Top.Mail.Ru

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Пачалася актыўная работа па падрыхтоўцы Мінска да запланаваных святочных мерапрыемстваў. Асноўнай падзеяй гэтага года стане святкаванне Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Канцэпцыя афармлення горада сфарміравана, і цяпер ідзе яе ўвасабленне ў жыццё. У майскім афармленні сталіцы будзе пераважаць чырвона-залатая каляровая гама, якая сімвалізуе Перамогу, расказала намеснік дырэктара КПУП «Мінскрэклама» Марына Грыцава.


1418 дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна, і менавіта столькі ж тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах Мінска. Па просьбе гараджан ва ўсіх раёнах будзе добраўпарадкавана мноства тэматычных фотазон. Напрыклад, у раёне Камароўскага рынку фотазона будзе прысвечана песням часоў Вялікай Айчыннай вайны. На праспекце Незалежнасці ўстановяць 17 стэндаў, якія інфармуюць аб этапах вызвалення Беларусі. Дзякуючы сумеснай рабоце са студэнтамі ўпершыню жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць аніміраваныя білборды, якія дэманструюць сюжэты мінулай эпохі.

У рамках вясновага месячніка па добраўпарадкаванні, які стартаваў 17 сакавіка, у парадак будуць прыведзены агульнагарадскія тэрыторыі і раёны жылой забудовы. Пры гэтым, як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Андрэй Садоўскі, асаблівую ўвагу аддадуць падведамасным тэрыторыям. Суботнікі, да ўдзелу ў якіх прыцягваюцца шырокія пласты насельніцтва, павінны не толькі спрыяць навядзенню парадку, але і фарміраваць пачуццё агульнай адказнасці за навакольнае асяроддзе.

Вялікі аб’ём работ па азеляненні запланаваны на гэты год спецыялістамі УП «Мінскзелянбуд». Па словах кіраўніка службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі Наталлі Лісоўскай, каля 10 тысяч дрэў і больш за 50 тысяч кустоў высадзяць уздоўж МКАД. У адпаведнасці з распрацаванымі альбомамі кветкавага афармлення на гарадскіх тэрыторыях з’явіцца каля 1,34 млн штук аднагадовых кветкавых раслін. Упершыню на агароджах раздзяляльнай паласы ўздоўж праспекта Пераможцаў будзе вывешана больш за 3 тысячы кашпо з марозаўстойлівымі раслінамі (віёлай і блюшчыкам). Працягнецца работа па ўпрыгожванні ружамі, якіх мяркуецца высадзіць звыш 50 тысяч кустоў ва ўсіх адміністрацыйных раёнах горада. Да 80-годдзя Перамогі створаць і тэматычныя кветнікі. Напрыклад, у Кастрычніцкім раёне такі кветнік будзе размешчаны на вуліцы Талстога, у Заводскім раёне — на Партызанскім праспекце.

У час правядзення мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый неабходна строга выконваць дзейнае прыродаахоўнае заканадаўства. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка. Ён заклікаў адмовіцца ад незаконнага выпальвання сухой травы як у горадзе, так і за яго межамі. У выпадку выяўлення ачагоў росту інвазійных відаў раслін неабходна прымаць меры па іх выкараненні. Калі з 2019 года плошча, занятая баршчэўнікам Сасноўскага, паменшылася з 40 да 14 га, то сумнік канадскі да цяперашняга часу захапіў каля 220 га. Сёлета, адзначыў Валянцін Шатраўка, упершыню выдзелены фінансавыя сродкі на барацьбу хімічнымі метадамі з гэтым інвазійным відам, што павінна станоўча паўплываць на дынаміку змяншэння яго распаўсюджвання.

Андрэй АКІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю