Top.Mail.Ru

Як меры дзяржаўнай падтрымкi дапамагаюць не адкладваць лепшае на пасля

У прыярытэце — сям’я






Беларусь займае 25-е месца ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краiн i ўваходзiць у топ-10 краiн свету з найбольш нiзкiмi паказчыкамi дзiцячай смяротнасцi. Акрамя таго, у рэйтынгу найлепшых краiн свету для нараджэння дзiцяцi наша дзяржава знаходзiцца на 40-м месцы са 180. Гэта пацвярджае, што ў нас створаны ўсе ўмовы для падтрымкi мацi i дзяцей. Клопат аб сям’i з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палiтыкi. Ды i самi беларусы, паводле розных апытанняў, сярод жыццёвых прыярытэтаў на першае месца заўсёды ставяць сям’ю. Высокi ўзровень медыцынскага абслугоўвання, трохгадовы водпуск па доглядзе дзiцяцi, даступнасць дзiцячых садкоў i школ, а таксама разнастайныя сацыяльныя праграмы падтрымкi сем’яў — усё гэта робiць Беларусь яшчэ больш прывабнай для маладых бацькоў. I меры па падтрымцы сем’яў у краiне пастаянна нарошчваюцца.

Сакрэты лiдарства ў рэйтынгах

Дзякуючы высокаму ўзроўню медыцыны ў Беларусi дзiцячая смяротнасць на працягу апошнiх гадоў не перавышае 3,0 на 1000 нованароджаных.

— Апошнiя 5 гадоў паказчык складае ад 2,4 да 2,8 прамiле. Абумоўлена гэта рознаўзроўневай сiстэмай аказання перынатальнай дапамогi, якая прызнана эфектыўнай не толькi ў нашай краiне, але i ва ўсiм свеце, — гаворыць дырэктар РНПЦ «Мацi i дзiця» Сяргей ВАСIЛЬЕЎ. — Пацыенткам у залежнасцi ад тых цi iншых экстрагенiтальных захворванняў, iншых паталогiй, узросту аказваецца своечасовая, якасная i адэкватная дапамога на розных этапах. Самыя простыя роды, без наступстваў i ўскладненняў, праходзяць на першым, або раённым узроўнi. А на чацвёртым узроўнi прымаюцца пацыенткi, якiя маюць экстрагенiтальныя паталогii, з заўчаснымi родамi, родамi да 28 тыдняў з надзвычайна нiзкай масай цела, з прыроджанымi анамалiямi i парокамi развiцця плода. Нiякiх перашкод няма, i кожны акушэр-гiнеколаг, якi назiрае жанчыну, накiроўвае пацыентку на той узровень, дзе ёй будзе аказана неабходная дапамога

Акрамя таго, Сяргей Васiльеў адзначае, што дасягнуць такiх поспехаў служба аховы мацярынства i дзяцiнства змагла дзякуючы кадраваму патэнцыялу, якi валодае ўсiмi спосабамi i метадамi аказання перынатальнай дапамогi, а таксама падтрымцы дзяржавы ў выглядзе закупкi сучаснага высокатэхналагiчнага абсталявання, што бясплатна прадастаўляецца жанчынам для атрымання медыцынскай дапамогi на належным узроўнi.

Вылечыць ва ўлоннi мацi

Беларусь — адна з некалькiх дзяржаў — членаў Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя ва ўсiм Еўрапейскiм рэгiёне, дзе рэгiструецца ўсяго адна мацярынская смерць на 100 тысяч нованароджаных.

— 100 % жанчын у нашай краiне маюць доступ да дародавага i пасляродавага медыцынскага абслугоўвання, iм праводзяцца УГД-скрынiнгi i медыка-генетычнае тэсцiраванне, што дазваляе выявiць прыроджаныя i спадчынныя захворваннi. У Беларусi ўведзена заахвочвальная дапамога для цяжарных жанчын, якiя сталi на ўлiк у жаночую кансультацыю да 12 тыдняў цяжарнасцi i выконваюць у поўным аб’ёме рэкамендацыi ўрачоў. Наша дзяржава ўваходзiць у 50 найлепшых краiн свету па вядзеннi цяжарнасцi i па арганiзацыi родаў, — кажа начальнiк галоўнага ўпраўлення аказання медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Леанiд НЕДЗЕНЬ.

Напрыклад, у РНПЦ «Мацi i дзiця» праводзiцца так званы неанатальны скрынiнг для ўсiх нованароджаных у краiне, якi ўключае тэсцiраванне на пяць захворванняў. I гэту праграму ў найблiжэйшы час збiраюцца пашырыць да 12 захворванняў, а да 2030 года плануецца тэсцiраваць малых на 36 генетычных захворванняў!

А часам медыкi робяць сапраўдныя цуды, напрыклад, высокатэхналагiчныя ўнутрычэраўныя аперацыi, якiя выконваюцца ў РНПЦ на працягу 15 апошнiх гадоў. За гэты час зроблена каля 1000 такiх умяшанняў, што дазволiла немаўлятам пазбегнуць iнвалiднасцi. Дзетак, якiя нараджаюцца заўчасна, беларускiя медыкi навучылiся паспяхова выходжваць. Спецыялiсты РНПЦ «Мацi i дзiця» дапамагаюць выжыць немаўлятам, якiя нарадзiлiся з 22 тыдня цяжарнасцi i маюць вагу ад 500 грамаў, што адпавядае паказчыку самых развiтых краiн свету. Выжывальнасць дзяцей з экстрэмальна нiзкай масай цела на першым годзе жыцця ў Беларусi складае больш за 80 %. Напрыклад, летась выжывальнасць дзяцей з масай цела да 1000 грамаў склала 85,6 %.

— Выжывальнасць дзяцей з экстрэмальна нiзкай i вельмi нiзкай масай цела спалучана з высокай рызыкай ускладненняў, такiх як бронхалёгачная дысплазiя, парушэннi зроку. Магчымыя неўралагiчныя ўскладненнi — цэрэбральны паралiч, затрымка псiхаматорнага развiцця. Ранняе выяўленне i сучасныя метады лячэння дазваляюць зменшыць праявы многiх з гэтых ускладненняў, — адзначае Леанiд Недзень

Створаны ў нашай краiне i цэнтры ранняга ўмяшання, якiя накiраваны на выяўленне дзяцей ва ўзросце да трох гадоў з парушэннямi развiцця або рызыкай з’яўлення такiх парушэнняў, аказанне такiм дзецям медыцынскай i iншай дапамогi для iх аптымальнага развiцця i падтрымкi iх сем’яў. Сёння дзейнiчае 47 такiх цэнтраў i 11 кабiнетаў.

Працоўныя гарантыi i сродкi на дах над галавой

Як адзначыла начальнiк упраўлення народанасельнiцтва, гендарнай i сямейнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Святлана БЕЛАШ, асаблiвую падтрымку атрымлiваюць сем’i пры нараджэннi дзяцей. Увесь перыяд дэкрэтнага водпуску за мацi цi татам захоўваецца працоўнае месца. А пры выхадзе на работу прадугледжана гарантыя прадаўжэння працоўнага кантракта на тэрмiн не менш як да дасягнення дзiцем узросту пяцi гадоў.

Яшчэ адзiн вiд падтрымкi — сродкi сямейнага капiталу для шматдзетных сем’яў. У асноўным бацькi выкарыстоўваюць гэтыя грошы для паляпшэння жыллёвых умоў, аднак апошнiм часам вырас попыт на аплату сямейным капiталам i адукацыi дзяцей.

Што да жыллёвага пытання, то яно для многiх беларусаў з’яўляецца ключавым падчас прыняцця рашэння аб стварэннi сям’i i нараджэннi дзяцей. Маладым сем’ям (а такой лiчыцца сям’я, дзе адзiн

з сужэнцаў цi абое маладзейшыя за 31 год) пры з’яўленнi першага дзiцяцi фiнансавая дапамога дзяржавы ў пагашэннi запазычанасцi па льготных крэдытах аказваецца ў памеры 10 % ад сумы запазычанасцi па крэдыце; пры нараджэннi другога — 20 %. Акрамя таго, у краiне прадугледжана прыцягненне крэдытаў камерцыйных банкаў з выплатай грамадзянам з бюджэту адрасных субсiдый на пагашэнне часткi асноўнага доўгу i працэнтаў па такiх крэдытах.

Фота БелТА



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю