Падчас наведвання яблыневых садоў фермерскай гаспадаркі «Спартан-Агра» Маладзечанскага раёна Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што хопіць ужо кланяцца імпартнаму яблыку. Сапраўды, дзякуючы селекцыі і сучасным тэхналогіям вырошчвання можна закладаць у краіне сады, якія забяспечаць унутраныя патрэбы ў вітаміннай прадукцыі на працягу ўсяго года. Пераканацца ў гэтым можна ў Інстытуце пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук. Вучоныя вядуць селекцыю па 42 культурах, агульная колькасць сартоў ягадных і пладовых культур беларускай селекцыі на сёння складае больш як 430.
Садовая калекцыя інстытута займае звыш 20 гектараў. Яна з’яўляецца адной з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе і мае статус Нацыянальнага здабытку Беларусі. Толькі яблынь тут высаджана 1,5 тысячы ўзораў, груш — каля 700.
Загадчык аддзела селекцыі пладовых культур Сяргей ЯРМОЛІЧ расказаў, што ў прамысловых садах сёння 77 % займаюць семечкавыя культуры, хоць вучоныя ўпэўнены, што і костачкавыя ( тыя ж слівы, вішні, чарэшні і нават абрыкосы), і ягадныя можна было б выдатна вырошчваць у большых маштабах, каб забяспечыць насельніцтва ўласнай садавіной. Тымі ж яблыкамі можна было б цалкам закрываць патрэбы ўнутранага рынку. Ён прывёў для прыкладу, што ў 2024 годзе валавы збор яблыкаў (з улікам фермерскіх гаспадарак і вытворчых кааператываў) па краіне склаў 205 тысяч тон. Для ўнутранага спажывання хапіла б і паловы ад такога ўраджаю. Прычына ж дэфіцыту яблыкаў у асобныя сезоны звязаная з эканомікай — тым жа фермерам выгадней сваю прадукцыю хутчэй прадаць, чым захоўваць да вясны.
Дзякуючы селекцыі сёння мы маем сарты яблынь, плады якіх могуць захоўвацца да наступнага ўраджаю. Першыя ж беларускія яблычкі (напрыклад, такі сорт, як «Ранак») саспяваюць ужо ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня.
Паскораны ўраджай
Сучасныя сады адрознівае не толькі пераход на сарты больш позніх тэрмінаў выспявання, прызначаныя для працяглага захоўвання. Сяргей Ярмоліч заўважыў, што сёння трэба ўлічваць і густы спажыўца. Калі традыцыйна ў Беларусі раслі кісла-салодкія яблыкі, то сёння вырасла пакаленне, якое аддае перавагу салодкім пладам, адпаведна, гэта задае новы кірунак селекцыі. Таму сёння ў садах растуць не толькі сарты «Каваленкаўскае» і «Беларускае салодкае», але і «Паланэз», «Аксаміт», «Белана».
На змену высокім дрэвам, як у бабуліных садах, якія вясеннім цвіценнем радавалі не адно пакаленне, прыйшлі саджанцы на клонавых падвоях. Пад інтэнсіўныя сады выкарыстоўваюцца і новыя тэхналогіі (тыя ж шпалеры, аўтаматычны паліў). Сучасныя дрэвы не будуць расці па паўстагоддзя, затое яны дазваляюць хутчэй атрымаць ураджай. Калі раней на гектар садзілася каля 700 дрэў, цяпер 2,5–3 тысячы. І хоць з невысокага дрэва яблык збіраецца меншы, дзякуючы больш шчыльнай пасадцы ў інтэнсіўных садах сёння з гектара можна ўраджаі атрымаць у разы вышэйшыя. Да таго ж сучасныя сады радуюць пладамі ўжо ў першыя гады пасля высадкі.
Дарэчы, на сёння ў прамысловых садах каля 60 % насаджэнняў — сарты беларускай селекцыі.
За апошнія пяць гадоў у дзяржрэестр уключана 6 сартоў яблыні розных тэрмінаў выспявання, тры сарты грушы, а таксама па адным сорце алычы, слівы, персіка і вінаграда, 3 сарты фундука, 6 — чарэшні, 2 — вішні.

Праверка на трываласць
«Атрымаць сорт — у многім гэта латарэя. Раней даводзілася і 30–50 тысяч сеянцаў вырасціць, аднак не факт, што нават з такой колькасці атрымаецца жаданы вынік», — расказвае Сяргей Ярмоліч пра цяжкую працу папярэднікаў. Наогул на вывядзенне сорту магло прайсці і паўстагоддзя. Трэба было дачакацца, пакуль дрэва вырасце на ўласным карэнні, дасць першы ўраджай, сачыць, як яно будзе паводзіць сябе ў розныя гады.
Але ж селекцыя не стаіць на месцы. Тое ж выпрабаванне на трываласць сёння вядзецца яшчэ на сеянцах — у закрытым грунце штучна ствараецца інфекцыйны фон. Выбіраюцца самыя ўстойлівыя расліны, якія пасля трапляюць у селекцыйны сад. Чаранкі з іх у лабараторных умовах правяраюцца на марозатрываласць. Дарэчы, сама прырода падкідвае селекцыянерам новыя задачкі. Трэба ствараць сарты, якія могуць падстройвацца пад змены клімату. У той жа камеры для прамарожвання мадэлююцца ўмовы экстрэмальнага надвор’я з чаргаваннем цяпла і холаду. Трэба ўлічваць, і як мяняецца вясна (цяпер і ў сакавіку могуць быць маразы да 25 градусаў), думаць, што рабіць з восеньскімі праблемамі, бо цёплы верасень, асабліва калі ён праходзіць з недахопам ападкаў, вядзе да таго, што плады горш афарбоўваюцца, ды і само дрэўца не паспявае падрыхтавацца да зімы і можа пашкоджвацца, калі рэзка ўдараць маразы. Акрамя таго, яблыкі правяраюцца па біяхімічным складзе і па тым, як яны могуць захоўвацца.
У тым і перавага сартоў айчыннай селекцыі, што яны ствараюцца пад уласныя ўмовы, хоць, як аказалася, цудоўна растуць і далёка за межамі краіны. Так, у Расіі ўключаны ў рэестр каля 20 беларускіх сартоў. Яны «дабраліся» да Урала, ёсць нават вопыт іх пасадкі на Сахаліне. За апошнія 20 гадоў беларускія сарты новай генерацыі распаўсюджваюцца па ўсіх краінах СНД. У Еўропе ў 2023 годзе раяніраваны наш сорт «Дыямент», там ён праходзіць пад назвай «Зоя» (у памяць пра селекцыянера Зою Казлоўскую, якая яго вывела).
Тыя ж праверкі саджанцаў на ўстойлівасць да хвароб — якраз умовы для атрымання больш «чыстага» яблыка, беларускія сарты не патрабуюць такой вялікай колькасці апрацовак, як «заморскія».
Селекцыя можа весціся і пад пэўныя патрэбы, напрыклад, радаваць пладамі, з якіх вялікі выхад соку, і што падыходзяць для вытворчасці пекціну, для вырабу зефіру і пасцілы. Тут можна ўзгадаць пра сарты «Сакавіта», «Нававіта», «Красавіта».
Дзеткі і кветкі
Пададзеная Прэзідэнтам ідэя аб прысядзібных участках пры кожнай школе набыла працяг. Квітнеючыя сады і яблыневыя алеі закладаюцца ў розных кутках Беларусі. Цудоўна, калі пры гэтым побач з дрэвамі будуць ставіцца шыльды з назвамі сартоў: не проста, каб аддзячыць селекцыянерам за іх карпатлівую працу, а каб паказаць, што гэта «сваё, беларускае».
Сяргей Ярмоліч падказвае, што ў тых жа школьных садах могуць расці не толькі яблыні і грушы, трэба пашыраць спектр культур, дадаваць костачкавыя і ягадныя, якія дзеці будуць даглядаць падчас школьнай практыкі, збіраць плады. Таксама варта звярнуць увагу і на дэкаратыўныя сарты яблынь — у Інстытуце пладаводства выведзены сарты «Карунак» і «Верас».
З малых гадоў дзеці змогуць бачыць, якую прыгажосць яны здольны стварыць уласнымі рукамі.
Сучасныя сады могуць радаваць не толькі вясеннім цвіценнем (прычым ёсць сарты з ружовымі і чырвонымі кветкамі), але і формай кроны, разной лістотай, якая ўвосень набывае яскравую афарбоўку.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ