Top.Mail.Ru

Як мінчане добраўпарадкавалі любімы гай

«Абдымі бярозку як душу салдата»

Сёлета ў Мінску плануецца рэалізаваць 39 праектаў з бюджэтнай падтрымкай пры фінансавым удзеле грамадзян. У беларускай сталіцы ўжо шмат чаго зроблена па ініцыятыве і з 10-працэнтным унёскам неабыякавых жыхароў. Трэба сказаць, што гэта карысная работа не спыняецца. Летась у адным са сталічных мікрараёнаў у цэнтры горада была праведзена каласальная работа па ажыццяўленні грамадзянскай ініцыятывы патрыятычнага кірунку. Праект адметны тым, што закранае тэму памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Невыпадкова рэалізацыя добраўпарадкавання аб’екта прыйшлася на 2025 год, калі Беларусь адзначала 80-годдзе Вялікай Перамогі.

Заяўніцай грамадзянскай ініцыятывы была Ірына Камарова, настаўніца малодшых класаў гімназіі № 7, якая вырасла і пражывае ў гэтым раёне.

Месца для гэтага памятнага знака выбрана невыпадкова. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны на месцы сучаснага гарадскога двара на Антонаўскай вуліцы быў прыватны сектар, тут пражываў Герой Савецкага Саюза Мікалай Кедышка. Як і многія маладыя людзі, з самага пачатку акупацыі ён вёў актыўную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ім была створана падпольная антыфашысцкая група «Андруша». У першыя дні вайны ў дом Мікалая Аляксандравіча трапіў снарад. Адзін з яго таварышаў і суседзяў, які прайшоў усю вайну, даў сабе абяцанне закласці бярозавы гай. Калі верыць легендзе, мужчына пасадзіў столькі бярозак, колькі загінула яго аднапалчан. 

Як расказала Ірына Камарова, адразу пасля вайны на гэтай тэрыторыі знаходзілася воінская часць, значна пазней тут паставілі сцэну. «Памятаю, як на ўсе святы, на 9 Мая абавязкова, збіраліся жыхары. Шмат было ў нашым мікрараёне ветэранаў, сярод якіх і жанчына-хірург, і жанчына-разведчыца, усіх на пералік мы ведалі. Гэта было вельмі важна, асабліва ў патрыятычным выхаванні», — узгадала Ірына Леанідаўна.

Яна дадала, што раней усе дамы вакол «Бярозавага гаю» ў асноўным былі для ваенных. Яе бабулі ў гэтых дамах далі кватэру, бо муж-лётчык прапаў без вестак. Вельмі шмат было жыхароў, якія дакрануліся да вайны, тут раслі іх дзеці і ўнукі. Усё гэта спрыяла патрыятычнаму выхаванню.

Таму ідэя ўвекавечыць прыродны куток «Бярозавы гай» прыйшла невыпадкова.

«Нават калі пачалася актыўная забудова, сталі з’яўляцца шматпавярховікі, гэтае месца вырашылі не чапаць. Тэрыторыя ператварылася ў дваровую», — растлумачыла старшыня Партызанскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», дэпутат Мінгарсавета Валянціна Даўгалёва.

Яна расказала, што ў 2020 годзе грамадзяне, якія пражывалі ў двары і ведалі гэту гісторыю, звярнуліся ў адміністрацыю раёна з просьбай устанавіць памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Там стаялі сімвалічныя памятныя камяні з шыльдамі. У адміністрацыі на той час не было вялікіх магчымасцяў. На ўвесь праект грамадзянскай ініцыятывы пайшло парадку 22 тысяч беларускіх рублёў — 90 % працэнтаў фінансавала дзяржава і 10 % грашовых сродкаў накіравала Партызанская раённая г. Мінска арганізацыя РГА «Белая Русь». Але калі з’явілася магчымасць рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы ў новым фармаце, быў напісаны праект па добраўпарадкаванні памятнага знака. Замест каменя пад соснамі з’явілася малая архітэктурная форма, што складаецца з трох мемарыяльных камянёў.

«Мы абнавілі шыльды, якія прысвечаны Мікалаю Кедышку, да 75-годдзя вызвалення Беларусі. Праклалі сцежку да камянёў, па два бакі сцежкі засадзілі кустоўем, дадалі маладыя елкі і бярозы. Прыгожа добраўпарадкавалі дваровую тэрыторыю, якая прылягае да памятнага знака. Замянілі лаўкі, усталявалі смеццевыя кантэйнеры», — падзялілася Валянціна Васільеўна.

Дэпутат расказала, што 10-працэнтны ўнёсак збіралі не ў жыхароў мікрараёна і ТОСа, а ў Партызанскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», то-бок яны выступілі ў ролі фінансавага партнёра.

«Адпаведна наш актыў нясе адказнасць за гэты мемарыяльны помнік. Таму праводзім усе суботнікі і працоўныя акцыі, у памятныя даты — абавязкова мітынгі. Грамадзяне прыносяць кветкі, таму абавязкова сочым за напаўняльнасцю і чысцінёй рытуальных вазонаў».

Працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый таксама наведваюць мемарыял. Ён для ўсіх знакавы. 

Як адзначыла Валянціна Васільеўна, дадзенае месца ціхае, кампактнае, побач, дзе заканчваецца тэрыторыя памятнага знака, пачынаецца дваровая дзіцячая зона для гульні.

За месцам афіцыйна замацавалася і народная назва «Бярозавы гай». Падчас вясенняга суботніка тэрыторыя дапоўніцца кветкавымі кампазіцыямі.

Не так даўно школьнікі выпускных класаў высаджвалі тут дрэвы разам з ветэранамі. Па словах Ірыны Камаровай, маладыя людзі, у нядаўнім выпускнікі, а таксама вучні суседніх гімназіі і школ — цудоўныя памочнікі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Тут праходзяць урокі мужнасці, каля памятных знакаў прымаюць у шэрагі пія-нераў і акцябрат. Увесну адбываецца школьная акцыя «Абдымі бярозку як душу салдата». Такія мерапрыемствы знаходзяць яркі адбітак у сэрцах дзяцей, выхоўваюць пачуццё патрыятызму, вучаць быць чуллівымі да гісторыі роднага краю.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю