Гэтымі днямі ў краіне праходзіць рэспубліканская экалагічная акцыя «Беларусь сінявокая». Яна накіравана на навядзенне парадку і добраўпарадкаванне тэрыторый, прылеглых да сацыяльна значных водных аб’ектаў, а таксама на тое, каб нагадаць грамадству: прыроду трэба берагчы. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на вадасховішчы Дразды, дзе адбылося адно з мерапрыемстваў акцыі. Разам з супрацоўнікамі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, валанцёрамі, РГА «Белая Русь», БРСМ і Беларускі саюз жанчын (БСЖ) прыводзілі ў парадак бераг, даставалі смецце з вады і слухалі птушак. Да 28 красавіка далучыцца можа кожны — акцыя праходзіць ва ўсіх раёнах сталіцы.
Што такое «Беларусь сінявокая»?
У Мінску акцыя праходзіць ва ўсіх раёнах пры садзейнічанні мясцовых выканаўчых органаў. Адну з ключавых пляцовак арганізаваў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя — на тэрыторыі, прылеглай да вадасховішча Дразды, у раёне экалагічнай сцежкі «Водныя прасторы».
Усяго ў прыборцы берагавой лініі ў Драздах прыняло ўдзел каля 50 чалавек. І кожны прыйшоў з адной мэтай: зрабіць чысцей.

«Падчас штогадовай акцыі прыбіраюць знакавыя водныя аб’екты не толькі ў Мінску, але і па ўсёй Беларусі, — тлумачыць намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Булак. — Таму ўвага менавіта да водных аб’ектаў: вадасховішчаў, азёр, рэк. Гэта блакітныя вочы нашай зямлі».
Працуюць з душой
Папрацаваць разам з аднадумцамі прыйшла і намеснік старшыні Цэнтральнай раённай арганізацыі горада Мінска РГА «Белая Русь» Алена Дробыш.

«Мы сабраліся вялікім калектывам нашых актывістаў з пярвічных арганізацый».
Калектыў і сапраўды вялікі і разнастайны: супрацоўнікі дзіцячых садкоў, школ, гімназій, Інстытута метралогіі, пансіяната «Ачаг», Банка развіцця.
«Мы наводзім парадак уздоўж прылеглай лініі вадасховішча і на экасцежцы „Водныя прасторы“, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Мы гэта робім, каб паказаць: прырода для нас неабыякавая. І кожны можа стаць часцінкай гэтай вялікай справы».
Што дастаюць з вады?
Супрацоўніца «Мінск-Арэны» і актывістка «Беларускага саюза жанчын» Юлія Часнойць паказвае, што з калегамі выцягваюць з вады:

«З вадаёма мы даставалі бытавое смецце: пластык, шкляныя бутэлькі, пакеты. Іх вельмі шмат».
На пытанне, колькі па плане трэба ахапіць тэрыторыі, Юлія адказвае цвёрда:
«Пакуль не выдалім усё смецце. Пакуль не будзе чыста. Наш час не абмежаваны — мы глядзім па меры забруджвання».
Юлія не хавае расчаравання, яна раіць гараджанам падтрымліваць чысціню вакол сябе.
«Нягледзячы на тое, што мы весела і добра праводзім час падчас акцыі, гэта нас збліжае, і мерапрыемства даволі прыемнае, але калі б людзі менш смецілі, мы б маглі накіраваць нашы намаганні ў іншае рэчышча».
Па словах спецыялістаў, перад акцыяй «Беларусь сінявокая» прайшоў месячнік па навядзенні парадку на зямлі. І ён прайшоў паспяхова.

«Як толькі сышоў снег, усе службы — „Мінскаўтадар“, ЖКГ, ЖЭА, „Мінскзелянбуд“ — узяліся за справу, — расказвае Аляксандр Булак. — Мы, камітэт прыродных рэсурсаў, разам з санітарнай службай былі каардынатарамі. Правялі шмат рэйдаў, выпісалі шмат прадпісанняў, але ўсе службы справіліся аператыўна. Па горадзе стала прыемна ездзіць». Акцыя «Беларусь сінявокая» — завяршальны этап вясновай прыборкі, але ўжо з акцэнтам на прыбярэжныя палосы знакавых водных аб’ектаў.
Пляжы рыхтуюць да лета
Акцыя скончыцца 28 красавіка, але на гэтым работа не спыніцца.
«У бліжэйшы час будуць актыўна праводзіцца работы па добраўпарадкаванні пляжнай тэрыторыі Мінска, — кажа Аляксандр Булак. — Хутка адкрываецца купальны сезон. Таму бліжэйшае навядзенне парадку будзе ў месцах масавага адпачынку людзей летам».
Як далучыцца?
Каб даведацца, дзе менавіта ў вашым раёне сёння адбываецца прыборка, трэба патэлефанаваць у Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там падкажуць графік і месцы. Інвентар выдаюць на месцы.
«Калі чалавек не належыць ні да якой арганізацыі, ён усё роўна можа прыйсці, — запрашае Аляксандр Булак. — Мы будзем рады кожнаму».

Што памятаць тым, хто адпачывае?
На ўсіх мінскіх вадаёмах ёсць кантэйнерныя пляцоўкі і сметніцы. Іх дастаткова. Не трэба кідаць бутэльку ў кусты або пакідаць пакет каля вады.
Пластык і шкло раскладаюцца дзесяцігоддзямі. Тая бутэлька, якую вы кінулі сёння, будзе ляжаць, калі вашы дзеці пойдуць у школу.
Валанцёры робяць гэта замест вас. Яны маглі б быць з сем’ямі, але яны тут — з граблямі і мяшкамі. Паважайце іх працу.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ