Днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент, які прынцыпова мяняе структуру ўзаемаадносін паміж наймальнікамі і замежнымі работнікамі. Указ «Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі» ўзмацняе адказнасць наймальнікаў за замежных работнікаў. Вывучэнне ўмоў пражывання, тэставанне на веданне адной з дзяржаўных моў, своечасовае заключэнне працоўнага дагавора, кантроль за дзейнасцю і ўмовамі знаходжання мігрантаў — гэта толькі частка абавязкаў, якія ўскладзены на наймальнікаў, якія запрашаюць замежнікаў на работу. Актуальнасць новага дакумента звязана з тым, што апошнім часам істотна павялічылася колькасць замежнікаў, якія прыбываюць у Беларусь з мэтай працаўладкавацца. Указ грунтуецца на станоўчым вопыце буйных наймальнікаў.
А гэта значыць, што распрацоўшчыкі дакумента доўга збіралі і вывучалі інфармацыю пра тое, як наладзіць узаемаадносіны так, каб гэта было выгадна для абодвух бакоў.
Мы паглядзелі, як будуецца ўзаемадзеянне і якія ўмовы ствараюцца для працоўных мігрантаў на ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат».
Магчымасць зарабіць
Як расказаў журналістам намеснік дырэктара па прамысловай вытворчасці Мікалай Янкоў, на працягу чатырох месяцаў на «Магілёўскім ДБК» працуюць больш за 30 грамадзян Туркменістана. Яны былі працаўладкаваны ў якасці падсобных рабочых з магчымасцю наступнага навучання.
На сёння ў фармовачным цэху № 1 працуе 19 грамадзян Туркменістана, з іх трое ўжо атрымалі кваліфікацыю па прафесіі «Фармоўшчык жалезабетонных канструкцый» другога разраду. Акрамя гэтага, працуюць грамадзяне іншай дзяржавы і на будаўнічых аб’ектах.
«Усе былі забяспечаны жыллём: ёсць ведамасныя кватэры, прадастаўлены інтэрнат. Вядуцца работы па ажыццяўленні кантролю за іх сацыялізацыяй, за ўмовамі іх пражывання. За імі замацаваны інжынерна-тэхнічныя работнікі ў цэхах, дзе яны працуюць, раз на тыдзень праводзіцца аб’езд іх месцаў жыхарства на прадмет сацыяльна-бытавых умоў, на выпадак, калі ім патрэбна якая-небудзь дапамога. Стараемся разам пераадольваць бар’еры і цяжкасці, якія ўзнікаюць», — растлумачыў ён.
Калектыў новых работнікаў прыняў добразычліва. Як адзначыў Мікалай Янкоў, уваход дзвюх дзяржаў у склад СССР спрыяў таму, што многія прыезджыя ведаюць рускую мову. «А тыя, хто не ведае мову, таксама сацыялізуюцца досыць хутка. З ліку тых, хто да нас прыехаў, базавыя веды рускай мовы могуць прымяняць ужо ўсе», — сказаў ён.
Такая працоўная міграцыя вырашае адразу некалькі важных пытанняў. Для прадпрыемства — гэта кадры, якія заўсёды патрэбныя будаўнічай галіне. А для прыезджых — выдатная магчымасць, у першую чаргу, зарабіць. А таму ёсць у іх і жаданне асвоіць новую спецыяльнасць.
Для гэтага на «Магілёўскім ДБК» створаны ўсе ўмовы — асновы прафесіі ад вопытных калег атрымліваюць непасрэдна на працоўным месцы, а тэорыю, напрыклад, па ахове працы або прамысловай бяспецы, вывучаюць у спецыяльным навучальным цэнтры на базе прадпрыемства.
«У першую чаргу людзі едуць таму, што мы можам даць гарантыі працаўладкавання, сацыяльнага пражывання: добрыя ўмовы для жыцця, забеспячэнне ўсім неабходным — ад пасцельнай бялізны да пральнай машынкі. Гэта значыць, мы цалкам ствараем ім сацыяльна-бытавыя ўмовы і, самае галоўнае, даём магчымасць зарабіць».
Дапамога ў сацыялізацыі
Такая ўвага да прыезджых грамадзян іншай дзяржавы, кажа намеснік дырэктара па быце, ідэалагічнай рабоце Валянціна Рубан, дапамагае ім адаптавацца да жыцця ў новых для іх умовах, а яшчэ — гэта гарантыя бяспекі і выканання законаў нашай краіны. «Мы не толькі глядзім умовы жыцця, але і дапамагаем вырашаць нейкія, на першы погляд, бытавыя пытанні: дзе і што можна купіць, у якой краме зручней і танней, дзе знаходзіцца прыпынак грамадскага транспарту, як дабрацца да патрэбнага месца», — расказала яна.
За мінулыя чатыры месяцы толькі два работнікі вярнуліся на радзіму па сямейных абставінах.
«Цяпер грамадзяне Туркменістана знаходзяцца ў нас па спецдазволе. Таксама мы чакаем без спецдазволу грамадзян Туркменістана, якія прыедуць да нас працаваць па сваёй прафесіі: маляры, тынкоўшчыкі, электрагазазваршчыкі, — кажа суразмоўніца. — У нас на сёння ўжо больш за 30 чалавек працуюць, яшчэ на 20 работнікаў мы падалі дакументы для атрымання спецдазволу для працаўладкавання. І дадаткова яшчэ 15 чалавек — праз пасольства чакаем па наяўных у гэтых людзей прафесіях».
Як працуеш, так і зарабляеш
Сярод тых, хто прыехаў з Туркменістана для работы на «Магілёўскім ДБК», — Нурмамет Назараў. На радзіме засталіся жонка і дзве дачкі. Рашэнне аб працаўладкаванні тут мужчына прыняў па некалькіх прычынах. «Беларусь — краіна мірная, добраўпарадкаваная, людзі тут чалавечныя. Нам тут добра, — дзеліцца ён. — А яшчэ — выдатныя ўмовы працы і пражывання, адносіны людзей да нас. Беларусы ветлівыя — ад граніцы да любога горада. Тут у калектыве працаваць камфортна, усе адно аднаго разумеюць, дапамагаюць асвоіцца: і ў працоўных момантах, і ў нейкіх жыццёвых пытаннях».
Пра магчымасць атрымаць працу ў Магілёве Нурмамет Назараў даведаўся ў агенцтве па працаўладкаванні. «У нас ёсць такое агенцтва, вось мне там і прапанавалі паехаць сюды працаваць. Распавялі пра ўмовы, аб’ём работы, заробак. Я пагадзіўся. Як кажуць, нам толькі работу дай, — усміхаецца мужчына. — Заработная плата тут добрая — як працуеш, так і атрымліваеш. Жыллё далі, за што вялікі дзякуй кіраўніцтву».
Цяпер мужчына працуе падсобным рабочым, але падаў заяву на атрыманне прафесіі фармоўшчыка жалезабетонных канструкцый. «У нас дваіх ужо перавялі на фармоўшчыкаў. Таксама чакаю свой сертыфікат. Бо гэта іншыя аб’ёмы работы, а значыць, і заробак стане вышэйшым», — кажа ён.
Атрыманая ў сценах магілёўскага прадпрыемства прафесія — універсальная, адзначыў Нурмамет Назараў. У выпадку вяртання на радзіму тыя, у каго да гэтага не было спецыяльнасці, змогуць знайсці ўжо больш аплатную работу па атрыманым у Беларусі профілі.
Па матэрыялах БелТА