Top.Mail.Ru

Як міліцыя і банкі аб’ядноўваюць намаганні супраць кібермахляроў

Бяспека ў лічбавую эпоху


З 21 па 25 верасня ў Беларусі, у прыватнасці, на Міншчыне, пройдзе прафілактычная акцыя «Тыдзень кібербяспекі». Напярэдадні мерапрыемства адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў праваахоўных органаў і банкаўскага сектару.

Галоўнай тэмай дыялогу стала ўдасканаленне механізмаў супрацьдзеяння ашуканскім аперацыям. Асаблівы акцэнт зроблены на выпадках, калі прадметам крадзяжу становяцца крэдытныя сродкі, атрыманыя грамадзянамі пры асабістым звароце ў аддзяленні банкаў.

На думку палкоўніка міліцыі Сяргея Якубеля, намесніка начальніка УУС Мінаблвыканкама-начальніка крымінальнай міліцыі, ёсць нямала ключавых прыкмет, якія могуць сігналізаваць банкаўскім работнікам аб тым, што кліент, калі бярэ буйны крэдыт або збіраецца пераводзіць на чыйсьці кошт грашовыя сродкі, дзейнічае не самастойна, а пад дыктоўку зламыснікаў. Ён пералічыў асноўныя паводніцкія прыкметы для гэтай сітуацыі.

Эмоцыі: павышаная трывожнасць, нервовасць, пазбяганне глядзельнага кантакту.

Зносіны: адказы на званкі падчас дыялогу з супрацоўнікам, імкненне адасобіцца або выкарыстанне гучнай сувязі.

Рэакцыя на пытанні: няздольнасць дакладна растлумачыць мэту крэдыту, шаблонныя фразы («на рамонт», «на лячэнне»), завучаныя адказы.

Ізаляцыя: настойлівыя просьбы аб канфiдэнцыяльнасцi, адмова параіцца са сваякамі, спасылкі на забарону разгалашэння інфармацыі.


Таксама вылучаюцца фінансавыя індыкатары:

Тэрміновасць: кліент прыспешвае супрацоўніка, патрабуе паскорыць працэс, асцерагаючыся «дрэнных наступстваў» пры затрымцы.

Падазроныя аперацыі: намер адразу зняць усю суму наяўнымі грашыма або перавесці сродкі на невядомы рахунак.

Анамаліі: наведванне банкаматаў у незвычайны час, частая праверка балансу, усталёўка новых дадаткаў па парадзе іншых асоб.

Палкоўнік міліцыі Якубель назваў і тэхнічныя і лічбавыя сігналы:

Выдалены доступ: наяўнасць на прыладзе дадаткаў для дыстанцыйнага кіравання смартфонам ці ПК.

Дзеянні па інструкцыі: кліент не можа сам выканаць простыя аперацыі ў мабільным банку, відавочна выконваючы нечыя ўказанні.

Актыўнасць званкоў: мноства кароткіх выклікаў ці працяглыя размовы з невядомымі нумарамі ў гісторыі выклікаў.

Начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Мінаблвыканкама, палкоўнік Павел Строк падкрэсліў, што аб’яднанне магчымасцяў фінансавага сектара і праваахоўных органаў дазваляе больш эфектыўна супрацьстаяць пагрозам, якія пастаянна развіваюцца.

Праваахоўнікі і прадстаўнікі банкаўскага сектара не абмежаваліся абмеркаваннем праблем і выпрацавалі канкрэтныя сумесныя падыходы, накіраваныя на зніжэнне рызыкі афармлення крэдытаў грамадзянамі, якія знаходзяцца пад уплывам зламыснікаў.

Прынятыя меры закліканы ўзмацніць абарону жыхароў рэспублікі, а таксама павысіць узровень іх фінансавай пісьменнасці і пільнасці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю