Больш за 50 беларускіх кампаній прымаюць удзел у традыцыйным конкурсе —дэгустацыі «Чэмпіён смаку». Для вытворцаў — гэта шыкоўная магчымасць пачуць той самы народны водгук пра сваю прадукцыю. Дарэчы, сёлета на конкурс пададзена каля 100 найменняў розных прадуктаў, сярод якіх мясныя, малочныя, кандытарскія вырабы, напоі.
Ужо прайшлі «сляпыя» дэгустацыі. Тэхнолагі, прадстаўнікі гандлёвых сетак, шэф-кухары, дыетолагі, галіновыя эксперты і звычайныя спажыўцы каштуюць прадукцыю — без усялякіх падказак, хто з’яўляецца яе вытворцам. Эксперты ацэньваюць не толькі якасць, але і знешні выгляд прадукцыі, тэкстуру, кансістэнцыю. Народныя дэгустатары могуць падзякаваць вытворцам як сваімі галасамі, якія пакідаюць у мабільным дадатку, так і падказкамі — што спадабалася ці наадварот засмуціла ў прадукцыі, прапановамі, як яе палепшыць, нават ідэямі аб тым, якія б новыя прадукты маглі б стаць запатрабаванымі.
Шпінатны хлеб і каўбаса з водарам клубніц
Народныя дэгустацыі праводзяцца таксама і падчас міжнароднай выстаўкі «Белагра». Тут вытворцы выстаўляюць і тыя тавары, якія ўжо знайшлі сваіх прыхільнікаў, і навінкі, якіх пакуль яшчэ няма ў продажы. Як, напрыклад, новы від згушчонкі са смакам апельсіна ў шакаладзе. Вытворцы гуляюць са смакамі — падаюць ласунак з водарам ляснога арэха, кавы, какавы, ванілі, ірландскага крэму. Мяняецца і ўпакоўка, да знаёмай бляшанкі дадаецца мяккая ўпакоўка. Прадстаўлены і новыя прадукты — пратэінавыя кактэйлі (сярод навінак, прадстаўленых на «Белагра», — бананавы і з фісташкамі), напоі на аснове малочнай сыроваткі, сухія сумесі для прыгатавання мяккага марожанага.
На «Белагра» можна пакаштаваць і шпінатны хлеб. Народныя дэгустацыі ўжо падказваюць, што попыт на такую прадукцыю будзе — значыць можна запускаць яе ў вытворчасць. Як падзяліліся назіраннямі прадстаўнікі прадпрыемства, сёння звычайны хлеб многіх сучасных пакупнікоў ужо не цікавіць, людзі чакаюць навінак, ці падбіраюць прадукты, звязаныя са здаровым ладам жыцця, таму і даводзіцца шукаць ідэі і спалучэнні смакаў.
У асартыменце ўжо ёсць хлеб з ільняным семем, морквай, марской капустай, часнаком, выраблены з фіялетавай пшаніцы.
На «Белагра» прэзентавалі нямала мясных вырабаў: ад далікатэсаў, зробленых па італьянскіх рэцэптах, да традыцыйных «бабуліных» каўбас. Адзін з мясакамбінатаў зрабіў стаўку на моду на прадукты «а-ля СССР» — на конкурс «Чэмпіён смаку» прапанаваў каўбасу «Савецкую». Яна падаецца ў рэтрацэлафане, такім, што быў на мясных прадуктах у часы Саюза. . На «Белагра» прадпрыемства прывезла і класічны сальцісон і тушонку па ДАСЦЕ. Тут не толькі адраджаюць прадукты з «мінулага» , але і эксперыментуюць. На выстаўцы былі прадстаўлены каўбасы з курагой і смакам клубніц.
Смак дзяцінства
Якая ж дэгустацыя без прысмакаў. У дадатак да традыцыйных ласункаў , знаёмых не аднаму пакаленню, вытворцы імкнуцца дагадзіць сучаснаму спакушанаму пакупніку, якога трэба пастаянна здзіўляць, лавіць на сучасныя трэнды, звязаныя са здаровым ладам жыцця. Таму на выстаўку
вытворцы прывезлі мармелад з насеннем чыа і экзатычнымі летнімі смакамі (маракуі, петахаі). А яшчэ — зефіры піраговыя — са смакам яблычнага штрудзеля, чарнічнага і лімоннага пірагоў.
З адсылкай да бабуліных рэцэптаў — сокі і варэнне. Прадукцыя робіцца з традыцыйнай сыравіны — лінейка варэння з дзікаросаў (маліны, чарніцы, журавіны, брусніцы) і вітамінаў з саду-агарода (яблыкі, гарбузы, морква, вішні). Беларускія вытворцы ўжо навучыліся рабіць навамодныя смузі, сокі (той жа бярозавік) без цукру, але і беларускія рэцэпты з вёсак сёння запатрабаваныя — так з’явіўся новы таматны сок з семкамі і тушаныя па-хатняму буякі. Класічныя сокі з морквы сёння дапаўняюцца новымі спалучэннямі — з малінамі, чарніцамі. Пра тое, што на напоі з традыцыйнай сыравіны ёсць асаблівы запыт, сведчаць шматлікія дыпломы вытворцаў, звязаныя з папярэднімі народнымі дэгустацыямі. Дзякуючы прапановам спажыўцоў з’яўляюцца новыя прадукты: сярод такіх — таматны сок «пікантны», дзе дадаецца перчык.
Камлімент жанчыне
На «Белагра» можна ўбачыць і прадукцыю, зробленую да Года жанчыны. Напрыклад, наборы печыва «Самыя лепшыя» — склад іх выбіраў жаночы калектыў прадпрыемства.
У якасці падарунка турысты часта выбіраюць шакалад, на ўпакоўцы якога — беларускія краявіды. На «Белагра» побач з такімі сувенірнымі прысмакамі — і набор міні-шакладак — «Шакаладны камплімент», звязаны з Годам жанчыны. Сваю знакамітую серыю, прысвечаную Палессю, вытворцы вырашылі падаць у незвычайнай упакоўцы — керамічнай бочачцы. Уласна і самі цукеркі адметнай формы, а для начыння бяруцца беларускія ягады, у тым ліку рабіна і журавіны.
Турысты вязуць з Беларусі і сыры. Ёсць што везці — беларускія вытворцы стварылі вельмі шырокую лінейку цвёрдых сыроў, эксперыментуюць з дабаўкамі — з ільняным семем, кменам, грэцкім арэхам.
Алена Дзядзюля
Фота БелТА