальнымі ўстановамі. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва па арганізацыі практыкі студэнтаў, актыўна выкарыстоўваем інструменты мэтавага навучання, развіваем унутранае навучанне, настаўніцтва.

Адна з ключавых каштоўнасцяў кампаніі гучыць так: «Мы любім і паляпшаем месца, дзе жывём і працуем». Кампанія «КОМПО» даўно і плённа супрацоўнічае з шэрагам навучальных устаноў абласнога цэнтра. Напрыклад, над брэсцкім ліцэем № 1 імя А. С. Пушкіна прадпрыемства ўзяло шэфства шмат гадоў таму. Не забываем і вучняў іншых школ, для іх праводзім экскурсіі, якія носяць пазнавальны і прафарыентацыйны характар. Такім чынам дапамагаем моладзі вызначыцца з будучай прафесіяй, прывіваем цікавасць да інжынерыі, машынабудавання. Сёлета, напрыклад, падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з сярэдняй школай № 24 абласнога цэнтра. Для школьнікаў праводзім не толькі пазнавальныя экскурсіі, але і факультатыўныя заняткі ў інжынерных класах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва прадпрыемства

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю