Top.Mail.Ru

Як мінчанка пазбавілася 530 тысяч рублёў, перадаўшы іх махлярам

У эпоху імклівага развіцця лічбавых тэхналогій тэлефонныя аферысты ператвараюць свае злачынныя схемы ў сапраўдныя спектаклі. Яны па-майстэрску выконваюць ролі і могуць імгненна, на хаду, падладжвацца пад розныя акалічнасці. Ахвярай адной з такіх пастановак стала жыхарка сталіцы, якая страціла больш за паўмільёна рублёў.



Як паведаміла група інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску, у сакавіку гэтага года жанчыне патэлефанаваў невядомы, які назваўся супрацоўнікам абслуговай арганізацыі. Ён паведаміў аб неабходнасці замены дамафона і настойліва папрасіў прадыктаваць код, які павінен быў прыйсці на тэлефон. Паводле яго слоў, гэтыя лічбы будуць «ушыты ў чып» новага абсталявання. 

Мінчанка, не западозрыўшы падману, выканала просьбу. З гэтага моманту зламыснікі атрымалі доступ да яе персанальных звестак, што дазволіла запусціць наступную фазу злачыннай схемы. 

Пазней з пацярпелай звязаўся лжэсупрацоўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю і паведаміў, што на яе імя адкрыты рахунак для фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці. Пры гэтым суразмоўца аказваў псіхалагічны ціск: пагражаў узбуджэннем крымінальнай справы, запалохваў адказнасцю і патрабаваў захавання інструкцый. 

Праз некаторы час у размову ўступіў іншы «супрацоўнік». Ён прапанаваў засцерагчы сродкі і пацвердзіць законнасць іх паходжання, перадаўшы ўсе назапашванні спецыялісту Нацыянальнага банка, а таксама запэўніў жанчыну, што пасля праверкі грошы вернуць у поўным аб’ёме. 

Будучы перакананай, што супрацоўнічае з прадстаўнікамі ўлады, жанчына зняла з рахункаў усе існуючыя зберажэнні і перадала іх кур’еру.

Аднак на гэтым зламыснікі не спыніліся. Даведаўшыся, што ў яе ёсць аўтамабіль, яны паведамілі, што транспартны сродак нібыта выстаўлены на аўкцыён. Каб выратаваць маёмасць, неабходна тэрмінова прадаць машыну, а атрыманыя сродкі таксама перадаць пасыльнаму. Грошы ад рэалізацыі, як і зберажэнні, што былі перададзены раней, паабяцалі вярнуць пасля таго, як будуць затрыманы «махляры».


Пацярпелая выканала і гэтыя патрабаванні.

Увечары таго ж дня мінчанка глядзела праграму навін. У эфіры мужчына расказаў сваю гісторыю — аб тым, як трапіўся на хітрыкі тэлефонных аферыстаў. Схема аказалася ідэнтычнай той, ахвярай якой стала яна сама. У гэты момант жанчына і ўсвядоміла, што яе ашукалі і звярнулася ў праваахоўныя органы.

Агульная сума ўрону склала больш за 530 тысяч рублёў.

Першамайскім горада Мінска раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па артыкуле махлярства, учыненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры Крымінальнага кодэкса Беларусі. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асоб, якія ўчынілі злачынства.

Следчы камітэт нагадвае, што зламыснікі ўдасканальваюць схемы падману, выкарыстоўваюць падмену нумароў, псіхалагічны ціск і легенды, звязаныя з бяспечнымі рахункамі, фінансаваннем экстрэмізму і ўзломам персанальных звестак. 

Прытрымвайцеся наступных правілаў:

• Нікому і ніколі не паведамляйце коды са СМС. Супрацоўнікі банка, дзяржаўных органаў, камунальных службаў не запытваюць іх па тэлефоне ці ў месенджарах.
• Калі вам тэлефануюць, прадстаўляючыся супрацоўнікамі праваахоўных органаў і пагражаюць крымінальнай адказнасцю, — неадкладна спыніце размову. Самастойна пазваніце ў арганізацыю па нумары тэлефона, указаным на афіцыйным сайце.
• Калі ў вас падчас тэлефоннай размовы патрабуюць буйную суму ці маёмасць, пакладзіце трубку, абмяркуйце сітуацыю з блізкімі, а таксама звярніцеся ў праваахоўныя органы.



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю