Удзельнікі двухдзённага прэс-тура, прысвечанага 25-годдзю Мінэнерга, пабывалі на многіх прадпрыемствах, якія забяспечваюць нас газам, цеплавой і электрычнай энергіяй. Аб некаторых з іх мы вам ужо расказалі. Шмат цікавага даведаліся журналісты і падчас наведвання Мінскай ЦЭЦ-4, якая займае амаль 100 гектараў і забяспечвае цяплом каля 48 % усяго жылога фонду Мінска.
Асноўнае паліва — газ
Па словах дырэктара філіяла «Мінская ЦЭЦ-4» РУП «Мінскэнерга» Міхаіла БАНЬКОЎСКАГА, асноўным палівам, на якім працуе абсталяванне цэнтралі, з’яўляецца газ:
— У нас ёсць два газаправоды, што дазваляе праводзіць неабходны рамонт, не спыняючы пры гэтым работу самой станцыі. Для астуджэння абсталявання на цэнтралі патрабуецца вялікая колькасць вады, якая бярэцца з вадасховішча Дразды. Маюцца чатыры вялікіх градзірні для яе астуджэння.

Ёсць і ёмістасці з мазутам — гэта рэзервовае паліва на выпадак запланаванай адсутнасці газу, каб ЦЭЦ функцыянавала бесперабойна.
Дарэчы, заходнюю частку горадаабслугоўвае ЦЭЦ-3. Акрамя таго, у складзе мінскіх цеплавых сетак пра-цуюць сем рэзервовых кацельняў, якія пры неабходнасці могуць лакальна забяспечыць цеплазабеспячэнне.
На фінішнай прамой
Генеральны дырэктар «Мінскэнерга» Павел ГАРУДКА адзначыў, што на ЦЭЦ-4 завяршаюцца капітальны і сярэднія рамонты цеплаэнергетычнага абсталявання:

— Гэта неабходна для таго, каб у ацяпляльны перыяд планава прайсці неабходныя цеплавыя нагрузкі і надзейна забяспечыць Мінск электрычнай энергіяй і цяплом. Рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў па мадэрнізацыі абсталявання, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці работы ЦЭЦ. Практычна ўсе работы ўжо завершаны. Засталіся асобныя мерапрыемствы на чацвёртым і пятым энергаблоках, якія будуць скончаны да пачатку ацяпляльнага перыяду. У цэлым ЦЭЦ-4 гатова несці цеплавую нагрузку і паспяхова прайсці ацяпляльны перыяд.
На кожным энергаблоку і катле станцыі дзейнічае аўтаматызаваная сістэма кіравання. Яна выводзіць дыспетчару сігналы з датчыкаў і трубаправодаў, дзякуючы чаму персанал можа аператыўна рэагаваць на змены параметраў працы абсталявання.
— Цяпер распрацоўваецца сістэма рэгулявання частаты і магутнасці турбін. Яна дазволіць энергаблокам у аўтаматычным рэжыме адпавядаць усім патрабаванням, неабходным для пастаўкі электраэнергіі, — сказаў Павел Гарудка.
У дапамогу — трэнажор і законы фізікі
Азнаёміліся журналісты і з сучасным трэнажорным комплексам, які ўсталяваны на тэрыторыі ЦЭЦ-4. Ён патрэбны, каб падрыхтаваць энергетыкаў да працы ў штатных і няштатных сітуацыях, адпрацаваць дзеянні персаналу пры тэхналагічных парушэннях. Вучацца і на рэальных здарэннях. Так, падчас дэманстрацыі трэніроўкі тут аднавілі пашкоджанне ўчастка цеплавой магістралі, якое адбылося ў сталіцы ў студзені 2026 года.

— Дзякуючы трэніроўцы супрацоўнікі разумеюць, што неабходна рабіць. Тут можна ўзнавіць няспраўнасць любога абсталявання і датчыка, — растлумачыў Міхаіл Банькоўскі.
Намеснік галоўнага інжынера па рабоце з персаналам філіяла «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Андрэй МАЦКЕВІЧ растлумачыў журналістам, як спецыялісты выяўляюць пашкоджанні цепласетак і не толькі:
— На балансе нашага філіяла знаходзіцца каля 2700 кіламетраў цеплавых сетак. Прыкладна 40 % з іх выканана з папярэдне ізаляваных труб. Яны маюць цеплаізаляцыю, што паскарае мантаж, павышае якасць работ і павялічвае тэрмін службы.
Можна сказаць, што гэтыя разумныя камунікацыі сябруюць з фізікай. Унутры папярэдне ізаляванай трубы знаходзяцца спецыяльныя медныя праваднікі. Калі пашкоджваецца ізаляцыя або сама труба, змяняецца супраціўленне праваднікоў. Пры гэтым сістэма звязана з раёнамі цеплавых сетак і спецыяльнай дыягнастычнай службай. Калі парушэнне фіксуецца, на дыспетчарскі пункт перадаецца сігнал. Пасля гэтага спецыялісты выязджаюць на месца і вызначаюць характар пашкоджання.

— Дзякуючы такой сістэме мы можам не працаваць усляпую, а загадзя бачыць адхіленні. Пры неабходнасці ўчастак можна вывесці ў рамонт без адключэння спажыўцоў альбо загадзя запланаваць працы з улікам сур’ёзнасці пашкоджання, — адзначыў намеснік галоўнага інжынера.
Паводле яго слоў, перакладанне «разумных» труб уплывае на працягласць адключэння вады ў кватэрах падчас рамонтных работ:
— На сетках таксама пачынаюць ужываць гнуткія папярэдне ізаляваныя трубы. Яны цалкам выкананы з палімерных матэрыялаў, не схільныяда карозіі і разлічаны прыкладна на 50 гадоў эксплуатацыі. Гэта павышае надзейнасць цеплазабеспячэння і ў перспектыве памяншае аб’ём рамонтных работ.
З паветра і пад зямлёй
Андрэй Мацкевіч таксама расказаў аб падрыхтоўцы цеплавых сетак да ацяпляльнага перыяду. Складаюцца планы і графікі работ, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па папярэджанні аварыйных сітуацый. Падчасвыпрабаванняў цеплавыя магістралі правяраюць павышаным ціскам, што дазваляе выявіць пашкоджанні і дэфекты. Акрамя таго, падчас эксплуатацыі цеплавых сетак персанал робіць дыягностыку як з паветра, так і пад зямлёй.

— Вясной для абследавання трубаправодаў выкарыстоўваюць верталёт: спецыяльная арганізацыя выконвае здымку і складае карту цеплавых анамалій — гэта першы этап абследавання.
Затым спецыялісты працуюць на зямлі: з дапамогай піраметрычных і акустычных прыбораў яны з дакладнасцю да метра вызначаюць месца магчымага пашкоджання, — падзяліўся дэталямі намеснік галоўнага інжынера. — Дзякуючы такой дыягностыцы за апошнія пяць гадоў колькасць пашкоджанняў зменшылася амаль удвая.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ