Top.Mail.Ru

Як Мінская вобласць змагаецца з наступствамі цыклону

Пасяджэнне штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі на Міншчыне правёў старшыня аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА. Сітуацыя, запэўніў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна, знаходзіцца на пастаянным кантролі. Камунальныя і дарожныя службы знаходзяцца ў рэжыме павышанай гатоўнасці і працуюць кругласутачна.

«Па ўсіх фактах ідзе неадкладнае рэагаванне, — дадаў губернатар. — На сёння (09.01. — „Зв.“ покрыва снегу ў рэгіёнах вобласці складае ад 11 да 41 сантыметра, самы рэкордны ўзровень — у Салігорскім раёне».

У сувязі з ускладненымі ўмовамі надвор’я ў 88 населеных пунктах Мінскай вобласці электразабеспячэнне было парушана. Аднак на раніцу 9 студзеня праблемы былі ліквідаваныя. Асобныя адключэнні дамоў мелі месца быць, але пытанні вырашаліся аператыўна.

Для ліквідацыі наступстваў разгулу стыхіі на Міншчыне задзейнічана больш за 1800 адзінак тэхнікі. Для аператыўнага вырашэння пытанняў працуе «гарачая» тэлефонная лінія ў Мінаблвыканкаме і гаррайвыканкамах. Звярнуўшыся да іх, кожны гарантавана можа атрымаць неабходную дапамогу. Аднак, са слоў Аляксея Кушнарэнкі, людзі рэдка звяртаюцца на 115. «Калі ж чалавек не задаволены якасцю расчысткі снегу — ён хутчэй здыме відэаролік і выкладзе ў сацсетку. На такія звароты таксама трэба аператыўна рэагаваць», — заклікаў губернатар. 

Таксама падчас пасяджэння звярнулі ўвагу, што многія населеныя пункты, асабліва аддаленыя, могуць быць на нейкі час адрэзаныя ад жыцця. Але гэта не значыць, што калі вёску занесла снегам — усе проста чакаюць, пакуль ён растане. 

«Чалавек павінен бачыць і разумець: так, праблема ёсць, але службы аператыўна працуюць, спецтэхніка задзейнічана і робіць усё магчымае, каб забяспечыць рух той жа аўтакрамы, хуткай дапамогі. Тады чалавек будзе адчуваць сябе спакайней», — падзяліўся меркаваннем старшыня Мінаблвыканкама.

Як паведаміў гендырэктар ЖКГ Мінскай вобласці Юрый КУКАШУК, на расчыстцы тэрыторый ад снегу і апрацоўцы іх процігалалёднымі сродкамі па вобласці задзейнічана 443 адзінкі спецтэхнікі ЖКГ. З улікам таго, што ў цэнтральным рэгіёне пераважае вулічна-дарожная сетка ў сельскіх населеных пунктах, прыцягваецца тэхніка іншых арганізацый. Ужо задзейнічана больш за 690 адзінак. У рэгіёнах Міншчыны працуе каля 1650 чалавек. Дадаткова расчышчана 4462 км дарог і 599 км тратуараў. Таксама створана каля 130 пунктаў выдачы спецінвентара для расчысткі снегу, у наяўнасці 3500 адзінак дадзенага інвентара. На працягу сутак, запэўніў ён, будуць дадаткова набытыя яшчэ 1500 адзінак. Усю інфармацыю пра тое, як далучыцца да работ па прыборцы снегу, можна знайсці на сайтах гар-, райвыканкамаў, а таксама сайтах ЖКГ.

Дарэчы, праз тэлеграм-каналы, інтэрнэт-сайты, раённыя газеты і сайт Мінаблвыканкама да ўсіх жыхароў рэгіёна была даведзена інфармацыя аб штармавым папярэджанні, запэўніў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей ЛАПАНОВІЧ. «Жыхарам рэкамендуюць абмежаваць або ўстрымацца ад далёкіх паездак, у тым ліку з выкарыстаннем асабістага транспарту. Сіламі ДАІ, УУС Мінаблвыканкама задзейнічана 83 экіпажы, 174 супрацоўнікі, аб’яўлены план «Надвор’е», — дадаў ён.

Са стыхіяй змагаюцца і розныя іншыя арганізацыі, ведамствы. Напрыклад, ад Міністэрства абароны задзейнічаныя 5 адзінак тэхнікі, 126 чалавек працуюць у Валожынскім, Дзяржынскім, Лагойскім, Любанскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Старадарожскім раёнах. Таксама прыведзена ў гатоўнасць больш за 600 адзінак тэхнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, якія ўдзельнічаюць у ліквідацыі наступстваў.

З улікам сітуацыі, якая склалася, расказаў начальнік УУС Мінскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Андрэй ЛЮБІМАЎ, Міністэрства ўнутраных спраў перайшло на ўзмоцнены варыянт нясення службы: «Арганізаваны пазменны рэжым работы, дадаткова выведзена буйнагабарытная і спецыяльная тэхніка органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў для вырашэння складаных сітуацый. У кожным аўтамабілі дарожна-патрульнай службы ДАІ прадугледжаны гарачы чай, цёплыя пледы, для таго каб максімальна на першапачатковым этапе арганізаваць дапамогу нашым грамадзянам». 

Сілы ўзмоцнены і ў сталіцы

У Мінску больш за 180 адзінак тэхнікі і каля 2 тысяч чалавек на 9 студзеня далучыліся да ліквідацыі наступстваў снегападу. Супрацоўнікі Мінскага ЖКГ кругласутачна вядуць работы, уключаючы механізаваную і ручную прыборку дваровых тэрыторый. Галоўным прыярытэтам застаецца бяспека. Для гэтага ў дварах у пятніцу былі задзейнічаны 188 адзінак тэхнікі, 50 сродкаў малой механізацыі, 1506 рабочых па комплекснай прыборцы і ўтрыманні домаўладанняў, а таксама 775 інжынерна-тэхнічных работнікаў. Да прыборкі снегу таксама далучыліся больш за 1100 сталічных арганізацый.

Што датычыцца спецмашын, больш за 1,2 тысячы адзінак прыбіралі 9 студзеня снег на вуліцах. У ноч на 9 студзеня на расчыстцы магістраляў, вуліц і тратуараў Мінска было задзейнічана 223 работнікі і 597 адзінак спецыялізаванай тэхнікі.

Старшыня Мінгарсавета Арцём ЦУРАН заклікаў усіх гараджан выйсці на прыборку снегу. «Выхадныя — час удзяліць увагу гораду, — заявіў ён. — Уявіце, калі хаця б кожны мужчына выйдзе на 15 хвілін у свой двор, каб пачысціць у першую чаргу пад’язныя шляхі, пляцоўкі каля кантэйнераў для смецця. Гэта трэба рабіць для чаго? Каб забяспечыць нармальнае функцыянаванне тых службаў, якія дапамагаюць нам у жыцці. Гэтыя 15 хвілін вам дададуць здароўя і не прынясуць нічога дрэннага».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю