Адзіны ў краіне і адзін з нешматлікіх у свеце комплекс па вытворчасці незаменных кармавых амінакіслот, камбікармоў, прэміксаў і шэрагу іншых прадуктаў глыбокай перапрацоўкі зерня — Закрытае акцыянернае таварыства «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» (БНБК) — сёлета адзначае 10-годдзе. Будаўніцтва стратэгічнага аб’екта ў Пухавіцкім раёне праводзілася па ініцыятыве і даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На сёння гэта прадпрыемства ўнікальнае не толькі для СНД. Такіх — адзінкі ў свеце. Дзякуючы выкарыстанню сучасных навуковых распрацовак сродкамі мікрабіялагічнага сінтэзу тут вырабляецца чатыры незаменныя амінакіслоты.
Па словах намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігара Дарафейчыка, БНБК для нашай краіны, асабліва для аграпрамысловага комплексу (АПК), стала сімвалам інавацыйнага развіцця. Вытворчасць уласных амінакіслот, кармоў, прэміксаў — адзін са складнікаў тых поспехаў, якія мы сёння бачым у сельскай гаспадарцы. Выраслі надоі, павялічваецца прывага, скарачаюцца тэрміны вырошчвання ў мясной жывёлагадоўлі, стаіць задача па развіцці аквакультуры.
- Названая карпарацыя прапануе сучасныя рашэнні па вырошчванні рыб. Рэцэптура распрацоўваецца пад розныя віды. Так, ужо засвоены выпуск кармоў для карпаў. Прадпрыемства нават абзавялося ўласнай рыбнай гаспадаркай, закладзена некалькі эксперыментаў па перавядзенні карпаў на экструдзіраваныя кармы. Адна з амбіцыйных задач — вырошчваць гэты від рыб у нашых шыротах да таварнай вагі за адзін сезон (а не за тры, як было раней).
У лабараторных умовах такія вынікі ўжо былі атрыманы.
Як адзначыў Ігар Дарафейчык, біятэхналогіі дазваляюць выходзіць на новыя ўзроўні і зніжэнне сабекошту прадукцыі.
З БНБК звязаны тэхналагічны суверэнітэт краіны: запуск карпарацыі дазволіў не толькі адмовіцца ад імпарту амінакіслот, але і развіваць экспартны патэнцыял: 80 % амінакіслот прадаецца за межы рэспублікі.
— Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя з самага пачатку стваралася як амбіцыйны і стратэгічна важны праект для Беларусі, — расказвае генеральны дырэктар ЗАТ «БНБК» Сяргей Ложачнік. — Галоўны вынік за 10 гадоў — гэта не толькі пабудаваныя заводы і пускавыя лініі. Мы навучыліся працаваць у складаным тэхналагічным кірунку, сфарміравалі каманду спецыялістаў, якія здольныя кіраваць такой складанай вытворчасцю, вырашаць тэхналагічныя задачы, адаптавацца да новых умоў, павышаць эфектыўнасць працэсаў і рухацца наперад. Гэта — штодзённая работа інжынераў, тэхнолагаў, аператараў, энергетыкаў, механікаў, лабараторных спецыялістаў, супрацоўнікаў, якія адказваюць за якасць, забеспячэнне, лагістыку.
На тэрыторыі прадпрыемства знаходзіцца 18 розных заводаў, і гэта не разрозненыя вытворчыя ўчасткі, а адзіная тэхналагічная сістэма, дзе кожны этап звязаны з наступным, а зерне праходзіць шлях ад сыравіны да прадукту з высокай дабаўленай вартасцю. Для Беларусі гэта мае прынцыповае значэнне. Мы не проста выкарыстоўваем уласную сыравінную базу, але і ствараем унутры краіны прадукт больш высокага тэхналагічнага ўзроўню, павышаем эфектыўнасць аграпрамысловага комплексу, развіваем імпартазамяшчэнне і фарміруем новыя экспартныя магчымасці. За кожным прадуктам стаіць складаная тэхналогія, вытворчасць патрабуе высокай дакладнасці, дысцыпліны, кантролю якасці, лабараторнага суправаджэння. Прадпрыемства ганарыцца і тым, што з’яўляецца экалагічна чыстым — тут створаны ўнікальны ў краіне супертэхналагічны і высокаэфектыўны ўчастак па ачышчэнні вады і паветра.
Сяргей Ложачнік асаблівую ўвагу ўдзяліў ролі беларуска-кітайскіх адносін:
— Кітайскія партнёры ўнеслі значны ўклад у рэалізацыю праекта, падзяліліся тэхналагічнымі ведамі, інжынерным вопытам, падыходамі да арганізацыі і рашэннямі, якія дазволілі стварыць у Беларусі аб’ект такога ўзроўню.
Але сёння БНБК можа пахваліцца не толькі тым, што здольная засвойваць складаныя біятэхналагічныя кірункі, ствараць і развіваць вытворчасці высокай тэхналагічнай культуры, але і назапашваць уласныя кампетэнцыі.
Як расказаў дырэктар прадпрыемства, пры вытворчасці амінакіслот з’яўляецца вялікая колькасць спадарожнай прадукцыі, раней невядомай у нашых гаспадарках, якая выкарыстоўваецца ў камбікормавай галіне. Зроблена вялікая работа, каб аграрыям расказаць і паказаць эфектыўнасць гэтых прадуктаў. Прадпрыемства шчыльна супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Важны ўнёсак і тых гаспадарак, якія прадстаўляюць пляцоўкі для выпрабоўвання навінак
На сёння біятэхналагічная вытворчасць прадпрыемства загружана на 100 %. Перад БНБК стаяць новыя задачы: павышэння эфектыўнасці дзеючых вытворчасцяў і якасці кармоў, пашырэння вытворчай лінейкі, развіцця аквакультуры, умацавання пазіцый на знешніх рынках, далейшага ўдасканалення тэхналогій глыбокай перапрацоўкі зерня і стварэння прадуктаў з яшчэ большай дабаўленай вартасцю.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА