Top.Mail.Ru

Як мясцовыя ўлады дапамагаюць ва ўборцы ўраджаю на прыватных участках

Зярнятка да зярнятка


Трэба кожнаму адпрацаваць на сваім месцы годна і без усякіх збояў. Гэты тэзіс Прэзідэнта, які кіраўнік дзяржавы агучыў падчас селектарнай нарады, прысвечанай ходу ўборачнай кампаніі, стаў свайго роду дэвізам сёлетняга багатага на ўраджай, але такога няпростага з-за надвор’я жніва. Прадстаўнікі ўлады любога ўзроўню не павінны быць проста назіральнікамі ў гэтай важнай для краіны справе — яшчэ адзін пасыл Прэзідэнта. Адносна дэпутатаў мясцовага ўзроўню гэта асабліва актуальна, бо хто, як не яны, ведаюць, дзе неабходная дапамога, дзе трэба падставіць плячо не толькі сельгаспрадпрыемству, але і тым, у каго на прыватных участках каласіцца ўраджай, — не пакінуць іх без увагі — яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта.


Час знойдзецца для кожнага падворка

Уборка збожжавых культур на прысядзібных участках жыхароў у Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці — сістэма адладжаная, звяртае ўвагу старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пастухова.

Звычайна людзі засяваюць каля 20-30 сотак. У сельскіх Саветах раёна добра ведаюць, хто з гаспадароў з году ў год вырошчвае збажыну.

Пасля таго як сельскагаспадарчыя прадпрыемствы завершаць уборку на сваіх палях, людзі ўжо змогуць звярнуцца ў гаспадаркі па такую паслугу.

— Гаспадары самі непасрэдна заключаюць дагавор з сельгаспрадпрыемствам на ўборку збожжавых. Усё афармляецца праз эканамічную службу гаспадаркі. Ёсць калькуляцыя, расцэнкі адпаведныя. Старшыні сельскіх Саветаў, памочнікі старшынь сельсаветаў па населеных пунктах бяруць на сябе арганізацыйную, інфармацыйную работу, паведамляюць загадзя, калі ў якім населеным пункце будзе ўборка ўраджаю. Звычайна ўсё арганізоўваецца такім чынам, каб за дзень адпрацаваць па такіх заяўках адзін сельсавет. Каб закрыць усе заяўкі на ўборку збожжавых па ўсіх сельсаветах звычайна неабходна не больш за некалькі дзён. У гаспадарках гэта работа ўжо даўно наладжана, — адзначае Ірына Мікалаеўна.

У Лоеўскім раёне сем сельскіх Саветаў, адпаведна столькі ж кіраўнікоў сельвыканкамаў і 49 памочнікаў старшынь сельсаветаў па населеных пунктах. Яны пастаянна падтрымліваюць сувязь з жыхарамі.

Найбольш прысядзібных участкаў, дзе вырошчваюць збожжавыя культуры, — у Малінаўскім сельсавеце. Але і ў астатніх таксама ёсць гаспадары, якія вырошчваюць збожжавыя на прысядзібных участках, і ім неабходна дапамога тэхнікай.

— Усе падобныя пытанні абмяркоўваюцца загадзя ў тым ліку на сельскіх сходах, якія праводзяцца кожны квартал, — дадае дэпутат. — Акрамя таго, актыўна выкарыстоўваем агульныя чаты ў сацыяльных сетках, каб можна было напісаць паведамленне аб тым, што на наступны дзень у пэўны населены пункт выйдзе тэхніка на ўборку на прысядзібных участках, і жыхары ўжо ведаюць, як найлепш убраць вырашчаны ўраджай. Людзі ўдзячныя за дапамогу, — рэзюмуе Ірына Пастухова.

Падключаюцца і прыватнікі

У Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці адразу ж пасля селектара яшчэ раз актуалізавалі інфармацыю па жадаючых заказаць камбайн для свайго прысядзібнага ўчастка.

— Збіраем інфармацыю праз старастаў, дзе каму трэба дапамагчы ва ўборцы. Дамовіліся з прыватнымі арганізацыямі, яны таксама будуць дапамагаць насельніцтву ўбіраць ураджай, — кажа старшыня Чэрыкаўскага райсавета Сяргей Нямкевіч. — Сельгасарганізацыі жнуць зараз ураджай на сваіх палях, але насельніцтва не застанецца пакінутым. Праведзена работа, прайшлі сходы ў вёсках. Асабіста праехаўся па сельсаветах, пагутарыў са старастамі. Дапамога будзе аказаная кожнаму, хто мае ў ёй патрэбу.

Суразмоўнік паведаміў, што старшыні сельскіх саветаў будуць з дапамогай сваіх калег, а таксама мясцовых актывістаў збіраць інфармацыю, колькі канкрэтна прыватных участкаў ёсць у кожным населеным пункце, якія плошчы, калі людзі хацелі б атрымаць дапамогу. Дэпутаты будуць кантраляваць, куды і ў які дзень накіроўваць тэхніку.


Тых, каму патрэбна такая дапамога, даволі шмат.

— Сёння хапае людзей, якія вырошчваюць збожжа для сваіх асабістых гаспадарак. І гэта не фермеры, а простыя грамадзяне, якія трымаюць жывёлу, — расказвае Сяргей Нямкевіч. — Самыя вялікія ўчасткі ў жыхароў Язёрскага і Верамееўскага сельсаветаў. Там жыве большасць людзей, у якіх ёсць жывёла і ўчасткі, дзе яны вырошчваюць для яе кармы. Нехта трымае кароў, нехта свіней, птушку. Участкі прыкладна ад 10 да 50 сотак. Сітуацыя ў нас цалкам пад кантролем. Старшыні сельсаветаў ведаюць, хто ў іх населеных пунктах трымае ўчастак і што вырошчвае. Дакладна нікога не прапусцім.

Па словах старшыні райсавета, дапамагаюць сялянам сабраць ураджай і прыватныя арганізацыі, у якіх ёсць камбайны, і сельгасарганізацыі. Апошнія, калі працуюць каля таго ці іншага населенага пункта, адкуль ёсць заяўка, і сёння могуць аказваць дапамогу.

Цана за паслугу, дарэчы, вельмі даступная. Па словах Сяргея Нямкевіча, за сотку прыватнік бярэ прыблізна каля 5 рублёў, у сельгасарганізацый цана прыкладна такая ж, але там існуюць зніжкі для пенсіянераў і сваіх работнікаў, у тым ліку ветэранаў.


Сацыяльныя сеткі ў дапамогу

— На нашай тэрыторыі — 29 населеных пунктаў, тры сельгаспрадпрыемствы і адна фермерская гаспадарка. Штогод, пачынаючы з ліпеня, да нас звяртаюцца ўладальнікі прысядзібных участкаў з просьбай пасадзейнічаць у арганізацыі ўборкі, — расказвае Уладзімір Балцянкоў, старшыня Дзешчанскага сельвыканкама Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. — Мы фіксуем заяўкі, удакладняем месцазнаходжанне культуры і аб’ёмы, затым наладжваем узаемадзеянне з найбліжэйшымі сельгаспрадпрыемствамі, якія могуць аказаць тэхнічную дапамогу. Аграном вызначае канкрэтны дзень і час, калі камбайн зможа выехаць на ўчастак. Мы своечасова апавяшчаем людзей, каб яны маглі асабіста прысутнічаць або даручыць прадстаўніцтва даверанай асобе. Такая сістэма працуе ўжо шмат гадоў.

Наша роля — быць звяном паміж насельніцтвам і гаспадаркамі. Мы пралічваем лагістыку, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку: камбайн прыехаў, апрацаваў участак, пераехаў у наступную вёску. Разлікі за паслугі праводзяцца напрамую з сельгасарганізацыямі, наш сельвыканкам працуе на бясплатнай аснове. Галоўнае — не пакінуць чалавека з праблемай сам-насам, — лічыць старшыня сельвыканкама.

Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што найбольш актыўна дапамагаюць тыя гаспадаркі, якія знаходзяцца тэрытарыяльна побач. Асобна ён адзначае некаторых прыватных землекарыстальнікаў, якія нават не бяруць плату за працу — лічаць, што дробныя сумы не вартыя ўвагі, калі можна дапамагчы людзям бясплатна.

— Што датычыцца інфармацыйнага суправаджэння: мы актыўна вядзём старонкі ў сацыяльных сетках, дзе папярэджваем грамадзян аб пачатку ўборачных работ і прапануем кантактныя тэлефоны для падачы заявак. Гэта дазваляе аператыўна рэагаваць і трымаць людзей у курсе, — адзначыў старшыня сельвыканкама.

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю