«Я ў сваім жыцці нічога б не памяняла»
Ірына Сяргеева працуе ў сістэме адукацыі больш за 30 гадоў. Але ажыятаж вакол яе асобы здарыўся зусім нядаўна — калі адна з мам яе выхаванцаў выклала ролік у TіkTok, і пра музычнага кіраўніка даведалася ўся краіна. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з Ірынай Анатольеўнай і высветліла, як чалавек з дырыжорскай адукацыяй і крымскімі каранямі знайшоў свой дом у мінскай Лошыцы і чаму праца з дзецьмі да гэтай пары — яе любімы занятак.
«Мама марыла, каб я вярнулася на яе радзіму»
Гісторыя Ірыны Сяргеевай пачынаецца не ў Беларусі, а ў Крыме. Яна скончыла музычную школу ў Феадосіі. А яе маці — беларуска, яшчэ пры Савецкім Саюзе спадзявалася, што хоць адна з дзвюх дачок вернецца на яе радзіму.
— Так я і зрабіла, — усміхаецца Ірына Анатольеўна. — Паступіла ў Наваполацкае музычнае вучылішча, скончыла харавое аддзяленне — народныя спевы. Я — дырыжор народнага калектыву па прафесіі. Усё жыццё спявала, з дзяцінства.
Пасля вучылішча быў універсітэт культуры, ізноў — па народных спевах. Працавала ў калектывах, выйшла замуж, нарадзіла сына. А потым павяла яго ў дзіцячы садок.
— Вось з гэтага ўсё і пачалося.
Чаму менавіта Наваполацк? Таму што бабуля гераіні жыла ва Ушацкім раёне, вёска Ліпавец, а Наваполацк — побач. Так 15-гадовую дзяўчынку мама адвезла за тысячы кіламетраў.
— І вы зачапіліся тут?
— Зачапілася ўсімі каранямі. І да гэтага часу падтрымліваю сувязь з Крымам — там мама.
Амаль чвэрць стагоддзя — у адным садку
Пасля пераезду ў Мінск атрымалі кватэру ў Лошыцы, Ірына Анатольеўна пайшла дамаўляцца ў мясцовы дзіцячы садок. Ёй прапанавалі працу.
— Сёлета наш 182-і садок святкуе юбілей — 25 гадоў. Я таксама ў ім працую амаль чвэрць стагоддзя.
Але самае цікавае — яна не адразу знайшла агульную мову з маленькімі выхаванцамі.
— Мяне выпускалі з вучылішча як кіраўніка дарослых калектываў. Я ўмела працаваць з імі, а калі прыйшла першы раз у садок... Шчыра скажу, баялася дзяцей. Не ведала, з якога боку да іх падысці.
І ўсё ж вопыт прыйшоў з часам.
— Калі ты не будзеш «заводзіць» дзіця сваім настроем, яно зам-кнецца. Я ператвараюся ў такое ж дзіця, спускаюся па эмоцыях да іх. Мы не настаўнікі — мы тыя ж дзеці, толькі ў іншым абліччы.
Чаму яе палюбілі ў TіkTok?
На пытанне, чым яна зачапіла гледачоў, Ірына Анатольеўна шчыра здзіўляецца:
— Я ўражана такой папулярнасцю, бо кожны другі музычны кіраўнік, напэўна, таксама выкладваецца. Інакш нельга. Дзеці будуць закамплексаваныя, маларухомыя. Я высокая, не худая, а перада мной — «маліпусечка». Калі не завесці яго, ён не адкажа на эмоцыі, — дзеліцца педагог.
Яе сакрэт — у шчырасці. Музычны кіраўнік не баіцца быць смешнай, гучнай, пераўвасабляцца.
Але за ўсім гэтым стаіць велізарная праца
— Падрыхтоўка да заняткаў займае вельмі шмат часу, у тым ліку індывідуальная работа з адоранымі дзецьмі, з тымі, хто хварэе, каго трэба падцягнуць. Танцы да ранішніка, сцэнарыі, касцюмы, дэкарацыі — усё гэта на нас. Усё, што ў музычнай зале, — гэта мы, музыканты.
І муж нашай гераіні Валерый вельмі дапамагае. Ён звычайны электрык, але робіць усе патрэбныя для работы Ірыны атрыбуты: жалезныя трубачкі для стварэння гукаў, папяровыя сонейкі, усё, што трэба.
— Валерый часам пытае: «Ты што-небудзь яшчэ прыдумала? Скажы загадзя, трэба абдумаць», — смяецца зорка TіkTok.
Cакрэт смелай жанчыны
Самае нечаканае ў гэтай гісторыі — Ірына Анатольеўна панічна баіцца сцэны.
— Да гэтага часу перад кожным ранішнікам у мяне падымаецца ціск — вельмі хвалююся, пакуль не сяду за інструмент і не павярнуся спінай да бацькоў. Мне здаецца, што я калі-небудзь на гэтай сцэне і памру, — дзеліцца педагог.
Яна прызнаецца, што крытычная да сябе: калі ў зале сярод бацькоў — музыканты-прафесіяналы, гэта яшчэ больш хвалююча для майстра.
Але гэта не перашкаджае ёй кожны дзень выходзіць да дзяцей.
— Калі я на вуліцы, і дзеці бачаць мяне — яны ляцяць з распасцёртымі абдымкамі, крычаць «Ірына Анатольеўна!» Вось гэта — сапраўднае задавальненне, — прызнаецца жанчына.
«Я нічога б не памяняла»
Сын Ірыны Анатольеўны, Данііл, — майстар спорту па рускім жыме. Маці жартуе, што яны нават сварацца на адну тэму:
— Ён заўсёды казаў: «Цябе чакае вялікая сцэна, чаму ты не вярнулася?» Спачатку тлумачыла: сям’я была найважнейшая, ты быў патрэбны. А цяпер яму амаль 30, і кажу: я ў сваім жыцці нічога б не памяняла. Усё роўна працавала б у дзіцячым садку (смяецца).
А нядаўна адбылося яшчэ адно прызнанне. Пасля таго як відэа разышлося ў TіkTok, сын патэлефанаваў з Екацярынбурга, у якім жыве, і сказаў: «Мама, мне сябры з Мінска пераслалі відэа. Яны памятаюць, як ты працавала, якія распевачкі з намі спявала». Вось тады я зразумела: аказваецца, нездарма, — разважае педагог.
Ірына Анатольеўна не збіраецца спыняцца. У яе — падрыхтоўка да 9 Мая, потым — выпускны, потым — слёзы развітання. І яшчэ трэнажорная зала, куды ходзіць кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі.
— Мяне сын правакаваў: «Мама, пайдзі ў залу, будзе лягчэй». І вось з кастрычніка я кожны дзень. Перасталі балець косці, настрой — зусім іншы, — усміхаецца заўзятарка.
— І вы не шкадуеце, што не сталі вялікай артысткай?
— Не шкадую. Дзіцячы садок — гэта такая аддушына. Дзеці — гэта скарб. Я яшчэ раз прайшла б свой шлях! (Усміхаецца.)
Надзея ЗУЕВА
Фота з асабістага архіва гераіні