Эталонныя задачы
Сярод задач, пастаўленых Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на пяцігодку якасці, — лічбавая трансфармацыя, забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту краіны і далейшага росту даходаў насельніцтва, прымяненне справядлівай сістэмы цэнаўтварэння. Іх выкананне немагчыма без метралогіі — галіны, якая адказвае за дакладнасць вымярэнняў. Без іх сёння не абысціся ні навуцы, ні прамысловасці, ні бяспецы.

Унёсак у рэальны сектар
Сёння немагчыма ўявіць ні адну сферу, дзе рашэнні прымаюцца без вымярэнняў — ад уліку энергіі і паліва да медыцынскай дыягностыкі, ад бяспекі на транспарце да міжнароднага гандлю.
Сучасная эталонная база Беларусі ўключае 70 высокадакладных установак. За 2021–2025 гады завершана рэалізацыя падпраграмы «Эталоны Беларусі», у рамках якой было створана 7 нацыянальных эталонаў і 1 эталонны комплекс, а таксама мадэрнізавана 7 нацыянальных эталонаў.
— Гэта новыя магчымасці для прамысловасці, медыцыны, энергетыкі і навуковых даследаванняў, а таксама ўнёсак у бяспеку, якасць і міжнароднае прызнанне нашай краіны, — адзначае намеснік старшыні Дзяржстандарта Іван КІСЛЕНКА.
У стварэнні нацыянальных эталонаў актыўны ўдзел узялі Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства адукацыі. Інстытут прыкладной фізікі НАН, напрыклад, займаўся стварэннем Нацыянальнага эталона адзінак магутнасці ўдзельных магнітных страт і магнітнай індукцыі пераменнага магнітнага поля. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі праводзіў работы па стварэнні двух нацыянальных эталонаў: адзінкі магутнасці электрамагнітных ваганняў і адзінкі аслаблення электрамагнітных ваганняў.
Узмацняецца і матэрыяльна-тэхнічная база для стварэння і захоўвання нацыянальных эталонаў. Самай, бадай, знамянальнай падзеяй у 2025 годзе стала заканчэнне рэканструкцыі і ўвод у эксплуатацыю адміністрацыйнага будынка Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі з лабараторнымі памяшканнямі на сталічнай вуліцы Карвата. Тут размясціліся новыя мадэрнізаваныя эталоны ў галіне іянізуючых выпраменьванняў, крытычна важныя для радыяцыйнай бяспекі, атамнай энергетыкі і медыцыны.
— Гэта інфраструктура, якая будзе працаваць на будучыню. Гэта ўнікальная, самая сучасная лабараторыя па сваім кірунку ў Беларусі, — падкрэслівае Іван Кісленка.
На бягучую пяцігодку Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях сумесна з Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі зацвердзіў новую дзяржаўную навукова-тэхнічную праграму інавацыйнага развіцця эталоннай базы, у рамках якой плануецца стварыць чатыры новыя эталоны і мадэрнізаваць восем існуючых.

Па стандартных узорах
З кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаванай дзейнасць Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі (БелДІМ), расце колькасць метралагічных паслуг, якія аказваюцца. Толькі летась праведзены работы па дзяржаўнай паверцы больш за паўтара мільёна адзінак сродкаў вымярэнняў, яшчэ амаль паўмільёна прайшлі каліброўку.
Такіх высокіх паказчыкаў удалося дасягнуць дзякуючы пастаяннаму ўдасканаленню матэрыяльнай базы.
Як паведаміў дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Аляксандр КАЗАЧОК, летась вобласць аказання метралагічных паслуг была пашырана на 10 новых кірункаў у галіне фізіка-хімічных і аптычных вымярэнняў, вымярэнняў тэмпературы, радыёэлектронных вымярэнняў і іншых. Сёлета плануецца набыць абсталяванне, якое дазволіць пашырыць вобласць дзейнасці метралагічных падраздзяленняў на 13 новых кірункаў.
Шырокі спектр работ, якія праводзяцца ў галіне метралагічнай ацэнкі, даў магчымасць арганізаваць экспарт метралагічных паслуг для нацыянальных метралагічных інстытутаў і шэрагу прадпрыемстваў Расіі, Казахстана, Узбекістана і Грузіі.
— Выпрабавальны цэнтр БелДІМ упаўнаважаны Дзяржстандартам на правядзенне выпрабаванняў сродкаў вымярэнняў у мэтах зацвярджэння тыпу і штогод праводзіць больш як тысячу такіх выпрабаванняў, якія з’яўляюцца на рынку Беларусі, — расказаў Аляксандр Казачок. — Адным з перспектыўных кірункаў дзейнасці БелДІМ у галіне аказання метралагічных паслуг з’яўляецца распрацоўка і выраб стандартных узораў, якія прымяняюцца для метралагічнай ацэнкі сродкаў вымярэнняў, а таксама іх кантролю.
Сёння БелДІМ з’яўляецца адзіным у Беларусі вытворцам стандартных узораў па складзе газавых сумесяў, прызначаных для каліброўкі газааналізатараў. Іх ужыванне вельмі шырокае, у тым ліку і на прадпрыемствах нафтагазавай прамысловасці.
З улікам патрэбнасцяў прамысловасці запланавана распрацоўка новых стандартных узораў, такіх як памер часціц на аснове стабілізаваных калоідных раствораў полістыролу ў вадзе з выкарыстаннем вымяральных магчымасцяў эталоннага комплексу метралагічнай ацэнкі сродкаў вымярэнняў параметраў дысперсных асяроддзяў.
У галіне лічбавай трансфармацыі метралогіі БелДІМ актыўна развівае ўласныя праграмныя рашэнні. Летась яго спецыялісты правялі мадэрнізацыю Дзяржаўнага інфармацыйнага фонду па забеспячэнні адзінства вымярэнняў з укараненнем функцыяналу электроннага лічбавага подпісу, а з 1 студзеня 2026 года абноўлены дзяржаўны інфармацыйны фонд запушчаны ў прамысловую эксплуатацыю. Таксама ў 2025-м быў забяспечаны запуск абноўленага Дзяржаўнага рэестра сродкаў вымярэнняў Беларусі на базе 1С, а з пачатку 2026 года — запуск адзінага даведніка сродкаў вымярэнняў. На базе праграмнага прадукту 1С створана праграмнае забеспячэнне для ажыццяўлення метралагічнай ацэнкі і арганізацыі асабістага кабінета кліента БелДІМ, якія запушчаны ў тэставую эксплуатацыю. Гэтыя напрацоўкі будуць выкарыстаны для далейшага развіцця лічбавых рашэнняў у сістэме Дзяржаўнай метралагічнай службы пад кіраваннем Дзяржстандарта.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД