Top.Mail.Ru
404

Як міліцыя дапамагае вярнуцца да нармальнага жыцця

У Заводскім РУУС г. Мінска працягваецца актыўная работа па прафілактыцы правапарушэнняў. Акцэнт робіцца на дапамогу тым, хто ўжо пераступаў рысу закону і рызыкуе зрабіць гэта зноў.


Каб не дапусціць гэтага, супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі службы занятасці ўдзяляюць асаблівую ўвагу пытанню працаўладкавання грамадзян, якія адбываюць крымінальнае пакаранне або нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Падрабязна тлумачаць механізмы пошуку работы, расказваюць аб запатрабаваных на рынку працы прафесіях і дзяржаўных праграмах падтрымкі.

«Галоўная задача сёння — не проста праінфармаваць, а пачуць вас і дапамагчы, — звяртаецца да прысутных начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксандр РАХМАНЬКА. — Мы разумеем, што пошук працы — гэта першы і самы важны крок. І прадпрыемствы раёна гатовы прапанаваць вам цэлы шэраг вакансій, а таксама праграмы перанавучання».

5463089094050577591.jpg

Міліцэйская практыка ўжо неаднаразова пацвярджала, што чалавек, які знайшоў стабільную работу, аднавіў сацыяльныя сувязі і адчуў, што ён запатрабаваны, рэдка вяртаецца на шлях парушэння закону.

«Наша прафілактыка будуецца менавіта на гэтым прынцыпе: мы не проста папярэджваем, мы прапануем альтэрнатыву, — адзначае падпалкоўнік міліцыі.

— У Мінску беспрацоўныя грамадзяне могуць атрымаць субсідыю ў памеры больш за 5 тысяч рублёў на арганізацыю індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Для гэтага неабходна зарэгістравацца ва ўпраўленні занятасці насельніцтва ў якасці беспрацоўнага, быць старэйшым за 18 гадоў і выконваць абавязкі беспрацоўнага ў адпаведнасці з Законам „Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь“, а таксама прайсці навучальны курс. Па падрабязнасці можна звярнуцца ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама».

5463089094050577589.jpg

Удзельнікаў сустрэчы цікавілі пытанні: ці возьмуць на працу без вопыту, як аформіць дакументы для працаўладкавання і іншыя. На кожнае пытанне яны атрымалі грунтоўны адказ.

Як падзяліўся адзін з удзельнікаў сустрэчы, пасля вызвалення складана зарыентавацца ў жыцці. «Здаецца, што ўсе дзверы зачыненыя, — лічыць Аляксей. — А тут канкрэтна расказваюць, куды можна звярнуцца, дапамагаюць з дакументамі. З'яўляецца надзея, што ўсё можна выправіць».

У канцы мерапрыемства падуліковыя крымінальна-выканаўчай інспекцыі прынялі ўдзел у навядзенні парадку на тэрыторыі Заводскага раёна.

Падобныя сустрэчы праходзяць у Заводскім РУУС на рэгулярнай аснове. Яны сталі важным звяном у ланцугу сацыяльнай адаптацыі, даказваючы, што эфектыўная прафілактыка правапарушэнняў — гэта не толькі работа праваахоўных органаў, але і комплексная падтрымка тых, хто вырашыў пачаць жыццё з чыстага ліста.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Заводскага РУУС г. Мінска

Чытайце таксама: Прадстаўнікі міліцэйскага ведамства далучыліся да рэспубліканскага суботніка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю