Top.Mail.Ru

Як можна творча запрасіць у падарожжа?

Убачыць і палюбіць сваю Беларусь.


З 15 мая да 30 верасня Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры праводзяць V Рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «#ПазнайБеларусь». Але падаць заяўку на ўдзел у ім трэба не пазней за 10 верасня.

А значыць цяпер у кожнага жыхара нашай краіны ёсць магчымасць зрабіць унёсак ва ўнутраны турызм, паказаць іншым, якія ўнікальныя куточкі ёсць у краіне, і што Беларусь — гэта не толькі «бульба», але і месца, дзе гарманічна злучаюцца прыгожая прырода, багатая гісторыя і неверагодная культура. І зрабіць гэта арганізатары конкурсу прапануюць менавіта праз сацыяльную рэкламу, каб натхніць людзей на вандроўкі па роднай зямлі, адкрыць для сябе нязведаныя маршруты і ўбачыць знаёмыя мясціны з нязвыклых ракурсаў.

З кожным годам цікавасць да конкурсу ўзрастае: калі ў 2021-м было пададзена 605 заявак, то ў 2024-м — ужо 1315. Цікава, што летась арганізатары адзначалі: нацыянальны каларыт аўтары ў сваіх работах імкнуліся перадаць з дапамогай штучнага інтэлекту. А найбольш распаўсюджаныя асацыяцыі беларускі турызм мае з прамысловасцю, прыродай, культурай і традыцыямі, славутасцямі. Чым здзівяць беларусы на пятым конкурсе, даведаемся восенню.

Сёлета конкурс праводзіцца па трох намінацыях: «Слоган» (дзе трэба прыдумаць кароткі запамінальны дэвіз, які зможа стаць сімвалам беларускага турызму), «Плакат» (ён будзе трансліраваць яркі, прывабны візуальны вобраз на білбордах па ўсёй краіне) і «Відэаролік» (у ім можна расказаць пра вандроўкі па Беларусі альбо пра турыстычныя магчымасці на яе прасторах). Апошняя, дарэчы, мае паднамінацыі — «Відэаролік вандроўніка», «Відэаролік арганізацыі».

Калі ўсё вышэй акрэсленае ўжо абудзіла ў вас жаданне падзяліцца сваімі думкамі з гэтай нагоды, уражаннямі ад нядаўніх вандровак ці планамі пра новыя адкрыцці турыстычных маршрутаў, то скарыстайцеся шанцам заявіць пра сябе. Расказваць можна пра самыя розныя кірункі турызму. Выбірайце, што вам па душы. Пасля запоўніце форму на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, пазначыўшы ўсе патрэбныя даныя і дадаўшы сваю работу, ды чакайце вынікаў. Дарэчы, у адной заяўцы можа быць не больш за адну конкурсную работу, але пры гэтым у колькасці заявак вас ніхто не абмяжоўвае. Таму лавіце свой шанц падзяліцца атмасферай любові і захаплення ад вандровак па Беларусі.

Алена ДРАПКО.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю