Top.Mail.Ru

Як на Іўеўшчыне рэалізуюцца важныя заканадаўчыя рашэнні

Узмацненне эканамічнага патэнцыялу і паляпшэнне дабрабыту людзей

Іўеўскі раён, які лагістычна выгадна размяшчаецца паміж сталіцай і абласным цэнтрам, не мае буйных прамысловых прадпрыемстваў і багатых сельскагаспадарчых рэсурсаў. Аднак людзі, якія жывуць і працуюць на гэтай шматканфесіянальнай зямлі, заўсёды славіліся сваёй працавітасцю. Многія іх ініцыятывы дазваляюць Іўеўшчыне станавіцца яшчэ больш самастойнай і прыгожай, таму падтрымліваюцца кіраўніцтвам. Як удаецца эфектыўна наладжваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства, наколькі палепшылася работа мясцовай вертыкалі дзякуючы апошнім заканадаўчым рашэнням, расказаў старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар ГЕНЕЦ.

— Ігар Мікалаевіч, развіццю сельскай гаспадаркі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, пакуль адны ваююць, для Беларусі галоўнае — накарміць людзей...

— Летась мы сабралі больш як 70 тысяч тон збожжа — тры тоны ў разліку на кожнага жыхара раёна. Прасунуліся ў жывёлагадоўлі: рэканструюем малочнатаварныя комплексы, павялічваем пагалоўе, знаходзімся ў плюсе па вытворчасці малака, скарачаем невытворчае выбыццё жывёлы. У любых умовах неабходна працаваць. Хочаш атрымаць вынік — ён абавязкова будзе. Трэба паслядоўна рухацца наперад.

— Як вырашаеце праблему замацаванасці кадраў?

— Адна з прычын, чаму кадры не замацоўваюцца ў Іўеўскім раёне, — гэта блізкасць Ліды, якая з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, і даступнасць сталіцы (прыкладна гадзіна язды). Нашы жыхары жывуць тут, а працуюць там. Тым не менш спрабуем знаходзіць выйсце з сітуацыі. У мінулым годзе здалі жылы дом на 20 арэндных кватэр. Сёлета ў былым будынку стацыянара, што размяшчаўся ў жылым доме, праводзім рамонт: маладыя спецыялісты, якія прыедуць працаваць на Іўеўшчыну, неўзабаве атрымаюць там 13 кватэр. Рыхтуем праектную дакументацыю на будаўніцтва яшчэ аднаго дома на 40 кватэр. Большасць з іх таксама будуць арэнднымі. Перакананы, што на сітуацыю з замацаванасцю кадраў на месцах станоўча паўплывае Указ Прэзідэнта № 235, які накіраваны на пашырэнне сацыяльна-прававых гарантый у галіне жыллёвых адносін грамадзян з прадастаўленнем ім права набыцця ва ўласнасць арэнднага жылля.

— Як памянялася ваша работа з уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў»?

— З аднаго боку, працаваць стала лягчэй. З іншага — павысілася адказнасць. Узяць хаця б распараджэнне рэзервовым фондам. Раней рашэнне аб накіраванні грашовых сродкаў фонду прымалася на сесіі, на што, безумоўна, затрачвалася нямала часу. Цяпер рашэнне наконт таго, куды накіраваць гэтыя сродкі, прымаецца распараджэннем старшыні райвыканкама, што робіцца літаральна на працягу гадзіны. Заўсёды адказна ставіліся да напаўнення бюджэту, 

цяпер — асабліва: грошы, якія назапасіліся звыш нормы, застаюцца ў нас, і правільна распарадзіцца імі — вялікая адказнасць. Важна, што гэта робіцца аператыўна. Напрыклад, такім чынам тэрмінова вылучылі сродкі на правядзенне працэдуры закупкі для набыцця двух апаратаў у бальніцу.

— Што ўжо зрабілі і плануеце ажыццявіць падчас Года добраўпарадкавання?

— Нядаўна закупілі ўніверсальную машыну па прыборцы тэрыторыі, якая замяняе работу дворніка. Наводзім парадак у горадзе: добраўпарадкавалі набярэжную, дзе праводзяцца ключавыя мерапрыемствы, тэрыторыю ў раёне вуліцы Піянерскай. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўвекавечылі месца, дзе ў гады акупацыі і пасля вызвалення ўтрымліваліся сіроты. Указ аб аб’яўленні Года добраўпарадкавання вызначыў вельмі важны кірунак дзейнасці ўсіх органаў улады і грамадзян. Правільна сказаў Прэзідэнт: не толькі ўлада павінна наводзіць парадак на зямлі, сумеснымі намаганнямі мы зробім нашу краіну прыгажэйшай.

— Праекты, рэалізаваныя ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект», напэўна, ёсць і на Іўеўшчыне...

— У нас такі не адзін. У 2023 годзе запусцілі прадпрыемства па перапрацоўцы палімераў у крошку, з якой вырабляецца плёнка (выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах). Летась адкрылася вытворчасць галаўных убораў на фабрыцы «Людміла», дзе занята 30 супрацоўнікаў. Сума інвестыцый — 75 тысяч рублёў. Эфект — відавочны: унёсак у бюджэт, задзейнічаны плошчы, якія пуставалі, і, самае галоўнае, людзі забяспечаны працоўнымі месцамі і, адпаведна, заробкамі. Праграма «Адзін раён — адзін праект» — выдатная ініцыятыва, накіраваная на паляпшэнне эканамічных паказчыкаў, павышэнне ўзроўню жыцця людзей.

Фота дадзена Іўеўскім райвыканкамам.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю